Прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце лічыць, што ёсць нямала падставаў для ўніфікацыі абмежаванняў у дачыненні да расіянаў і беларусаў. Паводле яе, вельмі важна звярнуць увагу на тое, што для беларусаў, якія бягуць ад пераследу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, гуманітарны калідор застанецца ў любым выпадку, піша Delfi.

«Я думаю, што цяпер ёсць нямала падстаў, а гуманітарныя выключэнні, у аснове якіх ляжыць аб'ектыўная неабходнасць і пагроза людзям, праціўнікам рэжыму, (…) гэтыя выключэнні ёсць і застаюцца», — сказала яна.

«І тады гэтая ацэнка застанецца ў выпадку з кожным асобным чалавекам. Гэта не будуць цалкам зачыненыя дзверы. Але для шырокіх выключэнняў, я маю на ўвазе, што робіць цяпер рэжым Лукашэнкі, для іх падстаў стала нашмат менш, — заўважыла Шыманіце.

Прэм'ерка падкрэсліла, што з таго часу, як прымаўся закон вясной, калі абмяркоўваліся абмежаванні для расіянаў і беларусаў, сітуацыя значна змянілася. Паводле яе слоў, на яе змене адбілася і размяшчэнне наймітаў «Вагнера» ў Беларусі.

«Сітуацыя за гэты час змянілася, асабліва пасля бунту «вагнераўцаў» і пасля таго, як Лукашэнка вырашыў даць прытулак тэрарыстычнай арганізацыі на сваёй тэрыторыі. Вядома, гэта мяняе і агульную карціну сітуацыі, і разуменне рызык», — акцэнтавала Шыманіце.

Яна лічыць, што пэўныя прапановы будуць сфармаваны яшчэ да пачатку восеньскай парламенцкай сесіі.

«Я думаю, што да пачатку восеньскай сесіі з'явяцца нейкія прапановы аб змене закона. Я не магу сказаць, ці трэба зраўнаваць усё на 100%, ці магчымыя нейкія прамежкавыя рашэнні, але, я думаю, гэтая дыскусія ў парламенце адновіцца», — заўважыла Шыманіце.

Раней пра неабходнасць зраўнаваць беларусаў і расіянаў неаднаразова гаварыў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. 

Клас
6
Панылы сорам
7
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
7
Абуральна
7