Царкоўная чаша зроблена са срэбра 84-й пробы ў маскоўскай майстэрні Аляксея Сцяпанава. Яе вага — 760 грамаў, а вышыня — 30 сантыметраў.
Пацір знайшлі супрацоўнікі МНС — браты Аляксандр і Павел Брыль.
«Мы з братам плавалі недалёка ад Богаяўленскага сабора, бачылі там якар, які хацелі дастаць для музея, падплыў бліжэй да берага і ўбачыў «каструльку». Адразу не зразумеў, што гэта, раскапаў і ўбачыў, што гэта чаша», — расказаў Аляксандр Брыль.
Епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій паведаміў, што знойдзеную чашу адновяць, а потым будуць выкарыстоўваць пры хрышчэнні немаўлят і для прычасця.
Як паведамляе МНС, раней браты ўжо знаходзілі меч часоў ВКЛ, а таксама дасталі са дна ракі больш за 30 якараў — для будучага музея пад адкрытым небам.