Фота: Alexander Demianchuk, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Фота: Alexander Demianchuk, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Канец 2018 года быў для Лукашэнкі і Пуціна азмрочаны крызісам у адносінах паміж Беларуссю і Расіяй, што ўзнік з-за правядзення Масквой так званага падатковага манеўру, які прывёў да падаражэння нафты для Беларусі. 

Расійскі бок адмаўляўся абмяркоўваць тэму кампенсацыі, якой патрабаваў рэжым Лукашэнкі. 13 снежня на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ў Брэсце тагачасны расійскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў строга звярнуў увагу Мінска на два «інтэграцыйныя сцэнарыі», у якіх для атрымання грошай Беларусі прыйдзецца ісці на сур’ёзныя саступкі, фактычна да страты суверэнітэту.

«Я разумею гэтыя намёкі: атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расіі. Я заўсёды пытаю: такія рэчы ў імя чаго робяцца? Вы падумалі пра наступствы? Як на гэта паглядзяць у нашай і вашай краіне і міжнародная супольнасць? Не кіем, дык палкаю інкарпаруюць краіну ў склад іншай краіны», — адрэагаваў на ўльтыматум Лукашэнка. 

Апошняя сустрэча лідараў адбылася 29 снежня. 

Перад новым 2019 годам Аляксандр Лукашэнка павіншаваў са святам Уладзіміра Пуціна, нагадаўшы, што ў надыходзячым годзе будзе адзначацца дваццацігоддзе з дня падпісання Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і што сёння саюз двух народаў ужо адбыўся. Але ў навагоднім звароце да беларусаў Лукашэнка наўмысна ні словам не абмовіўся пра Расію, не закранаў тэму Саюзнай дзяржавы і інтэграцыі з Масквой. 

Важны штрых для наступнай гісторыі: у гэтую ж навагоднюю ноч папулярны ўкраінскі комік Уладзімір Зяленскі абвясціў, што вылучае сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта Украіны.

2019 — восем сустрэч

13 лютага. Сочы

Першая сустрэча за год Лукашэнкі і Пуціна адбылася 13 лютага, калі беларускі кіраўнік прыляцеў у Сочы, каб дамовіцца аб кампенсацыі па падатковым манеўры. «Вы павінны ведаць, што ў кантэксце міжнародных адносін адносіны Беларусі і Расіі непарушныя, хто б што ні пісаў і ні казаў», — казаў Лукашэнка.

14 лютага Лукашэнка ўдзельнічаў у нефармальнай сустрэчы з прэзідэнтамі Расіі, Ірана і Турцыі ў фармаце чаявання на тэрыторыі санаторыя «Русь». У апошні дзень Пуцін і Лукашэнка ў адной камандзе згулялі ў хакей, разграміўшы сапернікаў з лікам 16:1.

«Мы гатовыя настолькі ісці далёка ў яднанні, аб'яднанні нашых намаганняў, дзяржаў і народаў, наколькі вы гатовыя», — падсумаваў Лукашэнка вынікі сустрэчы. Аднак падкрэсліў, што суверэнітэт — «гэта святое», а для аб'яднання дзвюх краін неабходна, каб да гэтага былі гатовы іх жыхары.

27 красавіка. Пекін

Яшчэ 19 красавіка канцэрн «Белнафтахім» заявіў пра «рэзкае пагаршэнне» якасці расійскай нафты, якая паступае па нафтаправодзе «Дружба». Лукашэнка і Пуцін на палях форуму «Адзін пояс, адзін шлях» у Пекіне «вельмі коратка» абмеркавалі сітуацыю з пастаўкамі няякаснай расійскай нафты. Пуцін паабяцаў расследаванне з прыцягненнем спецслужбаў.

9 мая Лукашэнка не паляцеў на парад у Маскву, патлумачыўшы гэта тым, што не атрымліваў запрашэння на святочныя мерапрыемствы ад расійскага кіраўніцтва.

29 мая. Нур-Султан (Астана)

Саміт Еўразійскага эканамічнага саюза ў Нур-Султане. Фота: БелТА

Саміт Еўразійскага эканамічнага саюза ў Нур-Султане. Фота: БелТА

Ізноў прэзідэнты сустрэліся толькі 29 мая на палях саміту Еўразійскага эканамічнага саюза ў Нур-Султане (так тады звалася сталіца Казахстана), дзе абмеркавалі пытанні паглыблення двухбаковай інтэграцыі. 

30 чэрвеня. Заслаўе

Чаяванне ў Заслаўі з Пуціным і Рахмонам. Фота: БелТА

Чаяванне ў Заслаўі з Пуціным і Рахмонам. Фота: БелТА

Праз месяц, 30 чэрвеня, Аляксандр Лукашэнка прымаў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона ў сваёй рэзідэнцыі «Заслаўе» пад Мінскам. Сустрэча была нефармальнай, кіраўнікі папілі гарбаты са свежымі абрыкосамі, пракаціліся на гольф-кары, а таксама наведалі цырымонію закрыцця Еўрапейскіх гульняў, якія праходзілі тады ў Мінску.

17—18 ліпеня. Валаам, Санкт-Пецярбург

Лукашэнка з Пуціным на Валааме.

Лукашэнка з Пуціным на Валааме.

17 ліпеня Пуцін і Лукашэнка здзейснілі першую сумесную паездку на Валаам. Яны наведалі Спаса-Праабражэнскі Валаамскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр, а Крэмль назваў іх далейшую праграму ў рамках «дня нефармальных зносін» насычанай. Лукашэнка паабяцаў вярнуцца ў гэтае месца.

Лукашэнка і Пуцін на Форуме рэгіёнаў. Фота: БелТА

Лукашэнка і Пуцін на Форуме рэгіёнаў. Фота: БелТА

На наступны дзень, 18 ліпеня, абодва кіраўнікі ўзялі ўдзел у заключным пленарным пасяджэнні VI Форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі, якое праходзіла ў пецярбургскім Таўрычаскім палацы. У іхніх выступленнях галоўны акцэнт ізноў быў зроблены на важнасці прадаўжэння інтэграцыйнага супрацоўніцтва.

Але ўжо ў верасні Лукашэнка запатрабаваў ад Расіі не прыгнятаць і не нахіляць яго краіну.

1 кастрычніка. Ерэван

Пасяджэнне кіраўнікоў ЕўрАзЭС 1 кастрычніка. Фота: president.gov.by

Пасяджэнне кіраўнікоў ЕўрАзЭС 1 кастрычніка. Фота: president.gov.by

Ізноў Пуцін з Лукашэнкам сустрэліся толькі 1 кастрычніка ў Ерэване падчас сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц Еўраазіяцкага эканамічнага саюза. Але Лукашэнка хутка з'ехаў дадому, што патлумачылі смерцю ягонай цешчы.

11 лістапада Лукашэнка паехаў з візітам у Аўстрыю, што стала яго першым наведваннем Еўрапейскага саюза за папярэднія тры гады. Гэта было расцэнена як пошук падтрымкі супраць расійскага інтэграцыйнага ціску. На парламенцкіх выбарах, якія адбыліся 17 лістапада, усе апазіцыйныя кандыдаты ці не былі дапушчаныя да выбараў, ці ім напісалі пройгрыш.

7 снежня. Сочы

З такімі тварамі расійская дэлегацыя слухала словы Лукашэнкі пра «роўныя ўмовы» на перамовах 7 снежня 

З такімі тварамі расійская дэлегацыя слухала словы Лукашэнкі пра «роўныя ўмовы» на перамовах 7 снежня 

Ізноў перамовы Пуціна і Лукашэнкі наконт перспектыў паглыблення інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы аднавіліся ў Сочы і цягнуліся пяць з паловай гадзін. Аднак ніякай праграмы ў выніку прынята не было, лідары нават не выйшлі да журналістаў.

20 снежня. Санкт-Пецярбург

Сустрэча Пуціна і Лукашэнкі на пасяджэнні вышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады. Фота: БелТА

Сустрэча Пуціна і Лукашэнкі на пасяджэнні вышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады. Фота: БелТА

20 снежня Пуцін сустрэўся з Лукашэнкам перад пачаткам пасяджэння вышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады. Лукашэнка па выніках пасяджэння заявіў, што Беларусь і Расія канцэптуальна дамовіліся па энерганосьбітах.

Многія ў Беларусі палічылі, што дамовіліся ў абмен на суверэнітэт краіны. Паралельна з 7 па 29 снежня ў Мінску і абласных цэнтрах прайшлі пратэсты супраць інтэграцыі з Расіяй, якім беларускія ўлады, у параўнанні з усімі іншымі акцыямі, асабліва не заміналі.

2020 — чатыры візіты

30 студзеня 2020 года Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) аб'явіла ўспышку COVID-19 надзвычайнай сітуацыяй у галіне грамадскай аховы здароўя, якая мае міжнароднае значэнне. У лютым інфекцыя пачала хутка распаўсюджвацца па розных краінах, нягледзячы на каранцінныя меры, якія прымаліся ўладамі Кітая, скуль пачалася пандэмія.

7 лютага. Сочы

— Кашку з раніцы елі?— Не на вадзе ж!Фота: БелТА

— Кашку з раніцы елі?
— Не на вадзе ж!
Фота: БелТА

У новым 2020 годзе Лукашэнка паляцеў да Пуціна ў Сочы толькі 7 лютага. Усе чакалі, што яны дамовяцца па нафтавым пытанні, але Лукашэнка расказаў, што яны абмеркавалі некаторыя гістарычныя моманты, а таксама палітыку іншых постсавецкіх краін.

«Мы сапраўды пра многае пагаварылі, дайшлі да глыбіні сівых часоў нашага сумеснага жыцця ў адной дзяржаве, абмеркавалі шмат гістарычных дат і момантаў, яны вядомыя. […] Ну і дайшлі да сучаснасці. І вырашылі ўжо не сам-насам, а з людзьмі, якія ўцягнутыя ў гэты працэс, працягнуць нашу размову».

У час гэтай сустрэчы адбыў знакаміты дыялог пра кашку на вадзе. Перамовы пачаліся з перапынкам на хакей, дзе каманда Лукашэнкі, куды ўваходзіў і Коля Лукашэнка, разгромна абыграла праціўніка з лікам 13:4.

Але ўжо праз тыдзень прыязныя адносіны адышлі на другі план, Лукашэнка заявіў, што ў кіраўніцтве Расіі намякаюць на далучэнне Мінска ў абмен на адзіныя цэны на энерганосьбіты:

«Паглынанне Беларусі Расіяй — гэта не інтэграцыя. Гэта — інкарпарацыя. Я на гэта ніколі не пайду».

11 сакавіка 2020 года СААЗ аб'явіла, што ўспышка COVID-19 набыла характар пандэміі, а яе цэнтрам стала Еўропа. Увесь свет зачыніў свае межы, але Лукашэнка ігнараваў праблему і не ўводзіў амаль ніякіх абмежаванняў ці лакдаўну, прапаноўваючы труціць вірус гарэлкай

Але Пуцін паставіўся да новага каранавіруса як да пагрозы ўласнаму жыццю нашмат больш сур'ёзна. Ніякіх сустрэч не праводзілася, а таксама ён перанёс парад у Маскве з 9 мая на 22 чэрвеня, хоць Лукашэнка ў Мінску насуперак рэкамендацыям правёў яго ў Дзень Перамогі.

24 чэрвеня. Масква

Сям'я Лукашэнкаў і Пуцін на парадзе ў Маскве 24 чэрвеня. Скрыншот відэа ТАСС

Сям'я Лукашэнкаў і Пуцін на парадзе ў Маскве 24 чэрвеня. Скрыншот відэа ТАСС

Менавіта на парадзе ў Маскве адбылася першая сустрэча Пуціна і Лукашэнкі, але адразу пасля мерапрыемства апошні паляцеў дадому. 

8 мая Цэнтрвыбаркам прызначыў на жнівень чарговыя прэзідэнцкія выбары. Пра свой намер удзельнічаць у іх нечакана для ўсіх выказаліся адразу некалькі моцных кандыдатаў: Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала, — якія далі людзям надзею на магчымасць перамен у краіне. Гэты факт разам з непрыняццем рыторыкі Лукашэнкі наконт каранавіруса распачаў у беларускім грамадстве незваротныя працэсы дэмантажу існай аўтарытарнай сістэмы і вяртання да дэмакратычных асноў. 

Лукашэнка звяртаў увагу сваіх грамадзян і лідараў Захаду на «лялькаводаў апазіцыі» ў Маскве, што, аднак, не замінала яму зноў і зноў наведваць Пуціна.

30 чэрвеня. Ржэў

Пуцін і Лукашэнка ўскладаюць кветкі да помніка пад Ржэвам. Фота: kremlin.ru

Пуцін і Лукашэнка ўскладаюць кветкі да помніка пад Ржэвам. Фота: kremlin.ru

Лукашэнка зноў паляцеў да Пуціна ў Ржэў, дзе яны разам адкрылі мемарыял савецкаму салдату. 

Далей было бурлівае развіццё ўнутрыпалітычных падзей, выбары, на якіх перамога была адабраная ў адзінай кандыдаткі ад апазіцыі, Святланы Ціханоўскай, паслявыбарчы гвалт і наступны выбух найбольш масавых у гісторыі краіны пратэстаў, якія, здавалася, вось-вось зрынуць рэжым Лукашэнкі. 

14 верасня. Сочы

Першая сустрэча Лукашэнкі з Пуціным пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Скрыншот з відэа

Першая сустрэча Лукашэнкі з Пуціным пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Скрыншот з відэа

Першы раз ад пачатку пратэстаў Лукашэнка наведаў Пуціна толькі 14 верасня ў Сочы. Ён падзякаваў Пуціну за падтрымку пасля выбараў у рэспубліцы. Многія тады звярнулі ўвагу на мову целаў двух аўтарытарных кіраўнікоў: падначаленую, ліслівую позу Лукашэнкі і ўпэўненую, уладарную позу Пуціна.

2021 — сем сустрэч

22 лютага. Сочы

Фота: тэлеграм-канал «Пул першага»

Фота: тэлеграм-канал «Пул першага»

Толькі амаль праз паўгода, 22 лютага 2021 года, адбылася наступная прыватная сустрэча з Пуціным. Лукашэнка зноў паляцеў да яго ў Красную Паляну, што каля Сочы. Сустрэча доўжылася больш за шэсць гадзін. Тады, паводле слоў Лукашэнкі, з 33 дарожных карт па інтэграцыі Расіі і Беларусі засталося ўзгадніць шэсць-сем. Пасля асноўнай часткі палітыкі правялі час, пакатаўшыся на лыжах і снегаходах.

22 красавіка. Масква

Праз два месяцы, 22 красавіка, Лукашэнка і Пуцін сустрэліся ў Маскве, дзе правялі амаль чатыры гадзіны ў перамовах сам-насам, сутнасць якіх дагэтуль невядомая. Не выключана, што прадметам перамоў стаў удзел Беларусі ў будучым поўнамаштабным уварванні ва Украіну. У час жа пратакольнай часткі ўздымаліся пытанні дарожных картаў, агульнай бяспекі і абароны. Пуцін выказаўся, што ён гатовы прыняць украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ў Маскве ў «любы зручны для яго час» для абмеркавання двухбаковых адносін.

Менавіта ўвесну 2021 года разведвальнымі службамі ЗША і Вялікабрытаніі былі выяўлены першыя прыкметы нарошчвання групоўкі расійскіх войскаў вакол меж Украіны.

23 мая беларускі рэжым прымусіў да пасадкі ў Мінску Boeing-737 кампаніі Ryanair, каб захапіць рэдактара тэлеграм-каналаў NEXTA Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку грамадзянку Расіі Сафію Сапегу. 

29 мая. Сочы

Пуцін і Лукашэнка на яхце ў Сочы. Скрыншот з відэа «Россія 24»

Пуцін і Лукашэнка на яхце ў Сочы. Скрыншот з відэа «Россія 24»

Сітуацыя з затрыманнем і арыштам расіянкі Сафіі Сапегі стала тэмай нефармальнай часткі перамоў паміж Пуціным і Лукашэнкам, якія зноў адбыліся ў Сочы 29 мая. Але сустрэча запомнілася ў першую чаргу кадрамі аўтакратаў, знятымі на пуцінскай яхце.

13 ліпеня. Санкт-Пецярбург

Пуцін і Лукашэнка ў час сустрэчы 13 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу. Скрыншот з відэа «Пул першага»

Пуцін і Лукашэнка ў час сустрэчы 13 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу. Скрыншот з відэа «Пул першага»

Ізноў палітыкі сустрэліся 13 ліпеня ў Санкт-Пецярбургу, дзе абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва ў розных сферах і міжнародную праблематыку.

У Беларусі ў гэты час рэпрэсіі супраць дэмакратычнай грамадскасці выйшлі на новы ўзровень, адбыўся разгром незалежных медыя, у тым ліку «Наша Нівы», і грамадскіх арганізацый, у тым ліку праваабарончага цэнтра «Вясна» будучага нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага. У час сустрэчы Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі вельмі актыўна пачалі працу ў дачыненні да «розных НКА, НУА» і да «так званых заходніх СМІ, якія тут дэмакратыю нам дарылі, а фактычна ўкаранялі […] тэрор» — гэта было хлуслівае выказванне.

З лета 2021 года заходнія разведслужбы мелі ўжо ўпэўненасць, што абмежаванае кола расійскіх высокапастаўленых асоб плануе поўнамаштабнае ваеннае ўварванне на ўсёй тэрыторыі Украіны. Можна меркаваць, што пра гэтыя планы ведаў ужо і Аляксандр Лукашэнка, і рэпрэсіі былі часткай падрыхтоўкі да вайны, каб падавіць у грамадстве і волю да супраціўлення, і магчымасці самаарганізацыі.

9 верасня. Масква (Крэмль)

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Увечары 9 верасня ў Крамлі адбыліся перамовы Лукашэнкі і Пуціна, на якіх яны ўзгаднілі ўсе 28 інтэграцыйных праграм. Размова ішла не толькі аб эканамічным аб'яднанні, але і аб фарміраванні адзінай абароннай прасторы.

24 верасня. Сочы 

24 верасня ўжо з прыватным візітам, пра які не паведамлялася, Лукашэнка паляцеў да Пуціна ў Сочы. Але следам за ім у Сочы чамусьці быў камандзіраваны і старшыня Дзяржпагранкамітэта Анатоль Лапо. Праз некалькі месяцаў беларускія памежнікі дадуць расійскім войскам перайсці беларускую мяжу, каб уварвацца ва Украіну.

Візіт адбываўся на фоне сцягвання да ўкраінскай мяжы расійскіх войскаў, што прыкрывалася сумеснымі вучэннямі «Захад-2021» Узброеных сіл Расіі і Беларусі.

З пачатку лістапада 2021 года прадстаўнікі ЗША і НАТА сталі заяўляць аб незвычайных перамяшчэннях расійскіх войскаў паблізу мяжы з Украінай, а затым — аб стварэнні Расіяй у гэтых раёнах ударных груповак і аб наяўнасці ў Расіі планаў нападу на Украіну, існаванне якіх расійскія афіцыйныя асобы неаднаразова адмаўлялі. У сваю чаргу, Аляксандр Лукашэнка пачаў усё актыўней рыхтаваць грамадства да будучай вайны. «Калі толькі Украіна паспрабуе развязаць канфлікт з Расіяй, убаку Беларусь не застанецца», — заявіў Лукашэнка 29 лістапада.

У рэальнасці бяз'ядзерная Украіна не рыхтавала ніякага канфлікту з ядзернай Расіяй, так як і ў 1939-м ні Чэхаславакія, ні Польшча не хацелі канфлікту з Германіяй.

29 снежня. Санкт-Пецярбург 

Ізноў палітыкі сустрэліся толькі ў самым канцы года. Сустрэча адбылася 29 снежня 2021 года ў Канстанцінаўскім палацы пад Санкт-Пецярбургам. Пасля адбыўся матч у лядовым палацы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы «Манеж» у Стрэльне. Каманда Пуціна і Лукашэнкі зноў разгромна перамагла сапернікаў з лікам 18:7.

2022 — рэкордныя 12 сустрэч

Пачатак 2022 года адзначыўся нечаканымі масавымі пратэстамі ў Казахстане, у краіне было абвешчана надзвычайнае становішча. Прэзідэнт Такаеў запрасіў дапамогі ў АДКБ, гэтая аперацыя мусіла паказаць зладжанасць дзеянняў удзельнікаў вайсковага альянсу і застрашыць тых, хто падумаў бы выступіць супраць улады ў іншых краінах у зоне ўплыву Расіі.

18 студзеня 2022 года на брыфінгу для ваенных аташэ было анансавана правядзенне сумесных расійска-беларускіх вучэнняў «Саюзная рашучасць — 2022». Гэтыя вучэнні прайшлі з 10 па 20 лютага ў Беларусі. У раёне іх правядзення былі сканцэнтраваны войскі, артылерыя, авіяцыя і комплексы СПА. ЗША і іх саюзнікі разглядалі гэтыя вучэнні як дэманстрацыю агрэсіўных намераў Расіі і прамую пагрозу ўварвання ва Украіну з поўначы, хоць Расія ўсё адмаўляла.

Тым часам расійская прапаганда рыхтавала грамадства да захопу Украіны. Да гэтай задачы падключыўся і Аляксандр Лукашэнка.

«Гэтая вайна працягнецца максімум тры-чатыры дні. Там не будзе каму супраць нас ваяваць», — заявіў ён у інтэрв'ю Уладзіміру Салаўёву 6 лютага, за 18 дзён да трагічнага 24 лютага. «Пакуль яны там разгорнуцца і перашлюць сюды нейкія войскі, мы ўжо будзем стаяць каля Ла-Манша», — пагражаў ён краінам Еўропы. А краінам Балтыі пагражаў стратай дзяржаўнасці, калі яны наважацца на дзеянні ў адказ.

18 лютага. Масква

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Першая сустрэча Пуціна і Лукашэнкі ў новым годзе адбылася ў Маскве, на якой яны абмеркавалі імі ж выдуманы «ўкраінскі крызіс» і магчымыя санкцыі супраць сваіх краін, якія абодва палічылі непазбежнымі.

Вайна

19 лютага прэзідэнт ЗША Джо Байдэн на брыфінгу ў Белым доме заявіў, што расійскія войскі акружылі Украіну, плануюць уварванне на працягу некалькіх дзён і маюць намер захапіць Кіеў. З'явіліся таксама заявы, што кітайскі лідар Сі Цзіньпін папрасіў Пуціна не нападаць на Украіну ў час зімовай Алімпіяды, якая да 20 лютага праходзіла ў Пекіне.

24 лютага 2022 года прыкладна а 5-й гадзіне раніцы расійскія войскі перайшлі межы Украіны, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, адкуль планавалі ўзяць «за тры дні» сталіцу Кіеў.

27 лютага Лукашэнка правёў чарговы канстытуцыйны рэферэндум, каб канчаткова зацэментаваць сваё бясконцае кіраванне краінай. Ëн спадзяваўся, што рэферэндум пройдзе на фоне катастрофы ўкраінскай дзяржаўнасці і парада расійскіх войскаў у Кіеве. Але пралічыўся.

11 сакавіка. Масква

Скрыншот з відэа

Скрыншот з відэа

З пачаткам вайны паміж Лукашэнкам і Пуціным адбываліся інтэнсіўныя тэлефанаванні. Высветлілася, што гэтага недастаткова, і тэрмінова спатрэбілася новая сустрэча. Лукашэнка прыехаў у Маскву да Пуціна 11 сакавіка.

Тэмай ізноў стала «сітуацыя вакол Украіны» і далейшыя сумесныя дзеянні па пераадоленні эканамічных праблем, выкліканых увядзеннем новых санкцый з боку Захаду. У пачатку перамоў Пуцін павіншаваў беларускага калегу з «удалым правядзеннем рэферэндуму» і падкрэсліў, што яго дыялог з выбаршчыкамі «надзвычай важны для таго, каб сітуацыя была ўстойлівай і стабільнай». 

Многія эксперты палічылі, што Лукашэнку выклікалі ў Крэмль, каб прымусіць уступіць у вайну з Украінай на баку Расіі. Ён, хоць і прадаставіў тэрыторыю для агрэсіі, але беларуская армія задзейнічана не была, што тлумачылася яе дэмаралізацыяй, недастатковай падрыхтоўкай і моцнымі антываеннымі настроямі ў беларускім грамадстве.

У гэты момант расійскія войскі ўшчыльную падышлі да Кіева і спрабавалі яго ачапіць. Але ўжо было ясна, што расійскі бліцкрыг праваліўся. 29 сакавіка Расія пачала адступленне з усёй паўночнай часткі Украіны, неабходнасць у беларускай арміі адпала сама сабой.

12 красавіка. Аэрадром Усходні

Фота: Kremlin.ru

Фота: Kremlin.ru

У гэтых новых рэаліях Лукашэнка яшчэ раз сустрэўся з Пуціным на аэрадроме Усходні 12 красавіка. Там яны агледзелі будаўніцтва аб'ектаў, наведалі будпляцоўку каманднага пункта стартавага комплексу «Ангара». 

16 мая. Масква (Крэмль)

 Фота: kremlin.ru

 Фота: kremlin.ru

40-хвілінная сустрэча з Пуціным адбылася таксама праз месяц, 16 мая, на палях саміту АДКБ у Маскоўскім Крамлі. Дыктатары абмеркавалі імпартазамяшчэнне, перавалку беларускіх грузаў у расійскіх партах і будаўніцтва беларускага порта пад Санкт-Пецярбургам, а таксама сумесную работу ў галіне ракетабудавання і па іншых напрамках абаронна-прамысловага комплексу.

23 мая. Сочы

23 мая ў рэзідэнцыі Бачароў Ручай пад Сочы палітыкі сустрэліся асабіста зноў, аб чым раней дамовіліся на саміце АДКБ. Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным абслугоўваў расійскую прапаганду, паўтараючы асноўныя тэзісы пра тое, што Польшча рыхтуецца далучыць Заходнюю Украіну, а эканоміка Расіі нечакана добра дае рады санкцыям.

23—25 чэрвеня. Завідава, Санкт-Пецярбург

23 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Расію з нефармальным візітам. Да 24 чэрвеня ён знаходзіўся ў пуцінскай рэзідэнцыі ў Завідаве.

На наступны дзень адбылася ўжо афіцыйная сустрэча ў Канстанцінаўскім палацы пад Санкт-Пецярбургам.

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка абмеркавалі пастаўку Беларусі «Іскандэраў» з магчымасцю прымянення ядзерных боепрыпасаў, а таксама экспарт збожжа і ўгнаенняў.

26 верасня. Сочы

Ізноў у сочынскай рэзідэнцыі Бачароў Ручай Пуцін і Лукашэнка сустрэліся толькі 26 верасня, абмеркаваўшы сітуацыю ў рэгіёне, эканамічныя праекты і пытанні саюзнага будаўніцтва. Пуцін заклікаў Захад ставіцца да Расіі і Беларусі з павагай і абурыўся працягам блакіроўкі паставак беларускіх угнаенняў на сусветныя рынкі, а Лукашэнка падкрэсліў, што прыніжэнняў ніхто цярпець не будзе.

7 кастрычніка. Санкт-Пецярбург

Лідары краін СНД. Фота: «Пул першага»

Лідары краін СНД. Фота: «Пул першага»

7 кастрычніка Лукашэнка прыляцеў на 70-годдзе Пуціна, якому падарыў трактар «Беларус» і назваў «сапраўдным лідарам вялікай дзяржавы». У Санкт-Пецярбургу таксама прайшоў нефармальны саміт СНД. Палітыкі дамовіліся аб разгортванні сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў.

14 кастрычніка. Астана

Афіцыйны саміт лідараў СНД адбыўся праз тыдзень у Кангрэс-цэнтры Астаны. З'езд адбываўся на фоне нечакана паспяховага контрнаступлення Украіны. Усе сустрэчы былі закрытыя для прэсы. Лукашэнка зноў агучыў расійскія наратывы:

«Супраць нас развязана сапраўдная гібрыдная вайна! І Украіна тут толькі падстава! Задумы некаторых краін па рэваншы за прайграныя кампаніі мінулага стагоддзя выношваліся даўно, пачынаючы, як вядома, з першых дзён пасля перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а можа, і раней!»

23 лістапада. Ерэван

На саміце АДКБ у Ерэване, куды прыляцелі Пуцін і Лукашэнка, апошні выступіў з абуральнымі заявамі ў бок Арменіі, а таксама назваў канфлікт з Азербайджанам спробай знешніх сіл сутыкнуць іх ілбамі. Таксама ён спрагназаваў, што калі «абрынецца Расія, то пад гэтымі абломкамі наша месца».

Саміт адбываўся на фоне чарговага поспеху ўкраінскай арміі, якая вызваліла ўсю правабярэжную частку Херсонскай вобласці.

19 снежня. Мінск

Фота: БелТА

Фота: БелТА

19 снежня 2022 года ўпершыню за тры гады ўжо Пуцін прыляцеў да Лукашэнкі. Ні з кім з замежных лідараў Пуцін не сустракаўся падчас вайны так часта, як з беларускім. Абодва бакі, каментуючы змест перамоў, у асноўным абмяжоўваліся агульнымі пафаснымі словамі. Лукашэнка нагадаў пра сваё ўразлівае становішча пасля 2020 года: «Расія без нас абыдзецца, а мы без яе не зможам».

26—27 снежня. Санкт-Пецярбург

Пуцін, Лукашэнка і «З'яўленне Хрыста народу». Фота: «Пул першага»

Пуцін, Лукашэнка і «З'яўленне Хрыста народу». Фота: «Пул першага»

Пуцін і Лукашэнка сустрэліся на нефармальным саміце СНД у Пецярбургу. У першы дзень расійскі лідар падарыў удзельнікам пярсцёнкі, а на другі дзень павёў іх у Рускі музей. Разам з Лукашэнкам ён сядзеў на фоне эскіза вядомай карціны «З'яўленне Хрыста народу».

2023 — шэсць сустрэч за няпоўны год

17 лютага. Масква

Першы раз у новым годзе Лукашэнка прыляцеў у Маскву на перамовы з Пуціным 17 лютага. Палітыкі дзвюх краін абмеркавалі пытанні бяспекі, абароны, а таксама інтэграцыю краін у межах Саюзнай дзяржавы. Напярэдадні Лукашэнка заявіў, што Беларусь можа зноў стаць плацдармам для расійскага наступу.

Лукашэнка пад'ялдыкнуў Пуціна: 

— Дзякуй, што пагадзіліся прыехаць.
— Як быццам я мог не пагадзіцца!

Сапраўды, такая частата сустрэч пачала рабіцца непрыстойнай нават у стандартах адносін Крамля са сваімі васаламі.

5—6 красавіка. Масква

5 красавіка Пуцін і Лукашэнка правялі перамовы ў Крамлі. Яны зноў абмеркавалі праблемы ў сферы бяспекі. Пуцін запрашаў Лукашэнку ў сваю ўласную кватэру ў Крамлі, у якую ў сакавіку запрашаў старшыню КНР Сі Цзіньпіна.

На наступны дзень у Маскве прайшло пасяджэнне Вышэйшай дзяржрады Саюзнай дзяржавы пад старшынствам Пуціна і Лукашэнкі.

9 мая. Масква

Скрын відэа

Скрын відэа

На Дзень Перамогі 9 мая відавочна хворы Лукашэнка знайшоў у сябе сілы прыляцець на парад у Маскве. Але не здолеў прайсці разам з Пуціным і іншымі гасцямі 300 метраў пешкі ў Аляксандраўскі сад. Нефармальны сняданак кіраўнікоў краін СНД ён таксама прапусціў і хутка вылецеў назад у Беларусь. На публіцы пасля гэтага ён не з'яўляўся некалькі дзён.

23 мая ён заявіў, што перахварэў на адэнавірус.

24—25 мая. Масква

Абед падчас саміту ЕАЭС у Маскве. Фота: «Пул першага»

Абед падчас саміту ЕАЭС у Маскве. Фота: «Пул першага»

Акрыялы Лукашэнка зноў вярнуўся ў Маскву ўжо праз пару тыдняў. У праграме — удзел у форуме, абед з Пуціным, сустрэча з «замежнымі калегамі». Таксама ён выступіў на пленарным пасяджэнні ІІ Еўразійскага эканамічнага форуму. Пуцін пагутарыў паасобку з кожным удзельнікам саміту ЕАЭС.

9 чэрвеня. Сочы

Пуцін і Лукашэнка ў Бачаровым Ручаі. Фота: «Пул першага»

Пуцін і Лукашэнка ў Бачаровым Ручаі. Фота: «Пул першага»

9 чэрвеня Лукашэнка чарговы раз наведаў летнюю рэзідэнцыю Пуціна Бачароў Ручай, дзе ў нефармальнай абстаноўцы прайшлі перамовы.

23—24 ліпеня. Стрэльна, Валаам, Кранштат

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на сустрэчы ў Стрэльне 23 ліпеня 2023 года. Фота: «Пул першага»

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на сустрэчы ў Стрэльне 23 ліпеня 2023 года. Фота: «Пул першага»

Пакуль апошні раз Пуцін і Лукашэнка сустракаліся 23 ліпеня. Афіцыйная частка прайшла ў Канстанцінаўскім палацы ў Стрэльне пад Санкт-Пецярбургам. Тут Лукашэнка распавёў Пуціну, што стрымлівае вагнераўцаў, якіх нядаўна прытуліў пад Асіповічамі, ад экскурсіі ў Варшаву і Жэшаў.

Таксама яны разам наведалі Спаса-Праабражэнскі Валаамскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр, скіты і храмавы комплекс-музей. Лукашэнка такім чынам выканаў сваё абяцанне вярнуцца ў гэтую мясціну. Дыктатары пакланіліся мошчам прападобных Сергія і Германа, заснавальнікаў манастыра, і пагутарылі з прыхаджанамі.

Пасля яны агледзелі Музей ваенна-марской славы ў Кранштаце і Мікольскі Марскі сабор, пасля чаго зноў выйшлі ў народ, каб пагутарыць з прысутнымі на плошчы каля храма.

Сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі і акалічнасці, пры якіх яны адбываліся, добра адлюстроўваюць, як трансфармаваліся адносны двух аўтарытарных кіраўнікоў ад супрацьстаяння, палітычнага прымусу і эканамічнага падпарадкавання да ўзаемнай сімпатыі і ідэалагічнага збліжэння адзінокіх, інфармацыйна ізаляваных і ненавісных для ўсяго свету дыктатараў, аб'яднаных супольнай мэтай — спыніць рух часу ў сваім рэгіёне. 

Нават павярхоўны аналіз візітаў да Пуціна не пакідае сумневаў у тым, што Лукашэнка ад самага пачатку быў апавешчаны пра планы заваявання Украіны. Пры гэтым, нягледзячы на падпяванне расійскай прапагандзе, Лукашэнка так і не паслаў у бой уласную армію. 

Клас
5
Панылы сорам
8
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
18

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?