Аляксандр Сушко. Фота: devby.io 

Аляксандр Сушко. Фота: devby.io 

Аб тым, што Аляксандр Сушко арыштаваны, «Нашай Ніве» паведамлялі некалькі не звязаных між сабой крыніц. Меркавана, арышт адбыўся ў 2022 годзе. 

Апошні раз Сушко нешта пісаў у сваім фэйсбуку летам 2021-га, а лайк пад віншаваннем ад імя ягонай старонкі ставілі летам 2022-га, больш ніякай актыўнасці на яго актуальнай старонцы не было. 

Сэнс прэтэнзій да яго быў нам невядомы. 

Да меркаванага затрымання Сушко працаваў у мінскім офісе расійскай Group-IB, а потым, мяркуючы з адкрытай інфармацыі, у яе даччынай кампаніі FACCT (Fight Against Cybercrime Technologies). 

Калі быў следчым, Сушко вёў мноства рэзанансных справаў, у прыватнасці, вялікую «справу айцішнікаў», па якой праходзіў, напрыклад, Віктар Пракапеня.

Тады здарылася амаль неверагоднае для беларускай сістэмы — крымінальная справа скончылася нічым. Усіх фігурантаў выпусцілі без суда. 

У 2020-м Сушко публічна выступіў за спыненне масавага гвалту і дыялог. Выступаў з узважанай крытыкай дзеянняў праваахоўнікаў. 

«[…] Усе, хто стаіць не ў тым месцы, павінны сысці… А чаму, калі гэта і іх зямля, горад? Павінны і ўсё! А куды ісці? Сёння на іншую вуліцу, а заўтра ў гета? Калі гумовыя кулі не дапамогуць, то ў ход пойдуць баявыя? […] Калі ідуць гранаты і кулі ў ход, то людзі палохаюцца, а многія ўцякаюць, і некаторыя адказваюць. Так, такіх можна назваць злачынцамі, але хто тады тыя, хто страляюць першымі? Чаму яны гэта робяць? Загад? Чый і чаму менавіта такі? Хто спыніць гэта? Хто знойдзе ў сабе сілы пагаварыць з народам, які гэтыя пытанні задае? […]», — выказаўся ў фэйсбуку Сушко, заклікаўшы да дыялогу. 

Праз нейкі час ягоны след згубіўся. 

І, як цяпер паведамілі нам тыя, хто знаёмы з блізкімі Сушко, ён на волі, але «ненатуральна худы і пасівелы». 

Магчыма, справа супраць яго можа быць звязаная з разборкамі з Group-IB у Расіі. Так, заснавальніка кампаніі Іллю Сачкова ў Расіі нядаўна прысудзілі да 14 год калоніі строгага рэжыму па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе — ён, нібыта, перадаў замежным спецслужбам нейкую інфармацыю, якая адносілася да дзяржтаямніцы. 

Сам Сачкоў быў арыштаваны восенню 2021 года, ён абвінавачваў у сваім пераследзе асобных супрацоўнікаў ФСБ, у якіх да яго персанальная непрыязнасць. 

Адначасова з гэтым Сачкоў ганарыўся ў сваіх лістах з СІЗА, што дзякуючы Group-IB нібыта ўдалося спыніць мноства ўкраінскіх кібератак на расійскую інфраструктуру. 

Чытайце таксама:

Вялікія тэрміны атрымалі былыя топ-следчыя, якія трапіліся на хабарах

Затрымалі сямейную пару. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах у 2020-м

У Гродне затрымалі дзвюх супрацоўніц Белдзяржстраха

Клас
8
Панылы сорам
3
Ха-ха
5
Ого
5
Сумна
19
Абуральна
18