Мінск, жнівень 2023 года. Фота Contributor Getty Images

Мінск, жнівень 2023 года. Фота Contributor Getty Images

«Рабілі пераклад усіх дамоў куплі-продажу»

Ганна прадала ў Беларусі дзве кватэры: адну ў кастрычніку мінулага года за 23 тыс. даляраў, а другую ў чэрвені за 65 тыс. даляраў. А яшчэ ў красавіку гэтага года беларуска прадала машыну за 10 тысяч даляраў.

«Вывозілі грошы наяўнымі. Дэкларавалі на абедзвюх межах. На ўсялякі выпадак рабілі пераклад усіх дамоў куплі-продажу ў перакладчыка.

Акрамя таго, на машыну была польская страхоўка, таму пераклад спатрэбіўся, каб страхоўку пакінулі новаму ўладальніку. Гэта было неабходна, каб купец мог выязджаць за мяжу без праблем, бо «Зялёная карта» ўжо не працуе. Мы, вядома, не абавязаныя былі, але вырашылі зрабіць прыемнае новаму ўладальніку машыны».

«Спыталі, ці ёсць пацвярджэнне паходжання грошай»

Вольга (імя зменена) таксама вывозіла з Беларусі грошы ад продажу сваёй кватэры.

«Везла гатоўку ў далярах праз літоўскую мяжу. Пры сабе ў мяне была дамова куплі-продажу. Запаўняла дэкларацыю. У дэкларацыі трэба з дакладнасцю да капеек пазначыць усю суму грошай, што ёсць пры сабе, ва ўсіх валютах.

Пералічвала грошы сама рукамі пад наглядам трох паненак на беларускай мяжы. Уся гэтая працэдура цягнулася досыць доўга — каля гадзіны. На літоўскай жа мяжы ўсё прайшло вельмі хутка: дэкларацыю запоўніла, а грошы нават паказаць не папрасілі».

У Польшчы Вольга паклала грошы на рахунак у банк PKO. Там у беларускі спыталі, ці ёсць пацвярджэнне паходжання грошай. Але паказаць яго не прасілі, удакладніўшы, што яно можа спатрэбіцца ў выпадку, калі такой вялікай сумай грошай зацікавіцца падатковая.

«На канверсіі страціла 1000 еўра»

Кацярына (імя зменена) прадала ў Беларусі нерухомую маёмасць за 70 тысяч даляраў. Аформіць здзелку без асабістай прысутнасці аказалася вельмі складана, але ўсё ж такі магчыма.

«Мы прынялі рашэнне скарыстацца паслугай «бяспечны плацеж»: пакупнік пераводзіць нам аплату ў далярах, і мы ў далярах без страты курса забіраем яе сабе. Кошт гэтай паслугі склаў 500 беларускіх рублёў».

Гэта былі першыя і самыя нязначныя страты, якія панесла дзяўчына. Для вываду грошай з Беларусі ў Польшчу Кацярына разглядала пераважна банкаўскі перавод. Яна хацела, каб грошы ў Польшчы былі афіцыйна ўлічаныя і каб была магчымасць скарыстацца імі для куплі новай нерухомай маёмасці ў Польшчы.

«Для пераводу грошай з Беларусі ў Польшчу выбралі Белсвісбанк. Там нам сказалі, што адзіны банк у Польшчы, на рахунак якога можна пералічыць грошы, — гэта банк PKO. Акрамя таго, перавод быў даступны толькі ў еўра, таму 70 тысяч даляраў нам давялося канвертаваць у еўра па курсе».

Кацярына ўспамінае, што выніковы курс аказаўся нявыгадным з-за двайной канверсіі, а яшчэ дзяўчына-касірка першапачаткова нешта пераблытала і назвала іншы курс. У выніку ў Кацярыны атрымалася на 1000 еўра менш, чым яна чакала.

У банку PKO рахунку ў Кацярыны на той момант не было, то ёй спачатку прыйшлося яго адкрыць. А там ёй спачатку адмовілі праз грамадзянства Беларусі. Пытанне прыйшлося вырашаць у кіраўніцтва ўстановы, але рахунак у выніку адкрылі.

Перавод праводзілі праз сістэму SWIFT. Ніхто не даваў гарантый, што ў канчатковым выніку ён будзе зроблены: грошы на працягу двух месяцаў маглі вярнуцца назад на беларускі рахунак. З-за гэтага Кацярына вельмі перажывала. Тым не менш грошы прыйшлі на наступную раніцу. Камісія за ўсе аперацыі склала каля 550 еўра.

«У выніку з 70 тысяч даляраў на польскі рахунак мне прыйшла сума 63 875 еўра».

Далей усё прайшло лёгка.

«Ніякай складанасці не было па курсе перавесці грошы з рахунку ў еўра на рахунак у злотых і разлічыцца за нерухомую маёмасць. Мы купляем [зямельны] ўчастак, і нам неабходна было ўнесці задатак».

На выпадак, калі б з пераводам з Беларусі нічога не выйшла, у Кацярыны былі запасныя варыянты. Яна нават дапускала, што папросіць кагосьці перавезці грошы наяўнымі праз мяжу.

Чытайце таксама:

«Схадзіў муж па прадукты на 20 еўра, то-бок я яму вінная 10 еўра». Беларуска расказала, як можа быць уладкаваны сямейны бюджэт 

Бюджэт вольнага мужчыны: на што і як трацяць грошы беларускія халасцякі

«Не вы адмаўляецеся ад Радзімы, а яна ад вас». Спецыяліст прааналізавала псіхалагічнае вымярэнне ўказа №278

Клас
17
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
6
Абуральна
6