Студэнты Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Ілюстрацыйнае фота: bsmu.by

Студэнты Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Ілюстрацыйнае фота: bsmu.by

Калі параўноўваць уступную кампанію — 2023 з уступнай кампаніяй мінулага года, то адразу бачна, што істотна вырасла колькасць абітурыентаў, якія будуць вучыцца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. У 2022 годзе на мэтавы прыём па ўсіх напрамках вылучалася роўна палова бюджэтных месцаў. А ў 2023 годзе карціна з мэтавым прыёмам іншая:

— лячэбны факультэт — 60%;

— педыятрычны факультэт — 80%;

— стаматалагічны факультэт — 80%;

— медыка-прафілактычны факультэт — 60%;

— фармацэўтычны факультэт — 60%.

Нагадаем: тым, хто вучыўся па мэтавым накіраванні, пасля вучобы трэба будзе пяць гадоў адпрацаваць па размеркаванні ў арганізацыі аховы здароўя, з якой раней была заключана дамова.

Верагодна, павялічваючы набор студэнтаў па мэтавым накіраванні, беларускія ўлады разлічваюць вырашыць пытанне з недахопам лекараў. Апошнія тры гады колькасць медыцынскіх работнікаў у краіне скарачаецца. На фоне пастаянных рэпрэсій многія медыкі вырашаюць з'ехаць працаваць за мяжу.

Сёння агульнарэспубліканскі банк вакансій выдае больш за 6,5 тысячы вакансій доктара і больш за 4 тысячы вакансій для медыцынскіх сясцёр.

Для таго, каб зрабіць паступленне для мэтавых абітурыентаў больш простым, сёлета прыдумалі новаўвядзенне: ім не трэба было здаваць ЦТ. Прахадны бал мэтавікоў складаўся не з чатырох кампанентаў, як у звычайных абітурыентаў (сярэдні бал атэстата, вынікі трох ЦТ і ЦЭ), а ўсяго з двух (сярэдні бал атэстата і вынік унутранага іспыту па хіміі ці біялогіі, які праводзіў сам БДМУ).

І вось якімі былі прахадныя балы ў мэтавікоў:

— лячэбны факультэт — ад 110 (Віцебская вобласць) да 179 (Брэсцкая і Мінская вобласці) балаў;

— педыятрычны факультэт — ад 99 (Гомельская вобласць) да 138 (Брэсцкая вобласць) балаў;

— стаматалагічны факультэт — ад 158 (Віцебская вобласць) да 184 (Гродзенская вобласць) балаў;

— фармацэўтычны факультэт — ад 167 (Мінская вобласць) да 195 (Брэсцкая вобласць).

Атрымліваецца, што будучаму педыятру з Гомельскай вобласці, які меў сярэдні бал атэстата хаця б 6 балаў, дастаткова было здаць унутраны іспыт на 4 па 10-бальнай сістэме.

Для параўнання: год таму, каб паступіць на педыятрычны факультэт мэтавіку, трэба было набраць ад 259 да 309 балаў з 400 магчымых. Атрымліваецца, у 2022 годзе ўмоўнаму педыятру-мэтавіку з сярэднім балам атэстата 6 (60 балаў) трэба было здаць тры цэнтралізаваныя тэсціраванні не менш чым на 50 балаў кожнае.

Незадаволенасць мэтавікамі медыцынскіх ВНУ Лукашэнка выказваў яшчэ ў маі:

«Здаецца, рыхтуем дастаткова лекараў і медсясцёр, а ў раёнах не затрымліваюцца нават мэтавікі. Шукаюць сабе месца ў сталіцы ці, што яшчэ горш, за мяжою. Разбярыцеся з мэтавікамі. Разбярыцеся, каго вы туды набіраеце».

Звернем увагу і на тое, што ён дадаў: «Ты павінен там пяць гадоў адпрацаваць. Замуж, яшчэ некуды там… Гэта не прымаецца. Пяць гадоў ідзі адпрацуй. Мы трацім каласальныя грошы на падрыхтоўку медыкаў. Ні ў адной сферы такіх выдаткаў няма, а ў нас усё вольніца».

Адна з першакурсніц, якая ў гэтым годзе пачне вучыцца па мэтавым накіраванні, паведаміла «Нашай Ніве» цікавую рэч: у дамове, якую яна падпісала, пазначана, што ў выпадку, калі яна падчас адпрацоўкі пойдзе ў дэкрэтны адпачынак, гэты тэрмін не будзе залічаны ў тэрмін абавязковай адпрацоўкі.

Хаця ў Кодэксе аб адукацыі напісана, што па жаданні маладога спецыяліста ў тэрмін абавязковай адпрацоўкі залічваецца перыяд знаходжання ў адпачынку па доглядзе дзіцяці да яго трох гадоў.

Некалькі выпускніц БДМУ пацвердзілі, што раней некаторыя карысталіся падобнай хітрасцю для таго, каб не працаваць па размеркаванні ўвесь тэрмін у месцы, якое табе не падабаецца. «Яшчэ гадоў сем таму мая сяброўка-аднагрупніца спецыяльна вылічвала, калі ёй лепш зацяжарыць. Тады дастаткова было выйсці хаця б на адзін працоўны дзень па размеркаванні, каб увесь дэкрэтны адпачынак потым залічылі ў тэрмін размеркавання», — сцвярджае адна з нашых суразмоўцаў.

Чытайце таксама:

«На 45 месцаў — 5 дзяўчат». Хірургаў у субардынатуру будуць размяркоўваць па палавой прыкмеце — студэнты абураныя

Уступная кампанія: да ІТ і юрыдычнай справы стала менш цікавасці

Новае запрыгоньванне медыкаў: улады мяняюць правілы ардынатуры — з адпрацоўкай пяць гадоў і гіганцкімі штрафамі

Клас
5
Панылы сорам
10
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?