Пано на галоўным корпусе прадпрыемства. Скрыншот відэа з сайта polotsk-psv.by

Пано на галоўным корпусе прадпрыемства. Скрыншот відэа з сайта polotsk-psv.by

Гэтаксама ад пачатку месяца работнікі могуць у кошт заробку набываць прадукты на «аб'ектах грамадскага харчавання і гандлю цэха №910» — у склад гэтага цэха ўваходзяць тры сталоўкі, буфет, бар і дзве крамы. Пра палажэнне паведамляе газета «Трудовая смена», якую выдае прадпрыемства.

Сёння заробкі на ААТ «Полацк-Шкловалакно» складаюць ад 680 да 1700 рублёў — гэта відаць з пераліку вакансій на прадпрыемстве. Адпаведна, 200 рублёў на «натурпрадукт» — гэта амаль траціна заробку для тых, хто працуе кухарам, токарам або слесарам-рамонтнікам.

Яшчэ летась заробкі былі ўдвая вышэйшыя, згадвае адзін з работнікаў, які пагадзіўся ананімна распавесці пра сітуацыю на заводзе.

«Няма куды падзець прадукцыю, яна нікому не патрэбная.

Сёлета прыязджала дэлегацыя з Кітая, дзе вырабляюць аналагічную прадукцыю. Паглядзелі на вытворчы працэс і на вынікі, а калі вярнуліся дадому, то скінулі цэны на свае вырабы на 30% — і перахапілі расійскі рынак збыту.

Нядаўна наша газета пісала, што ААТ «Полацк-Шкловалакно» ўдзельнічала ў прамысловай выставе ў Екацярынбургу і, маўляў, з поспехам там паказала тое, што мы вырабляем. У выніку быў заключаны кантракт на пастаўку прадукцыі ў Расію на 10 мільёнаў расійскіх рублёў. Гэта смешная лічба для такога прадпрыемства», — мяркуе суразмоўца.

Менавіта з тым, што прадукцыя не мае збыту, работнікі звязваюць і ўвядзенне «Палажэння аб аплаце працы ў натуральнай форме». У працоўных кантрактах пра гэта ёсць адмысловы пункт: «у выпадку неабходнасці» ўводзіцца выплата часткі заробкаў «натурпрадуктам».

У сталовай ААТ «Полацк-Шкловалакно». Фота: polotsk-psv.by 

У сталовай ААТ «Полацк-Шкловалакно». Фота: polotsk-psv.by 

Пакуль гэта палажэнне будзе працаваць паводле прынцыпу добраахвотнасці.

Але не выключана, што неўзабаве можа набыць і прымусовы характар, лічыць работнік прадпрыемства.

«Цяпер нам спрабуюць давесці, што харчавацца ў сталоўцы «па пропуску» — гэта ледзьве не саступка дзеля нашага дабрабыту. Маўляў, не патрэбна насіць з сабой грошы, бяры ды еж. А многія ж бяруць ссабойкі, бо эканомяць…

Падобнае ўжо было ў канцы 1990-х, калі таксама не было куды дзяваць прадукцыю, у цэхах гасілі плавільныя печы, падалі заробкі, людзі масава звальняліся, і з васьмі тысяч рабочых на прадпрыемстве засталося каля трох тысяч. Тады таксама прапаноўвалі набываць у кошт заробку тое, што ў нас вырабляецца».

Апрача тэхналагічных тканін і шкловалакна, прадпрыемства вырабляе ўсяго некалькі найменняў таго, што можа прыдацца ў гаспадарцы. Гэта будаўнічыя сеткі (праўда, кажуць, што кітайскай вытворчасці — лепшыя), лыжныя палкі (каштуюць ад 8,4 да 13 рублёў) і палкі для скандынаўскай хадзьбы (ад 10 да 19 рублёў), набор пластыкавых трубак «Мечта дачника» (34,4 рубля). Яшчэ робяць і пластыкавыя лодкі, але яны каштуюць больш за паўтары тысячы рублёў.

У краме ААТ «Полацк-Шкловалакно». Фота: polotsk-psv.by

У краме ААТ «Полацк-Шкловалакно». Фота: polotsk-psv.by

Работнікі прыгадваюць, што падчас увядзення кантрактнай сістэмы актывісты незалежнага Свабоднага прафсаюза Беларускага спрабавалі аспрэчыць пункт пра выдачу часткі заробкаў прадукцыяй уласнай вытворчасці. Але безвынікова.

Сёлета ў сакавіку на прадпрыемства быў прызначаны новы генеральны дырэктар. Былога гендырэктара Рамана Блізнёва знялі пасля затрымання па крымінальнай справе, прычым адбылося гэта неўзабаве пасля прысваення яму тытула «Чалавек года Віцебшчыны — 2022».

Яго наступнік Ілья Ікан неўзабаве пасля прыняцця пасады выступіў з інтэрв'ю газеце «Трудовая смена», дзе казаў пра тое, што прадпрыемства можа збанкрутаваць ужо ў верасні, калі сітуацыя са збытам не выправіцца.

Гэтае інтэрв'ю добра памятаюць работнікі ААТ «Полацк-Шкловалакно», хаця з сайта газеты яно знікла практычна адразу. У хуткім часе на прадпрыемства прыехала старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Згадаўшы пра санкцыі, яна параіла кіраўніцтву больш актыўна працаваць на ўнутраны рынак краіны і «шукаць унутраныя рэзервы для развіцця».

Цяпер самаму непасрэднаму «ўнутранаму рэзерву» — мясцовым работнікам — раяць выкупляць прадукцыю ўласнага прадпрыемства.

Чытайце таксама:

На «Нафтане» не спыняюцца звальненні за палітыку. Прычына — падпіскі на незалежныя тэлеграм-каналы

Продаж аўтобусаў МАЗ у Расію скараціўся амаль на 80%

Адміністрацыя гомельскага завода рэкамендавала падначаленым падтрымаць затрыманне работніка за «экстрэмізм». Многія пагадзіліся

Клас
2
Панылы сорам
5
Ха-ха
6
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
5