На адной з акцый за межамі Беларусі з напамінам пра беларускіх палітвязняў

На адной з акцый за межамі Беларусі з напамінам пра беларускіх палітвязняў

Выйсці «як у кіно» не атрымалася

Калі восенню пачалося абмеркаванне амністыі, Алег нават не думаў, што можа апынуцца ў ліку тых, каго вызваляць. Андрэй таксама сачыў за сітуацыяй з законам і ўзрадаваўся, калі зразумеў, што можа трапіць пад яе. Нават супрацоўнікі ПУАТ казалі, што ў яго ёсць усе шанцы выйсці.

Шанцы на вызваленне Алег абмяркоўваў з роднымі, а тым, хто адбываў пакаранне разам з ім, нічога не казаў да апошняга — на ўсялякі выпадак.

«Калі б у мяне былі нейкія «нарухі» (парушэнні), то, можа, і не адпусцілі б. Я паводзіў сябе так, каб не было нават фармальнай падставы для спагнання. Хоць, вядома, разумею, што было б указанне — былі б і парушэнні. Але вось неяк абышлося», — распавядае ён.

Рашэнне аб амністыі прымалі камісіі пры адміністрацыях ПУАТ. Абодва палітвязні чакалі яго некалькі месяцаў, а пра вызваленне даведаліся за некалькі гадзін. Алегу ў нейкі момант проста сказалі падысці да дзяжурнага і распісацца «за пражыванне».

«І я разумею, што сёння нарэшце адпусцяць. Лішніх пытанняў не задаваў, таму што ўсё адно ніхто не адкажа. Дзесьці праз гадзіну мне сказалі збіраць рэчы», — расказвае ён.

Па словах Алега, выйсці з рэчамі за вароты «як у кіно» ў яго не атрымалася. У суправаджэнні міліцыі яго даставілі на вакзал і пасадзілі на цягнік.

У Андрэя ўсё адбылося яшчэ больш спантанна. «Я пытаўся, калі ўжо. Мне кажуць: паўгода ёсць у нас для прымянення закона. А потым у адзін дзень да мяне прыходзіць супрацоўнік «хіміі» і кажа: «Збірайцеся, мы павінны адвезці вас на вакзал». Я стаў прасіць даць мне хоць бы гадзіну на зборы, каб па мяне паспела сям'я прыехаць».

Час на зборы яму ўсё ж такі далі, але родныя не паспелі прыехаць з іншай вобласці. Супрацоўнік «хіміі» адвёз Андрэя на вакзал, а адтуль ён сам зноў вярнуўся ў горад і дачакаўся сям'ю.

«На маёй памяці гэта другі быў такі выпадак, каб адміністрацыя кагосьці адвозіла на вакзал. Першы раз быў нейкі хуліган злосны, ну і вось я — другі», — расказвае Андрэй.

«Тут можна жыць, пакуль не нарвешся»

Дома, кажа Алег, апынуцца было прыемна, але не было нейкай «звышрадасці».

«Я даўно чакаў, і вось яно адбылося, таму эмоцый ніякіх асаблівых не было. Калі столькі чакаеш — якія могуць быць эмоцыі. Амністыя ж да 17 верасня была. Жонка таксама спакойна адрэагавала, прыехаў і прыехаў. На нас усіх вельмі адбілася стомленасць ад таго, што здарылася», — кажа ён.

Андрэй жа «быў страшна рады» апынуцца дома. Першыя дні быў заняты сустрэчамі з роднымі і сябрамі. «Абняў блізкіх нарэшце, пагаварыў з усімі. Зразумела, некаторыя да мяне прыязджалі, але не ва ўсіх была такая магчымасць. І вось раптам убачыліся».

Па вяртанні дадому Алег прыйшоў у міліцыю, дзе паказаў даведку аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці. Па словах Алега, яго не паставілі на ўлік і з праверкай да яго дадому міліцыя не ходзіць.

«Прыехаў і прыехаў, куды — спачатку сам не зразумеў. Цяпер быццам жывём, усё нармальна. Тут можна жыць, пакуль не нарвешся. А так, вядома, самі разумееце, тут быў бы чалавек, а артыкул знойдзецца», — кажа ён.

У Андрэя ўсё было прыкладна так жа сама — прыйшоў у міліцыю, адзначыўся. Там, кажа ён, сустрэлі «не надта гасцінна», але на ўлік таксама не паставілі.

Прыкладна праз паўтара месяца Андрэй атрымаў памятку ад цэнтра сацыяльнай абароны, у якой яго павіншавалі з вызваленнем. Акрамя таго, у памятцы было пазначана, што ён можа звярнуцца да псіхолага і па матэрыяльную дапамогу.

«Я туды пайшоў, але аказалася, што ўсе тэрміны, каб падаць дакументы на матдапамогу, ужо прайшлі», — распавядае ён.

Андрэй кажа, што ўспрымае тое, што здарылася з ім, «як страшны сон», і амаль не ўспамінае «хімію».

«Перапісваюся з адным таварышам адтуль, не палітычным, яму яшчэ паўтара года гэтую лямку цягнуць. А больш нават і сувязі ні з кім не падтрымліваю. У мяне засталіся даўжнікі на «хіміі», але прасцей пра грошы забыцца».

Чытайце таксама:

«Амаль заўсёды яны выходзяць з турмы «з воўчым білетам». Беларусы робяць праект па адаптацыі экс-палітвязняў

«Мама сказала: можа, і добра, што цябе пасадзілі». Былы палітвязень пра турэмшчыкаў, асуджаных з нізкім статусам і боязь расіян

«Гэтыя людзі для мяне не існуюць». Экс-гендырэктар БАТЭ — пра жыццё пасля таго, як выкінуў у знак пратэсту міліцэйскую форму

«Убачанае ашаламіла». Перакладчык з Бабруйска — пра паўтара года за кратамі, знішчаныя рукапісы, шлюб у няволі і навуку выжываць

Клас
7
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
12
Абуральна
4