Як расказаў «Люстэрку» сваяк аднаго з вучняў, у гімназіі №5 у Гродне памерла шасцікласніца. Дзяўчынцы было 12 гадоў. У гэтай установе адукацыі ёсць класы з харэаграфічным ухілам, і надзвычайнае здарэнне адбылося на ўроку танцаў.

«Наколькі я ведаю, у дзяцей штодня ўрокі танцаў, часам яны даўжэйшыя за дзве гадзіны, нагрузка вялікая, але дзецям падабаецца. Ну і ў пятніцу проста на ўроку дзяўчынцы стала дрэнна, яна памерла.

Настаўнікаў пасля здарэння збіралі на нейкую нараду і, напэўна, сказалі, каб яны маўчалі. Таму што бацькам пра гэта нічога ў школе не казалі — ні ў навінах, ні ў чатах інфармацыі няма. Але гэта абуральна — хоць бы патлумачылі прычыну, паставілі бацькоў у вядомасць, каб хаця б яны ведалі, можа, дзесьці за здароўем дзяцей больш сачыць трэба, да лекара хадзіць часцей, калі такія нагрузкі», — расказаў суразмоўца.

Паводле яго слоў, калі дзіцяці стала кепска, праводзіліся рэанімацыйныя дзеянні, верагодна, прыязджала хуткая, але адкачаць дзяўчынку не змаглі.

Неафіцыйная прычына смерці — праблемы з сэрцам.

У гімназіі, куды журналістка «Люстэрка» патэлефанавала як мама адной з вучаніц, пацвердзілі: шасцікласніца памерла падчас урока.

«Стала кепска, страціла прытомнасць — і ўсё, лекары не змаглі адкачаць, аказаць дапамогу. Там у дзіцяці былі праблемы са здароўем», — патлумачылі ў адміністрацыі, а падрабязнасці праз тэлефон расказваць адмовіліся.

Афіцыйна мясцовыя ўлады Гродна або Міністэрства адукацыі пра надзвычайнае здарэнне са смерцю дзіцяці на ўроку не паведамлялі. Пакуль невядома, ці праводзіцца нейкая праверка.

Чытайце таксама:

Рэпетыцыю цэнтралізаванага экзамена правядуць 27 студзеня

Колькасць падлеткаў-вэйпераў за пяць гадоў вырасла ў тры разы — НПЦ гігіены

Рэцэпт мінскай шасцікласніцы ўвайшоў у меню сталічных школ у новай чвэрці

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
28
Абуральна
4