Фота: «Наша Ніва»

Фота: «Наша Ніва»

Яўгенія адзначае, што змянілася сапраўды шмат што. Ад некаторых пастаянных кліентак давялося адмовіцца праз палітычныя погляды. Але, як кажа Яўгенія, «на шчасце, такіх было няшмат». Змяніліся і трэнды ў манікюры.

— Ведаеце, што цяпер найбольш часта просяць зрабіць мае кліенткі? — сумна ўсміхаецца субяседніца. — Пазногці як мага карацейшыя і нюдавае пакрыццё, каб, калі раптам затрымаюць, было не так прыкметна, як манікюр адрастае.

Яўгенія чытала гісторыю пра жанчыну з Магілёва, якую затрымалі за бэчэбэ-манікюр. Сама яна ўжо даўно не робіць манікюру з такім спалучэннем колераў нават пастаянным кліенткам. Пад забаронай, яе асабістай, яшчэ адно спалучэнне.

 — Праз пару месяцаў пасля таго, як Расія напала на Украіну, адна мая кліентка вельмі прасіла зрабіць ёй жоўта-блакітны манікюр, каб атрымаўся сцяг Украіны. Я катэгарычна адмовілася, бо памятала, у якой краіне мы жывём. Кліентка настойвала і казала, што яна дарослы чалавек і сама можа ацаніць рызыку для сябе. Я расплакалася. Пачуццё віны мяне б знішчыла, калі б яе затрымалі. Я нават не пагаджаюся рабіць разам блакітны манікюр і жоўты педыкюр.

Субяседніца згадвае кур’ёзны выпадак з восені 2020 года.

— Здаецца, у верасні прыйшла маладая жанчына, якая папрасіла намаляваць ёй на двух пальцах беларускі сцяг. У мяне нават і думкі не ўзнікла аб тым, што могуць быць варыянты. Тым больш што перад гэтым я пафарбавала ёй пазногці ў белы колер. Я прынесла ўжо чырвоны лак і збіралася пачаць маляваць. А тут раптам кліентка кажа: «Пачакайце, вы не паказалі мне зялёны лак. Я хачу сама абраць адценне». Здаецца, я на некалькі хвілін завісла. Сядзела і думала: а дзе ж зялёны колер на нашым сцягу? А потым як зразумела. 

Паводле слоў манікюркі, якая любіць гутарыць са сваімі кліенткамі, ябацек сярод іх амаль няма, затое часта бываюць расіянкі.

— Гэта заўсёды нейкі трэш, — шчыра прызнаецца Яўгенія. — Яны ў такім захапленні ад Лукашэнкі, вось гэтае шчырае: «Вы ж такія шчаслівыя, вам так пашанцавала».

Перыядычна бывае, што якая-небудзь дама абураецца праз тое, што ў нас немагчыма разлічыцца расійскімі рублямі: «Як гэта так? Жывём у Саюзнай дзяржаве, а грошы розныя?!»

Але, кажа суразмоўца, бываюць і іншыя размовы. Адна расіянка пачала расказваць, як павяла дванаццацігадовага сына ў Мінску ў барбершоп. «І там барбер стрыжэ — мускулісты такі, высокі. І я яму кажу: чаму такі малады і здаровы мужчына не на фронце? Чаму не абараняе нашу Саюзную дзяржаву? А ён спакойна так адказвае, што не хоча паміраць за амбіцыі іншаземнага палітыка». Гэта так уразіла жанчыну, што яна мне гэта расказвала. Я маўчала. А наша адміністратарка ўсё чула і ўключыла музыку гучней.

Сітуацыя ў краіне паўплывала на размовы з кліенткамі. З выпадковымі кліенткамі Яўгенія цяпер большую частку часу маўчыць. Кажа, што бываюць выпадкі, калі нейкая новая жанчына настойліва хоча пагаварыць пра палітыку ці пра вайну. А даўнія кліенткі распавядаюць пра свой боль.

— Апошнія тры гады ўвесь час выслухоўваю, як у кагосьці затрымалі мужа, брата, бацьку, сябра дзяцінства… З кліенткамі мы можам паплакаць, яны расказваюць мне пра лісты ў СІЗА.

Асаблівае цяпер перажываеш, як кажа Яўгенія, калі кліентка спазняецца на манікюр, а звязацца з ёй не ўдаецца.

— Раней я заўсёды злавала ў такіх сітуацыях. Думала, што чалавек не ўмее планаваць свой час. Ці ўвогуле вырашыў не прыходзіць на манікюр з нейкіх сваіх прычын, але не папярэдзіў, а я ў выніку губляю грошы. Цяпер мне пляваць на грошы — я хвалююся, каб з кліенткай было ўсё добра. Бо ў нас у салоне была сітуацыя, калі дзяўчына не прыйшла на свой час, а праз некалькі тыдняў высветлілася, што яе пасадзілі.

Чытайце таксама:

Жыхарку Магілёва затрымалі за БЧБ-манікюр. Яе дапытваюць са змененымі галасамі

Апазналі па відэа з дзіцём на руках. Як экс-следчага і ягоную жонку асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту

«Бабуля дазволіла сябру прыйсці на мой дзень нараджэння, але з умовай — праспяваць нам афіцыйны гімн». Школьнікі згадваюць 2020-ы

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?