95 гадоў — ужо само па сабе пэўнае дасягненне. Словы гэтыя камусьці могуць падацца простымі і пуставатымі. Але варта падысці да першага-лепшага мінака з адкрыццём, што ёсць у Беларусі акадэмік, навукова актыўны і дзейны, усімі паважаны, на цэлы свет аўтарытэтны, а сёння яму споўнілася 95 гадоў — і рэакцыя будзе прадказальная, піша «Будзьма».

У платформах тэктанічных ён адзін разбіраецца нашмат лепей, чым усе ютуб-аналітыкі разам узятыя ў платформах палітычных

Прадметы навуковых зацікаўленасцяў акадэміка Радзіма Гарэцкага даволі спецыфічныя, каб падаваць тут іх пералік, і палягаюць далёка не ў гуманітарнай галіне, як у большасці выбітных асобаў, пра якіх мы пішам.

Не абазнаны ў найноўшых дасягненнях геалагічнай навукі паспаліты чытач ні каліва з таго спісу не зразумее, затое з лёгкасцю запомніць, што навуковых прац, манаграфій, тэктанічных мапаў, вынаходніцтваў і да таго падобнага Радзім Гаўрылавіч стварыў агулам больш за паўтысячы, і карысці яны прынеслі нямала.

Генадзь Бураўкін, Леанід Дранько-Майсюк і Радзім Гарэцкі. Фота: zbsb.org

Генадзь Бураўкін, Леанід Дранько-Майсюк і Радзім Гарэцкі. Фота: zbsb.org

З іх дапамогай стала вядома, напрыклад, пра газаносныя раёны Прыаралля, пра Базайскае радовішча нафты ў Казахстане. Пры непасрэдным удзеле Радзіма Гарэцкага чалавецтва атрымала тэктанічныя мапы Еўропы і Еўразіі, а Беларусь — нацыянальную школу тэктонікаў як вынік шматгадовай працы Інстытута геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і дзейнасці кафедры геалогіі на геафаку БДУ, якія ён узначальваў.

Скуль такія глыбокія веды пра далёкія краі? Так атрымалася.

Пацярпеў ад «тых самых» рэпрэсій 30-х гадоў

Хоць з нейкай прычыны абвінаваціць паўтарагадовага хлопчыка ва ўдзеле ў «Саюзе вызвалення Беларусі» (тагачасны народны артыкул для інтэлігенцыі) або зрабіць фігурантам справы «Працоўнай сялянскай партыі» ГПУ ў 1930 годзе не даўмелася, цяжар гэты не абмінуў ягонага бацьку, акадэміка Гаўрылу Гарэцкага.

Яму двойчы выносілі расстрэльны прысуд і двойчы замянялі яго лагерамі, дзе, на шчасце, прыдаваўся яго інжынерна-геалагічны талент, што дазваляла працаваць па спецыяльнасці. Але Радзіму, яго малодшаму сыну, жыць давялося ў высылцы.

Апісаць у адным абзацы ўвесь пакручасты жыццёвы шлях сям’і Гарэцкіх у наступныя пасля арышту 40 гадоў папросту немагчыма.

Нават сам Радзім Гаўрылавіч прысвяціў рэканструкцыі жыццёвага шляху свайго бацькі (а заадно і яго брата, класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага) не адну таўсценную дакументальна-эпісталярную кнігу: гэта і «Браты Гарэцкія»; і створаная на падставе архіваў КДБ, куды ў ліхія 90-я людзей пачалі былі пускаць, «Ахвярую сваім «Я»», і «Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі і Украіна»…

Гаўрыла Гарэцкі з братам Парфірам і сынам Радзімам. Магілёў. 3 траўня 1974 года. Фота: www.movananova.by

Гаўрыла Гарэцкі з братам Парфірам і сынам Радзімам. Магілёў. 3 траўня 1974 года. Фота: www.movananova.by

Найбольш кранальны том з гэтай серыі — «Лісты жыцця і кахання». Сёння, калі ў Беларусі эпісталярны жанр з сумных нагодаў перажывае рэнесанс, «Лісты…» могуць прынесці сваім чытачам нямала карысці. Кніга ўтрымлівае ліставанне бацькоў спадара Радзіма — Гаўрылы Іванавіча і Ларысы Восіпаўны — і ў пэўнай ступені з’яўляецца калі не рэцэптам, то дакументацыяй досведу захавання добрых адносін у сям’і, якая большую частку свайго жыцця вымушана пражыць у разлуцы.

Прайшоў шлях ад сына «ворага народа» да доктара навук і атрымальніка Дзяржпрэміі

Пра гэта ў Радзіма Гарэцкага таксама ёсць кніга, да якой мы чытачоў і адсылаем — называецца «Акадэмік Яншын — дарагі мой настаўнік і сябар».

Для нас жа найдаражэй тое, што «апантаны Бацькаўшчынай» Радзім Гарэцкі вярнуўся ў Беларусь у 1971 годзе (ягоныя бацькі — на пару гадоў раней), за плячыма маючы досвед жыцця ў месцах з нянаскімі назвамі, накшталт «Тулома» ці «Мядзвежагорск», атрыманую ў Маскоўскім нафтавым інстытуце вышэйшую адукацыю, досвед навуковай працы ў Геалагічным інстытуце Акадэміі навук СССР і доктарскае званне. Узначаліў аддзел, а пазней і Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР, а ў незалежнай Беларусі пабыў нават віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук.

Рабіў прэзідэнтам Бацькаўшчыны яшчэ да таго, як гэта зрабілася канстытуцыйным мэйнстрымам

Узначальваў Радзім Гаўрылавіч, што праўда, усяго толькі аднайменную арганізацыю, затое буйную, міжнародную і цягам васьмі гадоў — «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»» (ліквідавана рашэннем суда ў 2021 г.). І хоць прэзідэнтам ён быў не першым (першым прэзідэнтам быў, як усім вядома, Васіль Быкаў), абралі на пасаду Радзіма Гарэцкага падчас эпахальнай падзеі — Першага з’езду беларусаў свету.

Тое быў прарыўны акт яднання грамадскасці, дыяспары і дзяржавы ў справе аб’яднання падзеленых савецкай самаізаляцыйнай палітыкай беларусаў замежжа з беларусамі тутэйшымі, таму можна смела казаць, што на карысць Радзіма Гарэцкага быў дэмакратычны выбар беларусаў усяго свету.

Грамадская дзейнасць Радзіма Гаўрылавіча гэтым не абмяжоўвалася. Ён быў сябрам рады і Таварыства беларускай мовы (ліквідавана рашэннем суда ў 2021 г.), і Таварыства беларускай інтэлігенцыі, і Беларускага фонду культуры, прадказальна старшыняваў у Фондзе братоў Гарэцкіх, а ў Фондзе імя братоў Луцкевічаў таксама прэзідэнстваваў.

Клас
32
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
6