Фота: сацыяльныя сеткі

Фота: сацыяльныя сеткі

«Настаўнікі чакаюць першакласнікаў на двары і самі адводзяць у кабінеты, таму што бацькам у школу нельга»

Каця вучыцца ў 9-м класе дзяржаўнай сярэдняй школы ў Мінску. Яна расказвае, што апошнім часам узмацніўся кантроль за школьнікамі — што падчас урокаў, што за межамі кабінетаў. Напрыклад, цяпер перад кожнымі канікуламі бацькам выдаюць спецыяльную табліцу, у якой трэба запаўняць, дзе і з кім кожны дзень знаходзіцца дзіця.

«З новага — з'явіўся абавязковы ўрок па «Вялікай Айчыннай вайне». Афіцыйнае тлумачэнне дадатковых заняткаў — гэта павінна нам дапамагчы падрыхтавацца да ЦЭ. Пра іншыя абавязковыя вайскова-патрыятычныя факультатывы я нічога не чула.

Цяпер практычна ўсе класныя і інфармацыйныя гадзіны прысвечаныя розным патрыятычным тэмам. Часам расказваюць пра нейкіх знакамітых беларускіх асоб, пра важныя месцы або падзеі. Перыядычна ўключаюць кадры з фільмаў пра Вялікую Айчынную вайну і фрагменты з дзяржаўных навін, якія круцілі напярэдадні па тэлевізары. Патрыятычнай тэмы стала больш апошнім часам, але нас ёй не перагружаюць. Прынамсі, скардзіцца я не магу.

Прапускная сістэма стала больш строгай. Стаяць турнікеты, праз якія можна прайсці толькі па спецыяльных вучнёўскіх картках. На ўваходзе ў школу сустракаюць завучы і ловяць тых, хто прыйшоў без карткі.

Бацькам у школу заходзіць нельга. Вучняў малодшых класаў іх класная кіраўніца чакае на вуліцы да пэўнага часу, а потым да пачатку ўрокаў сама вядзе ў патрэбны кабінет.

Гэта даволі спрэчнае правіла. Нядаўна назірала карціну, як мама з дзіцем-першакласнікам спазніліся і прыйшлі крыху пазней. Да гэтага моманту ўсіх дзяцей ужо адвялі ўсярэдзіну. Дзіця плакала, таму што не ведала, што яму рабіць і куды ісці самастойна. Мама прасіла правесці дзіця, але завуч адмовіла і паабяцала адвесці дзяўчынку потым, пасля таго, як вызваліцца ад нейкіх іншых спраў.

У цэлым кантроль узмацніўся: цяпер пачалі сачыць яшчэ і за тым, што ты робіш пасля школы. Калі я збіраюся адсутнічаць на ўроках па любых прычынах, акрамя хваробы, я павінна прынесці за дзень да гэтага заяву на імя дырэктара аб тым, што мяне не будзе і чаму. Тлумачэнне ў стылі «па сямейных абставінах» ужо не падыдзе.

Перад кожнымі канікуламі бацькам выдаюць таблічку, дзе яны павінны прапісаць кожны дзень, дзе і з кім ты будзеш знаходзіцца.

Настаўнікаў не хапае, асабліва пачатковых класаў. Адчуванне такое, што новых людзей бяруць, проста каб хоць нехта быў. Дадатковых рэпетытараў наймаюць практычна ўсе, хто ў наступным годзе хоча трапіць у профільны клас.

У нас дастаткова вялікая школа, таму практычна ў кожным класе каля 30 чалавек. Я чула, што пасля закрыцця прыватных школ летась некаторыя вучні пераходзілі ў дзяржаўныя, але ў нас новенькіх няма.

У 9 класах цяпер праходзіць вельмі строгі адбор на наступны год. У нас у школе ўсяго два 10-ыя класы. Абодва яны профільныя. Каб туды патрапіць, трэба мець сярэдні бал вышэйшы за 7. Тым, хто не прайшоў, трэба будзе шукаць іншыя школы.

Што тычыцца школьнай формы, то цяпер ва ўсіх школ ёсць два абавязковыя элементы, у нас — камізэлька і значок. Значок мы прышпільваем толькі на лінейкі ў пачатку і канцы чвэрці, а вось наяўнасць камізэлькі і афіцыйна-дзелавога стылю адзення правяраюць. Даводзіцца выконваць гэтыя правілы, таму што не хочацца падводзіць класнага кіраўніка. Ды і насамрэч камізэлька аказалася не такой ужо і нязручнай, галоўнае — надзець нешта белае пад яе, і гэта не абавязкова павінна быць кашуля.

У цэлым, мне камфортна знаходзіцца ў школе, але асабліва туды я не рвуся. Праўда, ужо палохаюць думкі пра выпуск. Разумею, што мая будучыня залежыць толькі ад мяне».

«Дзіця не есць у школе, але настаўнікі пачынаюць запалохваць, калі ты хочаш адмовіцца ад абедаў»

Марына, мама дзевяцікласніка, кажа, што нядаўна сутыкнулася з запалохваннем і пагрозамі з боку настаўніцы свайго сына. Марына паспрабавала адмовіцца ад гарачых абедаў у школе, якія яе дзіця не есць. Класная кіраўніца сказала, што нельга не плаціць за харчаванне: нібыта гэта прапісана ў пастановах Мінадукацыі.

Праўда, па словах Люцыі Міхальчук, начальніцы аддзела арганізацыі харчавання ў Мінадукацыі, у дакументах нідзе не прапісана, што гарачае харчаванне ў школе — гэта нешта абавязковае. «Калі дзіця катэгарычна адмаўляецца есці з нейкіх прычын, ніякай заявы не трэба. Проста неабходна інфармаваць класнага кіраўніка або работніка, які адказвае за харчаванне ў школе», — адзначыла чыноўніца.

Марына расказвае, што яе гісторыя не ўнікальная. З яе слоў, з гэтым сутыкалася некалькі яе сяброў і знаёмых, чые дзеці таксама не ядуць абедаў.

«У месяц за гарачыя абеды можа ісці каля 100 рублёў. Раней я магла дазволіць сабе плаціць і не звяртаць увагі на тое, есць маё дзіця ў школе ці не. Цяпер у мяне няма такой магчымасці, — дзеліцца Марына. — Мне не падабаецца, калі падлетку 14 гадоў запіхваюць ежу ў той момант, калі ён гэтага не хоча. Мне прасцей даць яму грошай, каб ён сам купіў што-небудзь у буфеце, калі захоча есці, а потым дома яго пакарміць.

Я не хачу, каб у майго сына з'явілася расстройства харчовых паводзін ад кармлення тым, што ён не любіць.

Я пайшла на бацькоўскі сход і была ў жаху. Чакала, што мне будуць расказваць пра будучыя экзамены, а з мяне замест гэтага пачалі патрабаваць грошай. Там было каля 10 чалавек, і ніхто нічога не казаў: усе настолькі прывыклі маўчаць і баяцца.

Да гэтага я ўжо ўздымала пытанне аб адмове ад харчавання ў асабістай перапісцы з настаўніцай. На гэта яна мне пачала пагражаць: маўляў, калі я разведзеная і цяпер сяджу без працы, то педсавет можа накіраваць да мяне патрэбныя службы, калі я буду працягваць патрабаваць.

Потым гэтая выкладчыца сказала ўжо асабіста майму дзіцяці, што ў нас будуць праблемы з-за гэтай сітуацыі. Вельмі надакучыла баяцца, але пакуль нічога зрабіць з гэтым нельга».

«Запісваюць у БРСМ без ведама дзяцей, бо ёсць разнарадка»

У Кацярыны ў школе вучыцца двое дзяцей: дачка ў дзявятым класе і сын — у чацвёртым. Паводле яе слоў, самае трагічнае для яе тое, што дзеці, якім не пляваць на сваю будучыню, пасля заканчэння навучання хочуць жыць за межамі Беларусі.

«Летась закрылі не толькі прыватныя школы, але і ліцэі. Адна з ліцэйскіх настаўніц перайшла да нас у школу: пакуль складана сказаць, чым адрозніваюцца метады яе навучання, але дачка ўжо кажа, што настаўніца з ліцэя дае больш глыбокі матэрыял у параўнанні з тым, чаму вучыла іншая.

У бацькоўскім чаце мы амаль нічога не абмяркоўваем, акрамя нейкіх важных спраў для дзяцей: куды сабраць грошы, што з выпускнымі. Нічога, што тычыцца законаў альбо жыцця па-за школай, мы не кранаем там.

У дзяцей старэйшых класаў сёлета ўвялі дадатковы факультатыў на вайскова-патрыятычную тэму. Пра яго ў пачатку чвэрці казалі асобна. Нібы тыя, хто туды будзе хадзіць, будуць мець ільготы пры паступленні ў нейкія ВНУ. Як я разумею, ёсць нейкая разнарадка, па якой трэба, каб пэўная колькасць вучняў туды хадзіла. Мая дачка туды не ходзіць, таму не магу сказаць, ці прымушалі кагосьці наведваць гэты факультатыў.

Летась некалькіх аднакласнікаў маёй дачкі без іх ведама запісалі ў БРСМ. Дазналіся дзеці пра гэта праз некаторы час амаль выпадкова. Здаецца, быў «зверху» нейкі загад, каб школьнікі ўступалі, але добраахвотна ніхто не хоча, таму настаўнікі вырашылі зрабіць усё тайна.

Увогуле, мне здаецца, што ніякія патрыятычная заняткі не змогуць перарабіць нашых падлеткаў. Калі бацькі хоць трошкі размаўляюць з дзецьмі пра тое, што адбываецца ў краіне, нічога не зможа пераканаць іх. А калі меркаваць па нейкіх намёках, якія перыядычна робяць настаўнікі, і яны ўсё добра разумеюць. Але іх мэта — працягваць вучыць, нягледзячы ні на што.

Мае дзеці мэтанакіравана плануюць жыццё па-за межамі Беларусі, гэта самае невясёлае для мяне. Мне самой складана ўявіць, што хутка дзіця з’едзе ў іншую краіну. Адначасова з гэтым страшна, што закрыюць межы і яна не паспее з’ехаць».

Чытайце таксама:

«Як гэта выправіць? Ніяк!» Дызайнеры — пра залатыя ўпрыгожанні Мінска да Дня народнага адзінства. Ацаніце і вы

«Ён напісаў: «Я вазьму з сабой вазелін?» У той дзень мы хацелі паглядзець могілкі». Беларусы дзеляцца гісторыямі пра смешныя і дзіўныя спатканні

Клас
21
Панылы сорам
20
Ха-ха
12
Ого
10
Сумна
29
Абуральна
96