У чэрвені з'явілася навіна, што ў Мінску запрацаваў іспанскі візавы цэнтр (пасля гадавога перапынку). Патэнцыйныя турысты цешыліся, што зараз у іх зноў з'явіцца магчымасць падавацца на іспанскую візу ў сталіцы. Да гэтага агенцтва адпраўляла беларусаў у Маскву, што, пагадзіцеся, не вельмі зручна.

Як і раней, рашэнні наконт віз прымаюць не ў нас, гэта адбываецца ў Генеральным консульстве Іспаніі ў Расіі, куды дакументы прывозяць кур'ерскія службы. Затое з адкрыццём візавага цэнтра як мінімум адпала неабходнасць у асабістай падачы.

З моманту адкрыцця візавага цэнтра прайшло ўжо больш за два месяцы. Дзясяткі, а то і сотні турыстаў павінны былі вярнуцца з прасторных іспанскіх пляжаў. Але шчасліўчыкаў, якім удалося гэтым летам атрымаць іспанскі шэнген, аказалася няшмат. У тэлеграм-чаце «Віза ў Іспанію» больш за 1,5 тысячы ўдзельнікаў, і толькі адзінкі на пытанне журналіста адпісаліся аб атрыманай візе.

На першы погляд, усяму віной праблемы з тэрмінамі разгляду дакументаў у Генеральным консульстве Іспаніі. Калі адразу пасля адкрыцця беларусаў арыентавалі на тры тыдні чакання, то ўжо з 4 ліпеня ўводныя памяняліся: турыстаў папярэдзілі, што дакументы будуць разглядаць шэсць тыдняў. Аднак аказалася, што і гэта не мяжа.

Запіс ідзе — адкуль незадаволеныя?

Як паказала практыка, закладваць на візу трэба два месяцы ці нават болей. З тых, хто падаваўся ў Мінску ў першых шэрагах (гэта значыць у канцы чэрвеня), многія да гэтага часу не атрымалі свае пашпарты назад.

Насця аддала дакументы 27 чэрвеня. Упэўнівае, што працаўнікі візавага цэнтра тады выразна казалі пра тры тыдні. Свой адпачынак дзяўчына спланавала з запасам — на пачатак жніўня.

— Але цуду не адбылося, я патрапіла ў лік тых няшчасных, хто да гэтага часу чакае свой пашпарт. Мы спрабавалі перанесці наш аўтобусны тур на новыя даты — з 27 жніўня, але час імкліва набліжаецца, а навін няма. Візавы цэнтр інфармацыі не дае, работнікі пішуць, што «дакументы на разглядзе ў консульстве». У адпачынак я, вядома ж, не пайду, пакуль мне не вернуць дакументы.

Адказы візавага цэнтра на лісты беларусаў

Адказы візавага цэнтра на лісты беларусаў

Юлія падавалася на візу 29 чэрвеня, паездку аптымістычна планавала на канец ліпеня. Калі ўлічыць шасцітыднёвы інтэрвал на афармленне дакументаў, адпачынак ужо тады быў пад пагрозай зрыву. У выніку прайшло амаль два месяцы, а пашпартоў усё няма.

— На адпачынак у Іспаніі я ўжо не спадзяюся. Перанесла свой водпуск на пачатак верасня ў Турцыі. Але цяпер вялікія сумневы, што я ўбачу свой пашпарт і паспею паехаць хоць кудысьці! А я ж ужо аплаціла паездку, — нервуецца мінчанка. — Хутчэй за ўсё, трэба рабіць новы пашпарт тэрмінова, а таму пісаць, што ён згублены.

Анатоль быў рады, калі яму ўдалося запісацца на падачу дакументаў 27 чэрвеня. Тады ён планаваў паездку на сярэдзіну жніўня.

— Адпачынак прыйшлося перанесці. Праз тое, што няма пашпарта, накладваюцца іншыя праблемы. Якраз у ліпені ў мяне скончыўся тэрмін дзеяння заробкавай карткі, і без пашпарта новую не забраць… Я не магу карыстацца грашыма.

Праз праблемы з візамі прыйшлося пераносіць вяселле

У Кацярыны, мабыць, самая эмацыйная гісторыя з усіх. Спроба зрабіць візу абярнулася для яе пераносам вяселля і зваротам у міліцыю.

— Я падала дакументы на візу 5 ліпеня. Як і іншым, мне абяцалі недзе тры тыдні на разгляд дакументаў. Дзевятнаццатага жніўня ў мяне павінна было быць вяселле, а на 23-е былі набытыя квіткі ў вясельнае падарожжа. Натуральна, нікуды мы не паляцелі. Вяселле прыйшлося перанесці, дзякуй ЗАГСу, што пайшлі насустрач, далі нам час на роспіс да 5 верасня.

Васямнаццатага жніўня дзяўчына напісала заяву ў міліцыю. Кажа, у яе проста не вытрымалі нервы, бо так і не ўдалося атрымаць канкрэтную інфармацыю аб руху пашпартоў ад работнікаў візавага цэнтра. Яна два разы пакідала зварот у кнізе заўваг і прапаноў, атрымала адзін адказ.

— Я прыходзіла ў візавы цэнтр некалькі разоў, мне не казалі нічога канкрэтнага наконт тэрмінаў. Неаднаразова прасіла дырэктара пагаварыць са мной. Але чалавек увесь час «у ад'ездзе», «на абедзе», «у бухгалтэрыі». У выніку я вырашыла выклікаць міліцыю. Ужо ў аддзяленні напісала заяву на непрадстаўленне інфармацыі, і мне сказалі, што я ўжо не першая, распачата праверка.

Спроба зрабіць візу аказалася для Кацярыны не толькі нервовай, але і затратнай. Спачатку яна заплаціла 450 рублёў іншаму агенцтву за тое, каб для яе знайшлі акенца на запіс у ВЦ, і каля 250 рублёў пакінула ў самым візавым цэнтры. Гэтая сума ўключае консульскі збор (€35), сэрвісны збор і лагістычны збор (за перамяшчэнне пашпарта).

Адмена вяселля і паездкі таксама каштавала грошай.

— Нам пашанцавала, што многія вясельныя падрадчыкі ўвайшлі ў становішча і вярнулі перадаплату. Гасцініцу мне таксама ўдалося адмяніць з невялікім штрафам. А вось грошы за авіябілеты мы страцілі (гэта каля € 560), — пералічвае выдаткі Кацярына. — Цяпер мы знаходзімся ў падвешаным стане. Васямнаццатага жніўня я напісала заяву на вяртанне пашпарта, але мне пакуль нічога не адказалі.

Страцілі €3 тыс. і кучу нерваў

Яшчэ адна паездка сарвалася —– і касмічныя страты з боку турыстаў. 

Сям'я ў складзе траіх дарослых і дзіцяці купіла білеты па маршруце Вільня — Барселона — Лісабон і ў выніку страціла €1400. Яшчэ €1500 згарэлі за бронь гатэля ў Барселоне, бо там не было опцыі бясплатнай адмены.

Трэба прызнаць, што беларусы рызыкавалі. Чацвёртага ліпеня яны падалі дакументы, а на 4 жніўня запланавалі паездку. Калі стала зразумела, што вылет блізка, а пашпартоў няма, беларусы пачалі рабіць самыя актыўныя дзеянні.

— Напярэдадні паездкі нашы іспанскія сябры пісалі лісты консулу з просьбай хутчэй разгледзець дакументы. А ўжо 2 жніўня ўся наша сям'я стаяла ў Маскве пад дзвярамі консульства і прасіла прыняць нас. Ахоўніца сказала, што з 4 ліпеня консульства катэгарычна забараніла пускаць людзей і прасіць штосьці ў консула. Хаця раней такая магчымасць у экстранных выпадках была. Нам вельмі паспачувалі, але нічым не памаглі. Таксама мы з'ездзілі ў абодва візавыя цэнтры ў Маскве — безвынікова. Пашпарты дагэтуль у консульстве на разглядзе.

Дакументы месяц едуць да Масквы?

На якім этапе адбываецца затрымка з дакументамі, сказаць цяжка. Адказваючы на ​​лісты кліентаў, працаўнікі мінскага ВЦ спасылаюцца на тое, што разглядам дакументаў на візу займаецца консульства ў Маскве і візавы цэнтр ніяк не можа паўплываць на гэты працэс.

У работнікаў консульства зараз ёсць права разглядаць заяўкі 45 дзён у сувязі з тым, што паміж ЕС і Расіяй было спынена дзеянне пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму. Магчыма, беларусы патрапілі пад гэтую хвалю, хаця з нашай краінай пагадненне па-ранейшаму дзейнічае, адзначае дырэктар агенцтва Tutvisa.by Глеб Ларыёнаў.

— Іншыя краіны аддаюць дакументы беларусам значна хутчэй. У немцаў тэрмін разгляду звычайна складае 7—8 дзён, у італьянцаў — да 14, у венграў — 7—10. Польшча можа аддаць пашпарты за 3 дні, а можа трымаць і 15. Тэрмін шэсць тыдняў фігуруе пакуль толькі ў Іспаніі. Уся праца цяпер ідзе праз Расію, і пачак дакументаў ад беларусаў, імаверна, губляецца на фоне вялікага пачка пашпартоў расіян.

У самім консульстве Іспаніі праблему прызнаюць, але звяртаюць увагу на цяжкасці з дастаўкай дакументаў з Мінска. Вось які адказ з Масквы мы атрымалі па электроннай пошце (прыводзім пераклад з іспанскай):

«Нам вядома, што ў сувязі з нядаўнім адкрыццём новага візавага цэнтра ў Мінску ёсць пэўныя затрымкі ў дастаўцы пашпартоў праз лагістычныя праблемы з боку BLS International Services (міжнародная кампанія, прадстаўніцтвам якой з'яўляецца ВЦ у Мінску. — Заўв. Onlíner) . Мы спадзяёмся, што гэтыя цяжкасці будуць вырашаныя ў найбліжэйшы час, і праца з візавымі заяўкамі вернецца ў нармальнае рэчышча».

Судзячы па ўсім, гэта стандартны адказ. Іншым беларусам прыходзілі лісты з падобнай фармулёўкай.

На праблемы з дастаўкай дакументаў з Мінска ўказваюць і назіранні беларусаў, якія ўважліва сачылі за статусам сваіх заявак (гэта можна зрабіць анлайн). Напрыклад, дзяўчына з адмененым вяселлем сцвярджае, што яе дакументы былі перададзеныя ў консульства толькі 1 жніўня. І гэтую дату згадваюць іншыя пацярпелыя.

«Мы падавалі дакументы сям'ёй 5 ліпеня. Нам абяцалі вярнуць іх не пазней за 16 жніўня з агаворкай, што ўжо праз тры тыдні можна правяраць статус, — расказвае Арцём. — Па статусах: 6 ліпеня — статус «Заява на шляху ў консульства», 1 жніўня ён змяніўся на «Заяву ў консульстве Іспаніі». І на гэтым усё. 

Атрымліваецца, што амаль цэлы месяц пашпарты ехалі ў Маскву».

«Падача была 4 ліпеня. Судзячы па статусе, дастаўлялі дакументы ў консульства месяц, у той час як першапачаткова казалі пра адпраўку пашпартоў адзін-два разы на тыдзень. У цэлым гэта нейкі нерэальны тэрмін. Любая кур'ерская служба дастаўляе дакументы максімум тыдзень», — дзівіцца Ліза.

«У нас пашпартоў да гэтага часу няма, хаця падаваліся 30 чэрвеня. Статус да 1 жніўня быў такім: «Адпраўлена ў консульства», — піша ў рэдакцыю Косця. — Я, шчыра кажучы, не асабліва ўнікаў у гэты нюанс, быў упэўнены, што калі адпраўлена, значыць дакументы ўжо ў консульстве. А калі з'явіўся статус «На разглядзе», стала зразумела, што наўрад ці мы кудысьці паедзем. Дакументы ў гэтым статусе ўжо больш за два тыдні. Самае дрэннае, што датэлефанавацца да візавага цэнтра нерэальна, нават калі рабіць гэта кожную секунду. Там проста не бяруць трубку».

Журналісты пацвярджаюць: па тэлефоне, указаным на сайце, звязацца з ВЦ не атрымалася. Недаступнымі аказаліся і тыя нумары, якімі абменьваліся адзін з адным удзельнікі чата «Віза ў Іспаніі». Менавіта на недахоп інфармацыі скардзіцца большасць з тых, хто пагадзіўся паразмаўляць з журналістамі.

Па электроннай пошце на ліст адказалі і паабяцалі выйсці на сувязь. 

Хто-небудзь увогуле атрымаў візу?

Так, такія людзі ёсць. Гавораць, некаторыя з тых, хто пакідаў заяўкі ў канцы чэрвеня, атрымалі пашпарты на пачатку жніўня. Пра гадавыя «мульцікі» ад удзельнікаў чата журналісты не чулі, толькі пра «месячны шэнген».

Кацярына з тых, каму запаветны штамп у пашпарт уклеілі пасля паўтара месяца чакання.

— Я падавала дакументы ў візавым цэнтры Мінска 26 чэрвеня, а візу запытвала з 27 ліпеня. Супрацоўніца запэўніла, што за тры-чатыры тыдні пашпарт вернецца. Але толькі 27 ліпеня статус абнавіўся на «Заява знаходзіцца ў консульстве». Я пыталася ў лістах, дзе мой пашпарт катаўся амаль месяц, але мне нічога не адказалі. Адзінаццатага жніўня прыйшло SMS аб тым, што пашпарт можна забіраць. Вынік: віза ўклеена і дзейнічае з 2 жніўня па 1 верасня. Уезд аднаразовы.

У выпадку Кацярыны прайшло амаль 10 дзён дзеяння месячнай візы, перш чым ёй вярнулі пашпарт. Спланаваць паездку ў Іспанію дзяўчына ўжо не паспявала.

— Працу ніхто не адмяняў, а адпачынак скончыўся, таму я так нікуды і не злятала. Каб выкарыстаць візу, з'ездзіла ў Літву.

Аляксей прызнаецца: праз квэст з атрыманнем візы гэтае лета для яго прайшло ў стрэсе. Але, параўноўваючы свой досвед з іншымі, ён лічыць, што абышоўся лёгкім спалохам.

— Я самастойна запісаўся ў візавы цэнтр на 23 чэрвеня. Пры падачы 10 разоў перапытаў, якія тэрміны атрымання візы. Мне абяцалі, што ўсё зробяць за тры тыдні. Далей было доўгае чаканне без усялякай інфармацыі. Месяц спрабаваў датэлефанавацца — безвынікова. У ліставанні мне адказалі, што гэта транспартныя выдаткі, яны невінаватыя.

Чацвёртага жніўня я папрасіў бланк на вяртанне пашпарта і адправіў яго. А ўжо 11 жніўня статус па маёй заяўцы абнавіўся, я змог забраць пашпарт. Запытваў візу я на тры гады з 23 жніўня — мне далі месячную з гэтай даты. Цяпер мы з жонкай знаходзімся ў Паланзе, адпачынак у нас не сарваўся. Гэта значыць, я трапіў у катэгорыю людзей, якія абышліся без страт, — распавядае хлопец.

Калі не Іспанія, дык якія варыянты?

Перспектыва месячнай візы цяпер натхняе не ўсіх. Асноўны запыт у беларусаў, якія падаліся, сёння — як вярнуць пашпарты. Людзі цікавяцца працэдурай адклікання дакументаў.

Як зразумела з адказаў візавага цэнтра, для гэтага трэба напісаць заяву. Але зноў жа ніхто не гарантуе хуткага вяртання дакументаў. Кліентаў арыентуюць на тыдзень чакання і падкрэсліваюць, што «выхад дакументаў будзе залежаць ад працы консульства».

Што рабіць, калі вам патрэбная віза і вы спадзяваліся на іспанскі візавы цэнтр? 

У агенцтвах лічаць, што гэты варыянт па-ранейшаму нельга спісваць з рахункаў. Але, запісваючыся на Іспанію, трэба быць гатовымі да працяглага чакання. Калі вы хочаце атрымаць шэнген гарантавана на працягу месяца, лепш разгледзець Грэцыю.

— Гэта самы рэальны варыянт, хоць і не вельмі зручны. Рэч у тым, што Грэцыя амаль заўсёды ставіць аднаразовыя візы. Шэнген на паўгода — гэта выключэнне, — каментуе Глеб Ларыёнаў.

Тым, хто хоча атрымаць візы на год-два, спецыяліст раіць падавацца праз візавы цэнтр Італіі ў Мінску ці пасольства Германіі.

— У Нямеччыну падача на турыстычны шэнген цяпер ідзе на красавік. Калі ёсць запрашэнне, можна запісацца на студзень. На Італію мы ловім даты на верасень, але можна асабіста падысці ў візавы цэнтр Італіі і бясплатна запісацца ў сшытак. Вам патэлефануюць, напэўна, у лістападзе-снежні. Візы даюць добра: часам аднаразовыя, а часам на паўгода-год-два. І па-ранейшаму працоўным застаецца варыянт з Венгрыяй, яны 50/50 даюць аднаразовыя і на два-тры гады. Нязручнасць толькі ў тым, што трэба поўнасцю загадзя аплачваць гатэль. І ёсць праблемы з запісам, як і па многіх іншых кірунках, — падсумоўвае дырэктар агенцтва Tutvisa.by.

Чытайце таксама:

Бойкі «раён на раён» і моцная класавасць. Як беларус паўгода працаваў у Папуа — Новай Гвінеі

«Мы маладыя, хочацца пагуляць». Беларусы расказалі, на якія заробкі жывуць і на што іх трацяць

Адпачынак казачны, але не бюджэтны: як сям'я з Брэсцкай вобласці бавіла час у парку жывёл «Дыпрыз»

Адну з найбяднейшых краін Еўропы апанаваў самы сапраўдны турыстычны бум

Клас
0
Панылы сорам
6
Ха-ха
6
Ого
0
Сумна
18
Абуральна
6