Памятны знак палеглым за Украіну беларусам у Кіеве на вуліцы Беларускай пасля дэмантажу некаторых элементаў. Фота: Анжэла Душаева

Памятны знак палеглым за Украіну беларусам у Кіеве на вуліцы Беларускай пасля дэмантажу некаторых элементаў. Фота: Анжэла Душаева

Памятны знак беларусам, палеглым за Украіну, быў адкрыты ў 2016 годзе ў Кіеве на вуліцы Беларускай. Ім ушанаваныя ўдзельнік Рэвалюцыі Годнасці Міхаіл Жызнеўскі, байцы тактычнай групы «Беларусь» Алесь Чаркашын і Віталь Ціліжэнка, а таксама парамедык марской пяхоты Украінскіх узброеных сіл Мікола Ільін.

Загінулыя пасмяротна адзначаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі Украіны.

Пра пашкоджанне памятнага знака стала вядома 30 верасня з сацыяльных сетак. З помніка былі прыбраныя надпісы «Слава Украіне», «Жыве Беларусь», герб «Пагоня» ды нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны.

Інфармацыйныя дошкі аб палеглых і стылізаваны бел-чырвона-белы крыж на гэты момант не кранутыя. 

Памятны знак усталяваны на сцяне Прафесійнага каледжа мастацтваў і дызайну.

Дырэктарка навучальнай установы Любоў Хмялеўская называе сітуацыю з помнікам непрыемнай і «раздзьмутай». 

Яна згадвае, што ўсталяванне памятнага знака ў 2016 годзе ўспрымалася «пафасна, радасна і годна». Але, па яе словах, калі пачалася поўнамаштабная вайна, то стаўленне людзей да слоў «Жыве Беларусь» змянілася на негатыўнае. З'явіліся патрабаванні іх прыбраць. Былі нават пагрозы каледжу аб мініраванні.

«Ставілі пакеты з невядомым змесцівам, і мы выклікалі сапёраў, міліцыю. Таму я хвалююся за студэнтаў. Мне страшна узяць грэх на душу, каб зняць са сцяны партрэты загінулых хлопцаў, але мне трэба абараніць сваіх студэнтаў. Калі ёсць пагрозы, то я, як дырэктарка, не магу на тое не рэагаваць», — тлумачыць сваю пазіцыю Любоў Хмялеўская.

Так адкрывалі памятны знак загінулым беларускім ваярам у 2016 годзе

Так адкрывалі памятны знак загінулым беларускім ваярам у 2016 годзе

Кіраўніца навучальнай установы настойвае, што дакументаў на ўсталяванне памятнага знака няма і што рашэнне пра яго лёс мусіць прыняць распарадчык маёмасці — гарадская адміністрацыя.

Паводле яе, інфармацыйныя дошкі аб загінулых добраахвотніках дэмантаваць ніхто не збіраецца. Прыбярэцца толькі антураж вакол іх.

«На гэты момант так. Ніхто нічога кепскага не хоча зрабіць, таму, калі можна супакоіць [сітуацыю], то супакойце, а мы працуем над гэтым. Стаўленне [да памятнага знака] падзялілася, але і сітуацыя цяпер змянілася. Словы [«Жыве Беларусь»] раздражняюць людзей. Мы ж не будзем стаяць і ўсім расказваць, што да чаго», — адзначае кіраўніца навучальнай установы.

Любоў Хмялеўская кажа, што засмучана сітуацыяй. Яна лічыць, што розгалас шкодзіць улагоджванню сітуацыі.

«Калі можна, угаманіце іх», — звяртаецца кіраўніца навучальнай установы.

Прафесійны каледж мастацтваў і дызайну падпарадкоўваецца Кіеўскаму нацыянальнаму ўніверсітэту тэхналогій і дызайну.

У ВНУ кажуць, што адміністрацыя стала атрымліваць «шмат лістоў» пасля таго, як быў зроблены дэмантаж памятнага знака.

У прыёмнай паведамілі, што неўзабаве зʼявіцца афіцыйны адказ на іх. Рэктар пакуль у адпачынку і выйдзе на працу толькі 6 кастрычніка.

З Міністэрства адукацыі «Нашай Ніве» адпісалі, што яно «не мае паўнамоцтваў рэгуляваць размяшчэнне або дэмантаж памятных знакаў на тэрыторыях ВНУ» ды параілі звярнуцца да іх адміністрацыі.

Кіраўніца дабрачыннага фонду «Валошка» Анжэла Душаева настойвае, што дэмантаж памятнага знака пачалі па загадзе рэктара Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта тэхналогій і дызайну. 

Анжэла Душаева кажа, што валанцёры фонду гутарылі з дырэктаркай каледжа, якая і ім заявіла, што на ўсталяванне знаку няма дакументаў.

Актывістка настойвае, што дакументы ёсць. Суполцы ветэранаў АТА гарадская адміністрацыя Кіева дазволіла ўсталяваць яго на сцяне каледжа. Рэктар універсітэта таксама падпісваў дакумент, якім фіксавалася згода.

«Гэтыя дакументы ёсць. Яны (кіраўніцтва каледжа. — НН) прыкрываюцца дзецьмі. Кажуць, што ім пагражалі, каб быў зняты знак. Заяў у паліцыю яны не падавалі», — апавядае Анжэла Душаева.

Так выглядаў памятны знак да дэмантажу. Фота: @hrystynakafka

Так выглядаў памятны знак да дэмантажу. Фота: @hrystynakafka

Тое, што адбылося з памятным знакам, актывістка называе вандалізмам.

Анжэла Душаева лічыць, што гэта вынік «кадэбэшна-фээсбэшнага ўкіду». Паводле яе, знак пачалі знішчаць да Дня абаронцаў Украіны, які адзначаецца 1 кастрычніка, і пасля заявы палка Каліноўскага аб наборы добраахвотнікаў.

На яе погляд, такое абыходжанне з памятным знакам негатыўна адбіваецца на настроях беларускіх добраахвотнікаў, якія цяпер ваююць.

Фонд «Валошка» даслаў скаргі ў пракуратуру, службу бяспекі, Міністэрства адукацыі, гарадскую адміністрацыю.

«Просім прыняць адпаведныя меры да службовых асоб, якія дзейнічаюць у інтарэсах спецслужбаў краін-агрэсарак, і абавязаць кіраўніцтва Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта тэхналогій і дызайну аднавіць помнік-мемарыял беларускім добраахвотнікам, якія аддалі свае жыцці за незалежнасць Украіны ў расійска-ўкраінскай вайне», — гаворыцца ў лісце фонду.

Анжэла Душаева дадае, што ў звароце да Міністэрства адукацыі гаворыцца, каб яно зрабіла захады рэагавання адносна кіраўнікоў універсітэта і каледжа, бо яны не выконваюць належным чынам свае абавязкі. Актывістка спадзяецца, што па факце незаконнага дэмантажу памятнага знака паліцыя распачне крымінальную справу.

Мэрыя скаргу актывістаў накіравала ў адміністрацыю Шаўчэнкаўскага раёна, на тэрыторыі якога знаходзяцца вуліца Беларуская і памятны знак.

Актывісты абяцаюць аднавіць пашкоджаны помнік. 

Урачыстая цырымонія адкрыцця памятнага знаку з удзелам ганаровай варты адбылася 28 сакавіка 2016 года.

Мемарыял ініцыявалі некалькі ўкраінскіх арганізацый, а таксама тактычная група «Беларусь», у якую на той час былі арганізаваныя беларускія добраахвотнікі.

«Мы ведаем, за якую Беларусь змагаліся хлопцы і пад якой сімволікай. Бел-чырвона-белы сцяг быў для іх святым, як і «Пагоня». Калі б мы зрабілі помнік з чырвона-зялёнымі палоскамі і цяперашнім афіцыйным гербам Беларусі, гэта быў бы здзек з памяці хлопцаў», — казала «Нашай Ніве» Вольга Гальчанка, адна з валанцёрак, якая займалася ўсталяваннем памятнага знака.

Гальчанка адзначала, што тагачасныя ўкраінскія ўлады, якія давалі згоду на яго ўстаноўку, абсалютна не арыентаваліся ў беларускіх рэаліях.

«Жыве Беларусь» — словы з верша Янкі Купалы, які стаў сімвалам веры беларусаў нароўні з гербам «Пагоня» і бел-чырвона-белым сцягам. 

Глядзіце таксама:

Жаўнеры УСУ запісалі песню «Вуліца Жызнеўскага» на беларускай і ўкраінскай мовах

Са сталічнага парку Чалюскінцаў знікла згадка пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій

Каліноўцы запусцілі ў Беларусь вялізны бела-чырвона-белы сцяг

Клас
5
Панылы сорам
22
Ха-ха
7
Ого
0
Сумна
9
Абуральна
55

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?