Здымак ілюстрацыйны. Фота: Vecteezy

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Vecteezy

Турцыя

«У Беларусі ў глабальным маштабе ігнаруюцца законы дзіцячай псіхалогіі»

Псіхолаг Таццяна Карасёва пераехала з Бабруйска ў Турцыю два гады таму. Маці траіх дзяцей. Старэйшая дачка вучыцца ва ўніверсітэце ў Мінску, сярэдні сын і малодшая дачка пайшлі ў турэцкую школу. 

«Ёсць адно глабальнае адрозненне турэцкай школы ад беларускай — стаўленне да дзяцей. У Беларусі ў глабальным маштабе ігнаруюцца законы дзіцячай псіхалогіі, а тут, наадварот, гэта вельмі цэняць. Тут настаўнікі імкнуцца замацаваць на школе пазітыўныя эмоцыі.

У мяне ёсць шэраг прыкладаў, як гэта працуе. Неяк мой сын не выспаўся, заснуў у школе і праспаў два ўрокі. Потым ён здзіўлена распавядаў, што яго ніхто не будзіў і не сварыўся на яго. Калі я абмяркоўвала гэтую сітуацыю з настаўніцай, яна сказала: калі я буду сварыцца, ён узненавідзіць школу і не захоча хадзіць у яе, а навошта мне гэта?

Тут ёсць разуменне, што калі дзіця адчувае станоўчыя эмоцыі, яно будзе лепш успрымаць і запамінаць матэрыял.

У Беларусі ў педагагічных ВНУ даецца вельмі мала дзіцячай псіхалогіі, у выніку настаўнікі не ўмеюць камунікаваць з дзецьмі, яны маніпулююць дзецьмі праз бацькоў. У Турцыі такога няма.

Яшчэ адзін прыклад: сын неяк псіхануў на штосьці пасля размовы з татам і на гэтай глебе вырашыў помсціць — перастаў хадзіць у школу. Гэта было ўзімку. Прыкладна тыдзень-паўтара не хадзіў. Я распавяла пра гэта настаўніцы, і яна кажа: не перажывайце, цяпер вельмі даўгая ноч, нікому не хочацца ўставаць, няхай пасядзіць дома. Не было ніякай ацэнкі ні яго, ні мяне як маці. Мяне адразу адпусціла. Сын адчуў, што я расслабілася, і сам пайшоў у школу праз 2 дні».

«Не так важна, як вучыцца дзіця, а ці захавае яно здаровую самаацэнку»

«Сын распавядае, што ў іхняй школе няма булінгу, у той час як у Беларусі гэта здараецца часта. Аказваецца, гэтаму ёсць тлумачэнне. У нашай школе ў Турцыі дзяцей кожныя 3-4 тыдні перасаджваюць. Гэта прымушае штораз наладжваць стасункі з новымі людзьмі.

Што датычыць працэсу навучання, тут на ўроках паказваюць шмат навучальных мультфільмаў. Гэта стварае добры настрой у дзяцей. І дзецям падабаецца хадзіць у школу.

Тут у вучню бачаць асобу з яе эмоцыямі. Бо насамрэч не так важна, як дзіця вучыцца ў глабальным сэнсе, а ці захавае яно сваю самаацэнку. Бо калі яна будзе здаровай, дзіця шмат чаго зможа дасягнуць.

Тут гэта разумеюць і цэняць. Хоць, канешне, я кажу пра школу ў Стамбуле, у іншых рэгіёнах, асабліва на ўсходзе, можа быць інакш. 

Тут у школах ёсць прадмет рэлігія. Але яго можна не наведваць, калі бацькі напішуць заяву. Я не пісала. Лічу, што гэта важна, каб дзеці разумелі краіну і людзей, сярод якіх жывуць.

Беларуская школа больш строгая, чым турэцкая. У Беларусі інстытут адукацыі заснаваны на тым, каб даць як мага больш ведаў. У Еўропе, ды і ў Турцыі няма мэты даць энцыклапедычныя веды, а вучаць знаходзіць патрэбную інфармацыю. У беларускай праграме шмат смецця, якое дэматывуе дзяцей. Яна загружаная тым, што не спатрэбіцца ў жыцці.

У турэцкай школе дзеці таксама вывучаюць складаныя рэчы, але яны ім даюцца ў гульнявой форме аж да выпускных класаў. Нават падручнікі ў старэйшай школе на 50% распрацаваныя ў гульнявой форме.

Ды калі мы для дарослых праводзім бізнэс-трэнінгі ў форме гульні, што казаць пра дзяцей? А ў нас у Беларусі наадварот: маўляў, школа — не месца для гульняў.

Я лічу, што ў Турцыі навучальная праграма цалкам адпавядае ўзроўню і патрэбам дзяцей. Калі ж бацькам за мяжой увесь час падаецца, што дзеці вучацца замала ці вывучаюць недастаткова складаныя рэчы, я лічу, што гэта спрацоўваюць іхнія ўласныя праекты кшталту «я ў тваім узросце рабіў тое і тое, а ты — нічога». І пачынаецца крытыка ўсіх і ўсяго».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Vecteezy

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Vecteezy

Іспанія

«У вочы кінуліся павага і клопат пра настаўнікаў»

Інга пераехала ў Іспанію разам з сям’ёй год таму.

«У Беларусі сын адвучыўся два класы. У яго быў індывідуальны план, таму ў школу ён хадзіў рэдка, толькі для здачы прадметаў у канцы чвэрці. У Іспаніі ён адразу пайшоў у трэці клас дзяржаўнай школы без ведання іспанскай мовы, без нейкай падрыхтоўкі. І даволі хутка ўліўся ў асяроддзе каталонамоўных дзяцей. 

Маё самае яркае адчуванне ад школы тут — я зусім не напружваюся як маці. Нават на індывідуальным плане ў Беларусі было складаней. У мяне шмат сіл забірала растлумачыць дзіцяці тое, што не мае значэння, што ты штосьці зрабіў няправільна, напісаў не так, як таго патрабуюць чыноўнікі па сваіх клетачках ці лінеечках.

Галоўнае адрозненне, якое мне кінулася ў вочы, — павага і клопат пра дзяцей і настаўнікаў. На дзяцей не ціснуць, іхні псіхаэмацыйны стан важнейшы, чым ідэальна напісаныя літары ці хуткасць чытання тэксту.

Навучальны дзень цягнецца з 9:00 да 16:30. З 11:00 да 11:30 — перапынак на ссабойку, з 13:00 да 15:30 — вялікі перапынак на абед і адпачынак (дзіця можна пакідаць у школе, а можна забіраць дамоў). Калі дзіця запісанае на нейкія гурткі пры школе, то забіраць яго трэба толькі а 18-й гадзіне.

Падчас вялікага перапынку настаўнікі не знаходзяцца разам з дзецьмі, а ідуць са школы на абед і па сваіх справах — мне падаецца, што гэта вельмі вялікі клопат пра настаўнікаў і ратуе іх ад выгарання. За дзецьмі ў гэты час глядзяць маладыя людзі, якія падпрацоўваюць на няпоўную стаўку.

У Іспаніі пачатковая школа цягнецца з 6 да 12 гадоў, потым пачынаецца другі этап, які працягваецца да 16 гадоў, калі і заканчваецца базавая адукацыя. Дзеці рознага ўзросту навучаюцца ў розных будынках. У школе майго сына няма вучняў старэйшых класаў, падлеткі вучацца ў іншых будынках, і гэта таксама вялізны плюс, на мой погляд».

Хатняга задання няма, у школу не дазволена насіць тэлефоны і дарагія рэчы

«Аднойчы я атрымала на пошту ліст ад адміністрацыі школы, што настаўнікі будуць баставаць некалькі дзён, каб мы не турбаваліся — у школе за дзецьмі будуць глядзець і забаўляць іх, проста заняткаў не будзе. У выніку нашы настаўнікі так і не пайшлі на забастоўку, чым засмуцілі дзяцей.

У школу не дазволена прыносіць тэлефоны і дарагія рэчы. У нас няма формы, што мне таксама падабаецца.

Іспанцы агулам вельмі па-добраму ставяцца да дзяцей. Атрымаць ад мясцовых заўвагу, што тваё дзіця неяк не так сябе паводзіць, немагчыма. А вось калі ты будзеш крычаць і замахвацца на дзіця, і тым больш ударыш, будзь гатовы, што міма ніхто не пройдзе.

Але ў той жа час людзі бываюць розныя. Першая настаўніца ў майго сына была вельмі прыемнай, з ёй не было ніякіх канфліктаў. Але потым яна пайшла на доўгі бальнічны, і прыйшла больш строгая настаўніца. У выніку дзеці зладзілі бунт, не хацелі хадзіць у школу. Сёлета да нас увогуле ў 4 клас прыйшоў настаўнік-мужчына — такога досведу ў нас яшчэ не было.

У нашай школе няма хатняга задання, усё неабходнае робіцца адразу ў школе. За мінулы год сын толькі некалькі разоў прыносіў дамоў штосьці дарабіць.

На пачатку года мы аплачваем унёсак на навучальныя матэрыялы ў памеры 25 еўра на дзіця. Яшчэ мы плацім за абеды 150-160 еўра за месяц. Асобна аплачваюцца гурткі і некаторыя паездкі.

Сёлета ў нас заняткі пачаліся 6 верасня, у іншых рэгіёнах Іспаніі — 11 верасня. Ніякіх лінеек няма, кветкі ніхто не носіць. Міліцыя, МНС, чыноўнікі і святары таксама не прыходзяць. Проста прыводзіш сваё дзіця ў школу, цалуеш і зычыш добрага дня. У канцы дня мы пазнаёміліся з новым настаўнікам і пайшлі ў кавярню адзначаць пачатак навучальнага года сям’ёй.

Сыну вельмі падабаецца хадзіць у школу.

Шмат чаго з іспанскай школы я б перанесла ў беларускія. Як мінімум — стаўленне да дзяцей і настаўнікаў, як максімум — вялізныя рэформы — пераасэнсаванне, навошта патрэбная школа, якія ў нас мэты як грамадства. Што мы хочам — каб дзеці пражывалі такі вялізны кусок свайго жыцця ў бясконцым кашмары і падпарадкаванні? Ці каб нашы дзеці атрымлівалі адукацыю, рэлевантную для глабальнага свету, і маглі вучыцца ў каледжах і ўніверсітэтах па ўсім свеце?»

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Vecteezy

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Vecteezy

Францыя

«Школьная брама адчыняецца на 15 хвілін перад пачаткам урокаў»

Пра французскую школу распавядае вучаніца ліцэя Ксенія, якая пераехала з Бабруйска разам з маці.

«Школа дзеліцца на 4 этапы і пачынаецца з 3 гадоў. Першы этап — як наш дзіцячы сад — l’école maternelle. Потым будзе l’école primaire, што эквівалентна нашай пачатковай школе. Сярэдняя школа называецца collège. І старэйшая — ліцэй.

Я вучуся ў тэрмінале — апошні год у ліцэі. Апошнія два гады тут — гэтак як нашы 10-11 класы — павінны здаваць экзамены — па французскай мове ў 10 класе, і ў 11 — па філасофіі і 2 спецыяльнасцях, якія выбралі год таму. Такім чынам, гэта рыхтуе да навучання ва ўніверсітэце, бо даецца выбар двух нейкіх ключавых прадметаў. Я выбрала музыку, бо хачу быць музыкай, і біялогію, бо мне проста падабаецца гэты прадмет.

У кожнай школы ёсць дзённік — carnet. Але туды не запісваецца расклад. Гэта як картка, па якой ты ўваходзіш у навучальную ўстанову. Туды ж запісваюцца спазненні і пропускі. Гэта як блакнот для камунікацыі бацькоў з настаўнікамі. Але калі дзіця спазнілася на 5 хвілін, бацькі атрымліваюць СМС, і яны павінны напісаць тлумачэнне, чаму дзіця спазнілася.

Што яшчэ цікава, брама навучальнай установы адчыняецца за 15 хвілін да пачатку заняткаў. Калі пачатак а 8-й гадзіне раніцы, брама адчыняецца ў 7:45, і тысячы чалавек заходзяць са сваімі карнэтамі. А 8-й брама зачыняецца, і наступны раз можна зайсці толькі праз гадзіну.

І так як урокі доўжацца 55 хвілін, адпаведна, наступны раз дзверы адчыняцца толькі на 5 хвілін — з 8:55 да 9:00. Перапынкі тут 5 хвілін. У нашым ліцэі зараз будуць 2 гадзіны без перапынку, таму дзверы не будуць адчыняцца.

Усё вельмі сур’ёзна, але, так як я жыву ў раёне, дзе бываюць страйкі, і праз іх магу спазняцца, я маю адмысловую пячатку, якая дазваляе мне ўваход. У астатніх такога прывілею няма».

На кожны трыместр вучні выбіраюць асобны від спорту

«У нас 20-бальная сістэма ацэньвання, і ў канцы кожнага трыместра кожны настаўнік піша характарыстыку на кожнага вучня, што добра, а чаму трэба надаць увагу. І потым прыходзяць лісты, якія мы завём «лісты з Хогвартса», разам з характарыстыкай і ацэнкамі на кожнага вучня асобна.

Вакацыі тут кожныя 2 месяцы. Улетку толькі 2 месяцы канікулы. Вучымся 5 дзён на тыдзень, з 8 да 8, але агулам залежыць ад таго, які ў каго расклад. Ёсць форткі, перапынак, на якім усе ідуць у сталовую. Карацей, днямі ў школе мы не сядзім.

Сталовая вялікая. Там ёсць адмысловая машына для адбітку далоні, каб узяць для сябе паднос. Але яна адна, таму да яе выстройваецца вялізная чарга, хвілін на 30-40 ці нават больш. Ежа каштуе 4 еўра за ўсё, за гэтыя грошы можна ўзяць усё, што хочацца.

Кожны год мы выбіраем тры віды спорту на кожны трыместр. Напрыклад, бадмінтон, плаванне і трэнажорная зала. Ёсць французскі бокс, акваспорт, баскетбол. Можна выбраць той, які хочацца, і калі колькасць ва ўсіх групах аднолькавая, кожны мае магчымасць займацца тым, што ён выбраў. Калі не — ідзе пералік, каб у кожнай групе была прыблізна аднолькава людзей.

З цікавага — у нас ёсць 205-ы клас, дзе працуюць настаўнікі-практыканты. Калі ў вучняў падчас навучання ўзнікаюць пытанні, яны ідуць у гэты клас і там працуюць. Могуць пазаймацца бясплатна з настаўнікам-пачаткоўцам ці проста ў гэтым класе самастойна папрацаваць у цішыні. Ёсць яшчэ бібліятэка, але там трэба падтрымліваць поўную цішыню».

Класы перагрупоўваюцца штогод — прайсці ўсю школу з адным сябрам немагчыма

«Паўсюль камп'ютары, у кожнага вучня свой уваход у камп'ютар, і такім чынам можна паглядзець штосьці ў інтэрнэце, папрацаваць у бібліятэцы ці 205-м класе.

Рэгулярна мяняюцца настаўнікі, асабліва маладыя, бо яны не могуць працаваць другі год і мусяць змяняць ліцэі. Больш сталыя тут застаюцца і могуць шмат гадоў працаваць. Мяне гэта здзівіла напачатку, бо мы прызвычаіліся да адных настаўнікаў, а тут раптам іх усіх цалкам замянілі.

Класы таксама перагрупоўваюцца штогод. Няма гарантыі, што ты ў наступным годзе трапіш у той жа клас са сваім сябрам. Гэта працуе для ўсіх класаў, у тым ліку для пачатковай школы. Таму прайсці ўсю школу з адным сябрам за адной партай скрайне малаверагодна.

Кантрольныя — гэта практыка, практычнае прымяненне ведаў. Гэта не задачы, якія вы рашалі цягам года, а праца, заснаваная на логіцы, мысленні. Трэба ці зрабіць эксперымент, ці штосьці даказаць. Але найчасцей гэта датычыць жыццёвых сітуацый.

Хатнія заданні нерэгулярныя, не пасля кожнага ўрока, яны могуць быць раз на тыдзень ці радзей, яны такія ж — накіраваныя на практыку».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Vecteezy

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Vecteezy

Літва

«Тут у школы ніхто не прыходзіць і не палохае дзяцей»

Алеся ўжо два гады жыве ў Вільні разам з сям’ёй. Яе сын пайшоў тут у трэці клас.

«У нас дзіця пайшло ў 1 клас у беларускай школе, таму першае, што мне найбольш спадабалася ў мясцовай, — адсутнасць формы. Адзначу, што сын ходзіць у звычайную, дзяржаўную, бясплатную школу. Але пры гэтым яна новая і сучасная, нядаўна пабудаваная. З вялікім дворыкам, унутры таксама ўсё прадумана, ёсць нават пітныя фантанчыкі на калідорах.

Чаму я акцэнтую ўвагу на форме, бо памятаю, як мучылася з ёй дзіця ў 1 класе ў Беларусі. Пінжакі, скураныя туфлі — мне падаецца, гэта ўсё створана дзеля пакут дзіцяці. Магчыма, ёсць нейкая логіка ўводзіць форму ў больш старэйшых класах, хоць я не разумею і яе. Але для маленькіх у 6-7 год — гэта проста злачынства. Хоць тут таксама ёсць школы, дзе ёсць форма, але нам пашчасціла.

«Канцылярку» мы самі набываем, але збораў у школах на нейкія шторы ці фарбы няма.

Наш сын паспеў павучыцца ў беларускай школе тры месяцы, але за гэты час і на бацькоўскія сходы, і да дзяцей у клас некалькі разоў прыходзіў інспектар па справах непаўналетніх, каб нечым напалохаць. Тут такога няма. Ніхто не прыходзіць і не палохае дзяцей, таму яны адчуваюць сябе даволі свабодна.

Першыя два класы былі бясплатныя абеды. І толькі з 3-га класа будуць платныя. Але няма абавязку хадзіць на ўсе абеды і плаціць за іх, ты можаш узяць ссабойку. І тое самае з прадоўжанкай: няма такога, каб нейкія спісы складаліся, і калі ты падпісаўся, то абавязкова хадзі, ці калі не падпісаўся, то ўжо не трапляеш. Калі дзіця захацела застацца пасля ўрокаў, то спакойна застаецца, хоча ісці дамоў — ідзе. Прадоўжанка бясплатная».

«У школе цікавы, «несаўковы» адпачынак»

«На летніх вакацыях ёсць школьны лагер два тыдні. Дзяцей водзяць, напрыклад, у боўлінг, у музеі, у гэтым годзе вазілі ў Коўна на экскурсію. Гэта вельмі цікавая рэч і за адэкватныя грошы. Мы нават зайздросцілі сыну, у яго сапраўды якасны, несаўковы адпачынак.

Увогуле, даволі часта бываюць такія дні, калі могуць быць два ўрокі, а ў астатні час для дзяцей ладзяць свята ці некуды водзяць. Гэта могуць быць тыя ж экскурсіі ці кірмашы ў школе, напрыклад. Гэта прывабна для дзяцей і вельмі адрозніваецца ад беларускіх школ.

Калі казаць пра мінусы, то мы падбіралі школу пад кватэру, бо тут не надта хочуць здаваць з дзецьмі. Таму мы выбіралі па раёне, дзе знайшлі жытло. Але школа добрая, сучасная.

У класе дзеці размаўляюць па-руску, там ёсць украінцы, рускія, беларусы, мясцовыя літоўцы з рускамоўных сем’яў, кыргыз ёсць. Хоць я хацела б, каб сын вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Скарыны, але гэта ад нас вельмі далёка, таму ён вывучае тры мовы: рускую, літоўскую, англійскую. Дома мы размаўляем з ім па-беларуску.

І калі па літоўскай, англійскай мове падручнікі якасныя, сучасныя, то па рускай — суцэльны трэш. Казкі даводзіцца перакладаць з рускай мовы на рускую, бо там састарэлыя архаічныя словы, якія дзеці ў такім узросце не разумеюць.

А я не разумею, навошта сучасным школьнікам гэтыя чытанкі пра калабкоў, лісічак. Гэта можна даваць асобным курсам фальклору, але не асноўным матэрыялам.

Акурат нядаўна я шукала ў краме падручнікі-чытанкі на рускай мове, і кожны з іх — пекла. Курачкі Рабы і г. д. Не разумею, хто ў 9 год будзе гэта чытаць з ахвотай».

Польшча

«У школьных прыбіральнях туалетная папера, пракладкі для дзяўчынак»

Ірына пераехала ў Польшчу з двума дзецьмі амаль тры гады таму.

«У польскай школе мне падабаецца стаўленне да дзяцей. Я бачу, што да беларусаў увогуле вельмі добрае стаўленне.

Мае дзеці ў 1 і 3 класах. Хатнія заданні не задаюць увогуле, агулам навучанне вельмі мяккае, ад дзяцей не патрабуюць шмат. Але ведаю, што тут ёсць школы таксама, дзе ёсць хатняе заданне. Я так разумею, гэта залежыць ад школы.

Дзецям падабаецца хадзіць у школу. У іх добра абсталяваныя класы. Цудоўная прадоўжанка — там такія цацкі ёсць, што, напэўна, і дома не ўсе такія маюць. Усё вельмі чыста, акуратна. У прыбіральнях туалетная папера, пракладкі для дзяўчынак.

Грошы здаём, але не шмат. Малодшай на пачатку года прыкладна 130 злотых здалі, у старэйшай штомесяц збіраюць па 25 злотых, але гэта не на рамонт, а на розныя забавы для дзяцей — святы, экскурсіі. Платныя таксама абеды, але на іх можна і не хадзіць. За гурткі трэба плаціць.

На пачатку навучальнага года не прынята насіць кветкі ці падарункі настаўнікам. Лінейка была, на ёй быў польскі гімн, але цягнулася гэта ўсё нядоўга.

Да якасці адукацыі часам ёсць пытанні. Дзяцей проста ніхто не прымушае нічога рабіць. Гэта нас, якія вучыліся яшчэ ў савецкай школе, прымушалі. А тут: хочаш — вучыся, не хочаш — ніхто не будзе прымушаць. Але ў той жа час з першага класа англійская мова. Я бачу, што палякі добра размаўляюць па-англійску, і мне гэта падабаецца».

Чытайце таксама:

Дзецям больш за ўсё падабаецца Багдановіч. Як жыве беларускі ліцэй у Бельску Падляскім

«Восень у акенцы». Квітнее незвычайны бізнэс: бацькі набываюць дзецям гатовыя вырабы на працу і маляванне

Унікальны выпадак. У Маладзечне тры пары двайнят вучацца ў адной групе гімназіі-каледжа

У Барысаве ў школьнай сталовай прусакі поўзаюць па талерках і шклянках ФОТАФАКТ

Клас
21
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
4