Жонку кіраўніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны Марыяну Буданаву атруцілі цяжкімі металамі. Жанчына знаходзіцца ў бальніцы. Пра гэта «Бабелю» паведамілі крыніцы ў разведцы.

Пасля працяглага пагаршэння стану здароўя яе шпіталізавалі.

«Цяпер завяршаецца курс лячэння, далей — кантроль дактароў», — адзначыў суразмоўца ў ГУР і дадаў, што жанчыне дыягнаставалі паражэнне цяжкімі металамі.

«Гэтыя рэчывы ніякім чынам не выкарыстоўваюцца ў побыце і ваеннай справе. Іх наяўнасць можа паказваць на мэтанакіраваную спробу атручвання канкрэтнага чалавека», — адзначылі ў разведцы.

Крыніцы пацвердзілі, што на Кірыла Буданава таксама здзяйснялі замахі да і пасля поўнамаштабнага ўварвання. Цяпер вядзецца расследаванне з нагоды верагоднай спробы забойства жонкі начальніка ГУР Украіны.

Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Кірыл Буданаў у інтэрв'ю «Радыё Свабода» заявіў, што яго жонка цяпер пражывае разам з ім у яго працоўным кабінеце, хоць і не працуе ў ГУР. З чэрвеня 2021 года яна працуе дарадцай мэра Кіева Віталя Клічко.

Кірыл і Марыяна Буданавы пажаніліся ў жніўні 2013 года. У кастрычніку 2022 года Буданава дала інтэрв'ю ўкраінскаму часопісу Elle, у якім распавяла пра сябе. Яна паведаміла, што па адукацыі псіхолаг, з 2015-га да 2017 года займалася валанцёрскай дзейнасцю ў галоўным ваенным шпіталі на Шпітальнай у Кіеве.

Клас
0
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
38