Многія акаўнты карыстальнікаў у чаце маюць імёны і прозвішчы, якія супадаюць з імёнамі дзярслужбоўцаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў

Многія акаўнты карыстальнікаў у чаце маюць імёны і прозвішчы, якія супадаюць з імёнамі дзярслужбоўцаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў

16 жніўня ў Гомелі, як і ў іншых гарадах Беларусі, прайшлі масавыя мітынгі супраць фальсіфікацыі выбараў. У той дзень пратэстоўцаў сілавікі не затрымлівалі і не збівалі. На вуліцах панавала адчуванне перамогі беларускай рэвалюцыі. Але ўлады не планавалі адступаць. Ужо 18 жніўня чыноўнікі пачалі арганізоўваць мітынг у падтрымку Лукашэнкі. Для гэтага ў тэлеграме быў створаны закрыты чат «ЧАТ За Стабильную, Процветающую Беларусь».

Чат мае статус прыватнай суполкі

Чат мае статус прыватнай суполкі

У чат можна было патрапіць праз запрашальную спасылку, таксама яго карыстальнікі мелі магчымасць дадаваць людзей са сваіх кантактаў. Калі верыць допісу аднаго з карыстальнікаў чату, увечары 18 жніўня 2020 года ў чаце было 2000 акаўнтаў.

Аналізуючы чат, адразу звяртае на сябе ўвагу вялікая колькасць знаёмых імёнаў чыноўнікаў сярод яго ўдзельнікаў. Тут і вядомыя чыноўнікі з Акцябрскага Валянціна Шлапакова і Андрэй Бараноўскі, і гомельскія чыноўнікі розных рангаў і адміністрацый, праўладныя журналісты Станіслаў Галкоўскі і Аляксандр Дабрыян, адыёзная дэпутатка Ірына Даўгала.

Алег Міхайлавіч Пачынак — гендырэктар ЗАТ «УК «Эволюция»» («Транснафта», РФ), раней займаў пост гендырэктара ААА «Гомельтранснафта «Дружба», намесніка старшыні аблвыканкама, кіраўніка Чыгуначнага і Навабеліцкага раёнаў Гомеля

Алег Міхайлавіч Пачынак — гендырэктар ЗАТ «УК «Эволюция»» («Транснафта», РФ), раней займаў пост гендырэктара ААА «Гомельтранснафта «Дружба», намесніка старшыні аблвыканкама, кіраўніка Чыгуначнага і Навабеліцкага раёнаў Гомеля

Ірына Даўгала — экс-галоўны ідэолаг Гомельскай вобласці, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў

На сённяшні дзень у чаце зафіксавана вельмі шмат акаўнтаў з сапраўднымі імёнамі і аватаркамі. Сёння большасці з іх няма сярод падпісчыкаў, але гэтыя акаўнты пакінулі след у агульнай стужцы чату ў першыя тыдні яго існавання.

«Флагшток» паспрабаваў выбарачна ідэнтыфікаваць каля дзесяці чалавек з імёнамі і прозвішчамі. Але доўга шукаць пра іх інфармацыю не прыйшлося — пошук у інтэрнэце амаль адразу ж выдае пасады гэтых людзей у Гомелі і Гомельскай вобласці. Імі аказаліся малавядомыя дзяржслужбоўцы самых розных рангаў, кіраўнікі прадпрыемстваў, міліцыянты, начальнікі медустаноў і г.д.

Прыклад пошуку людзей, акаўнты якіх утрымліваюць імя і прозвішча

Прыклад пошуку людзей, акаўнты якіх утрымліваюць імя і прозвішча

Безумоўна, сярод удзельнікаў чату былі і звычайныя гомельцы, якія падтрымлівалі Лукашэнку. Але на сённяшні дзень большасць акаўнтаў выдалена, таму дакладна сказаць, хто ўсе гэтыя людзі, немагчыма.

Варта адзначыць, што адміністратары сачылі за «чысцінёй» удзельнікаў чату. Ненадзейных ці выпадковых людзей выдалялі — інфармацыя аб паляванні на такіх карыстальнікаў прысутнічае ў чаце. Каментары супраць уладаў таксама знішчаліся. Але некаторыя цікавыя выказванні лукашэнкаўцаў захаваліся да сёння.

Што турбавала дзяржслужбоўцаў і прыхільнікаў рэжыму

З першых хвілін дзейнасці чату некаторыя ўдзельнікі пачалі пісаць, што не падтрымліваюць Лукашэнку, але і не хочуць, каб прэзідэнтам была Святлана Ціханоўская. Таму прапаноўваліся розныя варыянты развязання канфлікту: ад дыялогу да абмежавання паўнамоцтваў прэзідэнта ў будучыні.

«Людзі, навучыцеся весці дыялогі! Я таксама супраць Лукашэнкі, галасавала за яго. Таму што не хацела Майдану. Але я супраць гэтай пешкі Ціхановіч».

«АГЛ палітычны труп! Так што я за змену канстытуцыі, кастрацыю паўнамоцтваў прэзідэнта, і за Румаса, Макея, Раўкова!», — піша адзін з удзельнікаў чату.

Карыстальнікі чату ўступалі ў спрэчкі з тымі, хто крытыкуе рэжым. Але амаль усе каментарыі крытыкаў сёння выдаленыя

Карыстальнікі чату ўступалі ў спрэчкі з тымі, хто крытыкуе рэжым. Але амаль усе каментарыі крытыкаў сёння выдаленыя

«А дзе ўсе вашыя дэпутаты? Яны чаму маўчаць і не ідуць размаўляць з Народам і падтрымаць сваю краіну? Сцыкуны ці што? Вы іх для гэтага абралі?», — адзін з першых крытычных каментарыяў у чаце, які захаваўся да сёння. 

З цікавых момантаў: удзельнікі чату былі здзіўленыя салідарнасцю пратэстоўцаў і іх колькасцю, некаторыя лукашэнкаўцы адзначалі, што не знайшлі паразумення па палітычных пытаннях на працы ці сярод знаёмых. Таксама некалькі ўдзельнікаў чату пераконвалі не баяцца і не саромецца выкарыстання дзяржаўнага сцяга на праўладным мітынгу.

«Цяпер я скіну скрыны збору сродкаў для тых, хто быў звольнены… Ацаніце маштаб… Пасля я зраблю прапановы, вы зробіце свае і магчыма мы станем мацнейшымі за апазіцыю! Можа і не ў колькасці, але затое на справе!» — спроба натхніць удзельнікаў чату, нягледзячы на разуменне, што пратэстоўцаў болей.

Карыстальнікі не вераць, што беларусы сабралі за тыдзень больш за 700 тысяч еўра для падтрымкі звольненых за пратэсты людзей.

«Ты ругаешь страну,
хотя ещё так молод…
А в руках айфон и кофе,
а не серп и молот!»

Вось так — з адсылкай да савецкай сімволікі, карыстальнік тлумачыць, чаму маладыя людзі не падтрымліваюць рэжым.

«Я на працы, навокал «майдаўны», з друкам не дапамагу», — піша ананімны акаўнт пра палітычныя погляды сваіх калег.

«Прапаноўвала ўсім чырвона-зялёныя стужачкі, рабяты, многія баяцца ўжо», — прыклад паведамлення, у якім указваецца на непапулярнасць дзяржаўнай сімволікі.

Удзельнікі чату выказвалі падтрымку сілавікам і не хавалі, што з'яўляюцца прыхільнікамі выкарыстання гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў. Але некалькі ўдзельнікаў чату прызналі, што сілавікі былі занадта жорсткімі і не падтрымалі іх метады.

«Усе мы сапраўды жадаем адно аднаму лепшага. Але сілком не ашчаслівіць. А апраўдання ніводнаму акту жорсткасці быць не можа. Аб'юзіўныя адносіны — зло ў любым выпадку, няхай гэта будзе муж, жонка, маці, дзеці, АМАП. або лідар».

Перад пачаткам мітынгу ўдзельнікі чату выглядалі разгубленымі. Яны сур'ёзна разважалі, якія дзеянні яны павіныя здзейсніць, каб спыніць пратэст. Сярод прапаноў прагучалі і нечаканыя. Алена Бахмат выступіла з прапановай — патрабаваць прызнаць Лукашэнку дзейным прэзідэнтам, не агітаваць людзей да забастовак. Зразумела, што такія патрабаванні можна было высунуць толькі да апанентаў рэжыму і прыхільнікаў Святланы Ціханоўскай, прызнаючы іх такім чынам пераможцамі.

Адзначым яшчэ некалькі супярэчлівых допісаў з дзіўнымі лозунгамі. 

«Нашы людзі аслеплі… Седзячы ў дзіравых трусах і гледзячы НЕХТУ, мы нічога не даб'емся! Людзі, мяняйцеся самі! За цябе, тваёй сям'і нічога добрага ніхто не дасць! Яны (нашыя бацькі і дзяды) пабудавалі незалежную дзяржаву! Дзякуй! А мы гэта гатовы прасраць? Я — не!

PS: Успомніце 1917! Рэвалюцыя ні да чаго добрага не прывяла!

За бацьку!!! Бацька жывы, пакуль жывы яго сын!», — блытана выказаўся акаўнт з імем і фотаздымкам начальніка аддзела міліцыі па наркакантролі Савецкага РАУСа Гомеля маёр Аляксей Слесарэнка.

«Нам не трэба грошай, нам патрэбная мірная краіна без ЕС», — напісаў дзіўны лозунг невядомы карыстальнік чату.

Падрыхтоўка да мітынгу

Адміністратары чату падагравалі абстаноўку сярод яго ўдзельнікаў праз паведамленні аб магчымых правакацыях супраць прыхільнікаў Лукашэнкі, якія быццам бы рыхтуюць пратэстоўцы:

«Ужо супраць нашых мітынгаў рыхтуюцца правакацыі! Змагары актыўна сцягваюцца на плошчу. Мэта — выказаць нам у твар усё, што яны пра нас думаюць і адабраць нашыя сцягі», — піша стваральнік чату з нікам True Success.

Акаўнт з нікам «Татьяна Каребо» паведаміў ўдзельнікам чату, што мітынг узгоднены, улады падцягнуць на яго лаяльную групу падтрымкі з прадпрыемстваў. 

«Сілавікі прыкладуць намаганні для пазбягання правакацый. Кіруючыя ўлады сказалі, што падцягнуць прадпрыемствы, лаяльна настроеныя да дзейных уладаў. Так што бярэм шарыкі, сцягі, плакаты і за Беларусь».

Стваральнік чату папярэджвае, што на мерапрыемствы могуць быць журналісты-правакатары. Сярод такіх названыя карэспандэнты гомельскіх незалежных СМІ. 

Арганізатары мітынгу скінулі для ўдзельнікаў чату метадычку аб тым, як варта сябе паводзіць на праўладным мерапрыемстве. У ёй прапаноўвалася некалькі дзясяткаў лозунгаў для скандавання.

Фрагмент метадычкі лукашэнкаўцаў

Фрагмент метадычкі лукашэнкаўцаў

Стваральнікаў метадычкі больш за ўсё турбавала, што аб праўладным мітынгу падумаюць па той бок барыкад, таму даюцца адпаведныя парады:

  • «…шмат людзей, якія «супраць усіх», многія з іх па інерцыі далучыліся да руху БЧБ. Гэтыя людзі, а таксама прыхільнікі дзейнай улады і ёсць мэтавая аўдыторыя».
  • «Мітынгоўцы не павінны маўчаць. Калі людзі сабраліся, значыць, ім ёсць што сказаць, маўчанне будзе трактавацца БЧБ як «усіх сагналі».
  • «…Відавочна, што камандай «фас!» для БЧБ будзе ўсё, звязанае з дзейным прэзідэнтам, таму лепш пра яго шмат не згадваць».
  • «Выкарыстанне беларускай мовы. Гэта балючая тэма некаторых БЧБ, таму выкарыстанне беларускамоўных лозунгаў пазбавіць іх каментароў».

Людзі, якія складалі гэтыя рэкамендацыі, выразна адчувалі, якія настроі пануюць у грамадстве. Сярод іншага заўважна, што яе аўтары адчувалі, што сярод гараджан можа быць непрыязнасць да чыноўнікаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў, таму ім раілі асабліва не выказвацца:

«Таксама, як існуе свабода слова, існуе і свабода не выказваць сваёй асабістай думкі кіраўнікамі любога звяна. На мітынгу лепш уздымаць пытанні па канкрэтным рэгіёне, а не ўвогуле па краіне».

Метадычка была апублікаваная пад назвай «Как не дать БЧБ сорвать мирные митинги». Цалкам азнаёміцца з ёй можна па спасылцы.

Як прайшоў праўладны мітынг

Удзельнікаў з рэгіёнаў цэнтралізавана даставілі на аўтобусах

Удзельнікаў з рэгіёнаў цэнтралізавана даставілі на аўтобусах

Мітынг у падтрымку Лукашэнкі 18 жніўня 2020 года ў Гомелі натхніў прыхільнікаў рэжыму. На галоўную плошчу звезлі некалькі тысяч лаяльных да ўладаў прадстаўнікоў дзяржапарату і іх падначаленых. Удзельнікі скандавалі «За бацьку!» і «Не аддадзім!», са сцэны выступалі чыноўнікі. Удзельнікі мітынгу сапраўды адчувалі, што ў адным месцы сабралася шмат аднадумцаў.

Ніякіх правакацый з боку пратэстоўцаў, якіх баяліся ўдзельнікі чату, не адбылося. Адзіны выпадак, які мог азмрочыць яго карыстальнікаў, — спроба выхаду да сцэны пажылога мужчыны падчас выступу Андрэя Крываносава. 

Рэакцыя на мітынг ва ўдзельнікаў чату была вельмі пазітыўнай. Падзякаваць за мерапрыемства ў чат прыйшла нават прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант.

Скрын з перапостам звароту Эйсмант. Сёння яе акаўнт пазначаны як выдалены, таму не ўтрымлівае імя

Скрын з перапостам звароту Эйсмант. Сёння яе акаўнт пазначаны як выдалены, таму не ўтрымлівае імя

З далейшых актыўнасцяў чату — распаўсюд інфармацыі аб праўладным аўтапрабегу, які адбыўся ў Гомелі 22 жніўня 2020 года, распаўсюд афіш з інфармацыяй пра мітынгі ў Мінску і іншых гарадах.

Удзельнікі чату працягвалі радавацца, што іх шмат. Але менш чым праз два тыдні ад першай падзеі 18 жніўня, яны заўважылі, што шэрагі лукашэнкаўцаў у чаце рэзка зменшыліся. З 8 тысяч падпісчыкаў у чаце раптам засталося 2 тысячы акаўнтаў.

Адміністратары чату тлумачылі, што быццам бы тэлеграм выдаляе ўдзельнікаў чату. Таксама прагучала версія, што ў чат пранікаюць апаненты рэжыму, якія кідаюць на яго скаргі і выходзяць з супольнасці лукашэнкаўцаў. 

У чым жа насамрэч прычына? У сеціве ёсць тлумачэнне гэтай з'явы. Сёння можна набываць падпісчыкаў і рэакцыі з праглядамі. Калі назіраецца рэзкі адток карыстальнікаў (адразу тысячамі), то гэта можа сведчыць аб тым, што канал ці чат быў накачаны ботамі. Тэлеграм сапраўды іх выдаляе, бо акаўнты не праяўляюць актыўнасць. 

Усе акаўнты, дададзеныя ў чат карыстальнікамі, можна пры жаданні падлічыць, бо яго стужка гэта адлюстроўвае. Пры самым вялікім жаданні ў гэтай стужцы немагчыма налічыць 8 тысяч акаўнтаў. 

З усяго вынікае, што адміністратары даследаванага праўладнага чату вырашылі надаць упэўненасці дзярслужбоўцам і прыхільнікам Лукашэнкі праз накачку яго ботамі. 

На сёння ў чаце засталося ўсяго 180 чалавек — яго пакінулі не толькі боты, але і многія дзярслужбоўцы. 

Адкуль вядома, што чат адміністраваў супрацоўнік КДБ

Чат сёння прывязаны да таксічнага гомельскага канала «Без «Б» Беларусь», але ў яго апісанні гэтай інфармацыі няма. Па назве чату ў тэлеграме яго знайсці немагчыма. Патрапіць у чат дапамагла спасылка, якая прысутнічала ў адным раннім допісе «Без «Б» Беларусь», калі канал меў малую колькасць падпісчыкаў ды іншыя функцыі (ён інфармаваў лукашэнкаўцаў пра праўладныя мерапрыемствы ў жніўні 2020 года). З цягам часу канал змяніў накіраванасць і назву (першапачатковая назва невядомая). А спасылка на чат згубілася сярод вялікай колькасці допісаў. 

Спасылка на чат у раннім допісе канала «Без «Б» Беларусь» (першапачаткова канал меў іншую назву, яна не фіксуецца зараз)

Спасылка на чат у раннім допісе канала «Без «Б» Беларусь» (першапачаткова канал меў іншую назву, яна не фіксуецца зараз)

Кіраўніком чату да 29 лістапада 2023 года быў акаўнт героя папярэдняга расследавання «Флагштока» — супрацоўнік КДБ Яўген Бажок. Пасля выхаду першага матэрыялу Яўген Бажок перайменаваў свой акаўнт у тэлеграме з Prosto A на Opiats A. Таксама акаўнт быў выдалены з чату, ён перастаў значыцца кіраўніком. Менавіта такіх дзеянняў з акаўнтам меркавалі дачакацца аўтары расследавання, каб дадаткова пераканацца, што ён належыць Яўгену Бажку. 

Нягледзячы на тое, што акаўнт Бажка быў выдалены з чата, у ім захаваліся яго паведамленні ад імя кіраўніка.

Чым яшчэ займаўся Яўген Бажок у жніўні 2020 года

Акаўнт Яўгена Бажка падпісаны на многія пратэстныя каналы Гомеля, а таксама на «Беларуский Дом в Украине», у якіх пісаў каментары. 

Акрамя арганізацыі лукашэнкаўцаў, Яўген Бажок у жніўні 2020 года спрабаваў збіць са шляху апанентаў рэжыму ў пратэстным чаце «Гомель 97%». У ім ён прымяраў на сябе ролю пратэстоўца. Ці ёсць сярод удзельнікаў чату ахвяры супрацоўніка КДБ, невядома.

Прыклады паведамленняў Яўгена Бажка ў пратэстным чаце «Гомель 97%»

Прыклады паведамленняў Яўгена Бажка ў пратэстным чаце «Гомель 97%»

Чытайце таксама:

Супрацоўнік КДБ, якога выкрылі як адміністратара таксічных гомельскіх паблікаў, адрэагаваў на расследаванне «Флагштока»

Стала вядома імя адміністратара таксічных гомельскіх паблікаў — расследаванне «Флагштока»

«Зрабіў выснову, што нашыя змагары мелі рацыю». Праўладны правакатар схадзіў на прыём у аблвыканкам і расчараваўся ва ўладзе

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?