У Мінску сельгаскірмашы працуюць кожныя выхадныя з 16 верасня. Працягнуцца яны да 26 лістапада.

Цэнтральная гарадская пляцоўка — на паркоўцы каля Чыжоўка-Арэны, але, акрамя таго, вызначаныя і яшчэ 105 месцаў для «арганізацыі штодзённага гандлю сельгаспрадукцыяй». У мікрараёне Малінаўка, напрыклад, такі кірмаш па выхадных праходзіць на вуліцы Ясеніна.

Зранку тут нешматлюдна, народ падыходзіць бліжэй да абеду. На абодва бакі пешаходнай сцежкі размяшчаюцца прадаўцы, паміж імі ходзяць пакупнікі. Першыя расхвальваюць свой тавар, апошнія імкнуцца збіць цану.

Шмат хто купляе бульбу — сама час! Пры гэтым прадаўцы гатовыя даставіць мяхі проста ў кватэру.

— Вось і навошта мне саджаць бульбу на лецішчы, калі тут можна купіць па 60 капеек за кіло? — кажа пенсіянерка, якая абрала сабе бульбу сорту «Гала». — Ніякіх выдаткаў на пасадку і апрацоўку, галава не баліць, каб яе выбраць. Не факт, што нешта вырасце. А тут за мех — усяго 24 рублі.

Але не толькі бульбай адзінай жыве кірмаш, можна тут сустрэць і экзотыку.

— Жанчына, вазьміце фейхоа! — прапануе пакупніцы прадавец-мужчына, гулліва ёй падміргвае і, убачыўшы, што тая зацікавілася, працягвае: — Можна кілаграм фейхоа перакруціць праз мясарубку, дадаць 200 грам мёду і захоўваць у шкляным слоіку ў халадзільніку. Па чайнай лыжцы кожны дзень — найлепшы сродак для шчытавіцы!

— Адкуль прыгажуня-морква? — цікавіцца яшчэ адзін пакупнік ужо ў іншай палатцы.

— Брэсцкая вобласць. Такое спякотнае лета было, і такая морква вырасла. Фермер усё вырошчвае! Галоўнае — каб рукі раслі адтуль, адкуль трэба.

Шмат на кірмашы і грыбоў. Самых розных. Прадаюцца марынаваныя апенькі, зялёнкі і падзялёнкі, апенькі, сухія падасінавікі, польскія і белыя грыбы.

Цэны, трэба сказаць, кусаюцца. Напрыклад, 100 грам белых сухіх грыбоў — 25 рублёў. Гэта 3-4 вялікія грыбы ці 10 маленькіх. Каля 300 грам падзялёнак з надпісам «толькі з лесу» — 4 рублі, кілаграмовае вядзерца польскіх грыбоў — 10, такое ж вядро груздоў — 7 рублёў. Паўлітровы слоічак марынаваных грыбоў — 10 рублёў.

— Цяпер мала ў лесе грыбоў, — набівае тавару цану прадавец. — Можа, дзесьці і ёсць, але ў нас, у Гродзенскай вобласці, лес ужо практычна пусты. Былі ў пачатку лістапада вялікія выхадныя, вось грыбнікі ўсё і сабралі. А летам наогул — ні дажджу, ні грыбоў!

— Забірайце антонаўку па рублю! — прапануе шчодры мужчына, які хоча хутчэй завяршыць гандаль у халодны дзень. — У вас, кажуць, сёлета яблыкаў не было, а ў нас, на Віцебшчыне, нармальны ўраджай.

Можна набыць тут і мяса перапёлак ад фермерскай гаспадаркі з Заслаўя. Птушка вельмі дробная, а вось цэны ўражваюць. Вакуумная ўпакоўка з трох перапёлак (каля 600 грам) каштуе 15 рублёў, паўлітровы слоік птушкі ва ўласным соку — 17 рублёў.

— Перапёлкі — гэта ж царская страва, таму і цэны такія, — тлумачыць гаспадар палаткі. — А якія карысныя для мужчын перапяліныя яйкі. За дзень тры яйкі выпіў — будзеш ого-го!

Дарэчы, за кошт высокай тэмпературы цела перапёлкі практычна не хварэюць, і іх не трэба «фаршыраваць» антыбіётыкамі, як тых жа курэй. Так што мяса ў нас — абсалютна чыстае!

— Вось усе ідуць на гэты кірмаш, а насамрэч тут некаторыя кошты нават большыя, чым у краме, — прасвятляе журналіста пільная жанчына пенсійнага ўзросту. —

Морква тут па рублю, а я ў краме каля свайго дома па 72 капейкі купляла. Капуста — па 80 капеек, а на рынку ў Табарах мяхамі па 35 капеек можна купіць. Так што, думаю, на кірмашы не толькі фермеры гандлююць сваёй прадукцыяй, але і звычайныя перакупшчыкі. Купілі тавар па адной цане, а тут уцюхаюць у два разы даражэй. І яшчэ скажуць, што гэта яны самі ўсё ў вёсцы вырасцілі.

Да змяркання прадаўцы спрабуюць збыць свой тавар, і толькі адзін чалавек на кірмашы нічога не прадае.

— Аддам двух котачак у добрыя рукі, — кажа жанчына, якая спадзяецца знайсці дом для хатніх гадаванцаў. — Не магу прайсці міма бяздомных коцікаў, вось і сяджу тут з імі ў выхадныя. Я б і бульбу ў якога-небудзь фермера купіла, калі б ён пагадзіўся забраць котак. Пакуль не бяруць…

Чытайце таксама:

«Не спраўляешся з замовамі і бегаеш, як уджалены». Каваль з Магілёўшчыны расказаў, як зрабіў хобі прафесіяй

«У год збіраю ад 5 да 10 тон». Патомны пчаляр расказаў пра выдаткі прафесіі і чаму сярод пчаляроў амаль не бывае махляроў

«Пакаштаваць можна?» — «Трэба». Што пачым сёлета на сезонных сельгаскірмашах

Клас
9
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
4