У канцы сакавіка ў міліцыю Слуцка паступіў званок: маленькая дзяўчынка стаіць на аконным карнізе дзявятага паверха і можа ў любы момант сарвацца ўніз. Нарад, які прыбыў на месца, вызначыў нумар кватэры і, падняўшыся, знайшоў чацвярых малалетніх дзяцей, пакінутых без нагляду. Іх маці на момант здарэння была на працы, а роля «старэйшай» была адведзена 12-гадовай дзяўчынцы.

Сям'і надалі статус сацыяльна-небяспечнай, дзяцей забралі, а маці пазбавілі бацькоўскіх правоў. Але жанчына не згодная з рашэннем выканкама. Зінаіда Кальцова адразу пачала барацьбу за дочак. Яна завяла тыкток-канал, у якім расказвае пра складаны шлях па вяртанні дзяцей і прычынах, якія прывялі да гэтай сітуацыі.

Акрамя гэтага жанчына запісвае пранізлівыя ролікі, у якіх просіць Аляксандра Лукашэнку звярнуць увагу на яе праблему. Мяркуючы па ўсім, пакуль безвынікова.

«Муж плаціць 400 рублёў аліментаў. Я не магу не працаваць»

Зінаіда маці-адзіночка і самастойна выхоўвае пяцярых дзяцей: 17-гадовага сына ад першага шлюбу і чацвярых дзяўчатак ва ўзросце ад 3-х да 12-і гадоў — ад другога. Апошні шлюб распаўся банальна: муж пайшоў да маладзейшай жанчыны, пакінуўшы дзяцей на былую жонку.

Па словах гераіні, мужчына матэрыяльна дапамагае дзецям — штомесяц выплачвае каля 400 рублёў аліментаў, але што гэта за грошы. Таму яна вымушана хапацца за любыя магчымасці зарабіць: бярэ замовы як швачка і працуе кантралёркай у мясцовым кінатэатры.

дзеці Зінаіды Кальцовай

Фота: цікток акаўнт Зінаіды

Нягледзячы на складанасці, Кальцова з дзецьмі пражывае ў светлай двухпакаёвай кватэры. У дзяўчатак свой пакой з новымі двух'яруснымі ложкамі, пісьмовым сталом і месцам для цацак.

На відэа, выкладзеным у тыкток, бачны свежы рамонт, а сама кватэра не падобная да звыклых кватэр з тэлесюжэтаў пра няшчасныя сем'і. У шафе вісіць моднае адзенне, пашытае рукамі маці, на паліцах хапае навучальных гульняў і кніжак. Дзеці забяспечаныя гаджэтамі: у сына 13-ы айфон, у дзяўчатак ёсць планшэт. Аднак у сям'і існуюць свае цяжкасці.

«У мяне цяжкі характар»

Як прызнаецца жанчына, у яе пераменлівы нораў: «Магу быць мілай і добрай, але слова ўпоперак — і я гарачуся». Мусіць, менавіта гэтыя нюансы сталі прычынай разладу са старэйшым сынам — ужо некалькі месяцаў хлопец жыве ў цёткі.

Па словах жанчыны, пасля сыходу бацькі ён звязаўся з кепскай кампаніяй і пачаў выпіваць, мог не з'яўляцца дома, адмаўляўся прымаць лекі.

Зінаіда спрабавала ўразуміць падлетка: забараняла яму кантактаваць з сябрамі, лаяла за алкаголь і цыгарэты. Хлопчык не вытрымаў прэсінгу і пайшоў з дому. Маці спрабавала вярнуць сына, але наладзіць зносіны ўдалося незадоўга да гісторыі з акном.

Цяпер, калі вырашаецца права апекі над сёстрамі, хлопец зноў стаў аддаляцца: «Цяпер сыну ад мяне патрэбны толькі грошы. Ён вучыцца ў каледжы ў Капылі. Спадзяюся, ён яго скончыць і не ўцячэ, як толькі яму споўніцца 18».

 Зінаіда Кальцова

Фота: тыкток-акаўнт Зінаіды

Адносіны са старэйшай дачкой таксама нельга назваць бясхмарнымі: «На ёй скура гарыць, яе трэба трымаць у строгасці,» — апісвае дзяўчынку Зінаіда.

Дванаццацігадовая Аліса і сапраўды няпростае дзіця: яна можа вылаяцца матам і, знаходзячыся ў сацыяльным цэнтры, дае дыхту персаналу там. Пры гэтым дзяўчынка грае на фартэпіяна, наведвае гурткі і актыўна вядзе свой уласны тыкток.

У сваіх відэа Зінаіда не раз адзначае, што выхоўвае дзяцей у строгасці: «Я зараз у ролі і мамы, і таты, і мне трэба трымаць пугу і пернік у адной руцэ». Яна абмяжоўвае карыстанне планшэтам малодшымі дзецьмі і сочыць, каб урокі былі зробленыя старанна і ў тэрмін. Жанчына шмат часу ўдзяляе развіццю дзяцей. Усе малыя займаліся ў мясцовым ДК, выступалі на канцэртах, рана пачалі чытаць.

Дык за што забралі дзяцей?

Каля 20:00 28 сакавіка васьмігадовая дачка Зінаіды выйшла на падваконне з боку вуліцы. Дзяўчынка хацела парадаваць маму і сцерці бруд, які прыліп да шыбы з боку вуліцы. Зінаіды ў гэты момант дома не было. 

Жанчына так тлумачыць здарэнне: «Я працавала, былі канікулы — куды мне было дзець дзяцей?» і ў наступным відэа дадае: «Такая сітуацыя магла адбыцца з кім хочаце. Так, я была на працы. А калі б я ў прыбіральню выйшла? Дзіцяці не раз казалі не падыходзіць да акна — не паслухалася. І такое бывае».

З запісу, які Зінаіда схавана вяла на паседжанні камісіі, якая вырашала долю яе дочак, можна чуваць меркаванне іншага боку. На ім работнікі выканкама зачыталі сваё заключэнне: «Жыллёвыя ўмовы здавальняючыя, ёсць спальныя месцы, пасцель. Аднак падчас наведвання [кватэры камісіяй] Зінаіда паводзіла сябе агрэсіўна і выяўляла плаксівасць». На пытанне жанчыны, а «як яна павінна сябе паводзіць, калі ў яе забіраюць дзяцей?», члены камісіі не адказалі.

Наступнае паседжанне, на якім маці спрабавала адстойваць свой пункт гледжання і таксама намагалася весці запіс, скончылася вердыктам: «Вы агрэсіўна сябе паводзіце і настройваеце сябе супраць усіх астатніх».

 Зінаіда Кальцова, дзеці

Фота: тыкток-акаўнт Зінаіды

Па словах маці, іншым чыннікам забрання бацькоўскіх правоў магло паслужыць невыкананне аднаго з патрабаванняў нагляднай камісіі, якія былі ўручаныя ёй пасля здарэння: жанчына не наведвала псіхіятра-нарколага.

Адзначым, што Зінаіда не мае праблем з наркотыкамі, алкаголем ці курэннем і не стаіць на медычным уліку з-за псіхічных захворванняў.

Але наведваць спецыяліста ёй усё роўна даводзіцца — на фоне стрэсу жанчыне дыягнаставалі дэпрэсію і неўроз. На адным з такіх прыёмаў яна зрабіла відэазапіс размовы з доктарам:

— Скажыце як доктар, ці ёсць падставы не вяртаць мне дзяцей? — пытаецца Зінаіда.

— Тое, што вы адмовіліся ад лячэння — не нагода не вяртаць дзяцей. У вас не было вострых станаў, — адказвае доктар.

— Ці варта мне іх вярнуць?

— Я думаю, так.

На гэты момант маці мае даведкі, якія пацвярджаюць яе стабільны стан. У тым ліку даведку ад псіхолага, у якой гаворыцца аб адсутнасці неабходнасці лячэння.

Што пра гісторыю думаюць самі дзеці

Аліса, старэйшая дачка Зінаіды, выкладвае відэа ў тыкток, дзе кажа, што хоча вярнуцца дадому. Дзяўчынка дзеліцца: «Мама можа часам прыкрыкнуць, але для нас яна робіць усё» і дадае: «Тата пайшоў з сям'і, і ўсё пайшло наўскось».

На зварот самой жанчыны да дзяцей «чаго вы хочаце больш за ўсё?» малодшыя дзяўчаткі дружна адказваюць: «Хочам вярнуцца дадому».

Зінаіда спадзяецца, што, пакуль яна змагаецца за права быць маці, апеку аддадуць яе бацькам, дзеду і бабе дзяцей, і дзяўчат не адправяць у інтэрнат. 

Чытайце таксама:

«Нам практычна кожны тыдзень прыходзяць пацвярджэнні». Ва Украіне акрэслілі ролю Лукашэнкі ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей

У польскай Гайнаўцы бацькі змагаюцца за права сваіх дзяцей не вывучаць беларускай мовы

Унікальны выпадак. У Маладзечне тры пары двайнят вучацца ў адной групе гімназіі-каледжа

Клас
5
Панылы сорам
5
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
51
Абуральна
15

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?