Ева Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» Eva Viežnaviec:

Нямецкамоўнае выданне рамана Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?». Фота: Amazon.com

Аўтар рэцэнзіі Сабіна Беркінг (Sabine Berking) адзначае, што кніга Евы Вежнавец раскрывае крывавую гісторыю беларускай радзімы аўтара з жаночага пункту гледжання.

Прапануем вашай увазе тэкст рэцэнзіі.

«Калі ўсё страціш, потым усё ідзе зладжана», — разважае Рына падчас доўгага шляху з Дармштата ў Гесэне ў родную вёску ў Беларусі на поўдзень ад Мінска. На Захадзе яна не дасягнула нічога значнага, не мае «ні сям'і, ні дому, ні працы, проста алкагалізм».

А яна ўжо немаладая. Канец дарогі яна ідзе пешшу, а ноч зімовая золкая, халодная, а сцежка бяжыць між двух балатоў, ёй страшнавата ваўкоў і прывідаў людзей, што гінулі тут і што дыхаюць ёй у патыліцу. «Гарэлка мая, пастаялачка, пастой у мяне ў жываце і ў галаве».

За той час, што Рына даглядала старых у Германіі, пакуль яе не выгналі праз пʼянства, яе бабуля памерла, дажыўшы да 102-х гадоў. Гэтая Дарафея была шаптухай, якую ўсе называлі «Отзачымніха».

Яна перажыла дзве вайны і дзевяць уладаў, «падабала ростам дробных ці прысадзістых мужчын», яе вялікія ногі лёгка абходзілі балаты. У спадчыну да ўнучкі пераходзіць карта смерцяў і генеалагічныя дрэвы цэлых вёсак, якія праз апавяданні бабулі захоўваюцца ў яе галаве.

Рына ратуе ад агню спадчыну — старонкі сшытка ў клетку з крывымі вялізнымі літарамі, напісаныя атрутным сінім хімічным алоўкам, які трэба было зноў і зноў слюнявіць, каб пісаць.

Міфы гераічнай барацьбы

У медытатыўным дыялогу паміж унучкай і бабуляй расшыфроўваецца ДНК краіны, якая таксама належыць да міфічных, прасякнутых крывёй ландшафтаў. Народжаная ў гады рэвалюцыі, Дарафея расла сярод марадзёраў перыяду грамадзянскай вайны, сярод якіх быў і яе бацька. Ён перайшоў на бок балахоўцаў, якія грамілі яўрэяў. Тых яўрэяў, якія не паспелі своечасова ўцячы за мяжу ці да бальшавікоў, забівалі да смерці, расстрэльвалі, палілі, гвалтавалі.

Бальшавіцкі тэрор змяніў польскі. Далей была калектывізацыя, высылка ці расстрэл усіх, хто адмаўляўся здаць усё нажытае новай ненажэрнай уладзе. Калгасы і асушэнне балот прывялі да аграрнай катастрофы.

Рэкі сталі плыткія, торф высах у пыл. Адукаваных, як вясковы аграном, здавалі свае ж людзі падчас вялікага тэрору: ён жа аддаў перавагу нямецкаму трактару Rübezahl, а не савецкай мадэлі.

З рэлігіямі таксама была tabula rasa: толькі Орка, падманлівае дзіцячае каханне Дарафеі, будучы яўрэем, паставіў сябе на службу рэвалюцыі, выратаваў жыццё рабіну Мошэ Файнштэйну.

«Адзінае месца, дзе яўрэю не забаронена чытаць Тору, гэта сральня. Дзяржава, якая ў сябе забараніла чытаць Тору, і ёсць сральня. Не можна чалавеку тут праводзіць жыццё», — падсумаваў артадаксальны цадзік і настойліва параіў свайму былому вучню зʼехаць за мяжу.

Скупшчыкі крадзенага, крывадушнік і галаварэз

Крыху пазней беларусы сустрэлі нямецкіх салдат вермахта з хлебам і соллю. Яны спадзяваліся, што прыйшоў канец чырвонаму тэрору, і прапаноўвалі свае паслугі немцам, ізноў рабілі яўрэяў ахвярнымі казламі, а ўрэшце самі аказаліся заціснутыя паміж нацыстамі і партызанамі. Падчас і пасля вайны заўсёды ўсплывала поскудзь: спрытныя скупшчыкі крадзенага, крывадушнікі і галаварэзы, якія «знялі б скуру нават з гаўна», калі б маглі яе прадаць.

Дзе ж такое апісанне гісторыі спадабаецца беларускаму кіраўніцтву, дзе дыктатар Лукашэнка, як і яго ўсходні сусед Пуцін, эксплуатуе мінулае, запісваючы ў «фашысты» ўсіх тых, хто сёння не на яго баку. Незадоўга да пачатку агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны Лукашэнка падпісаў закон, які прадугледжвае шматгадовае зняволенне за адмаўленне генацыду беларускага народа.

Зразумела, размова ідзе не пра ахвяры калектывізацыі, пагромы і сталінскі тэрор. А 600 тысяч забітых яўрэяў проста ўключаны ў прапагандысцкі наратыў аб двух мільёнах ахвяр без пазначэння імёнаў. Драўляная сінагога, у якой прапаведаваў артадаксальны іўдаізм Мошэ Файнштэйн, які памёр у Нью-Ёрку ў 1986 годзе, была знесеная ў 2009 годзе ў горадзе Любань (які ў рамане названы Ліпенем), нягледзячы на міжнародныя пратэсты, а на яе месцы паставілі краму.

Еве Вежнавец удалося ўсяго на 150 старонках стварыць літаратурны шэдэўр пра малавядомую і амаль непрыкметную на Захадзе гісторыю сваёй краіны ў дваццатым стагоддзі. Гэта гісторыя крывавых зямель, поўная гвалту, анямення і бязлітаснасці і адначасова гісторыя бунту сродкамі памяці. Аповед і паэтычны, і дасціпна-іранічны, і лірычны, і непасрэдны.

Ціна Вюншман (Tina Wünschmann) пераклала гэты другі раман пісьменніцы і журналісткі, якая нарадзілася ў 1972 годзе ў вёсцы Загалле Любанскага раёна, на нямецкую мову з вялікім чуццём і эмпатыяй да рытму і каларыту мовы.

У адрозненне ад аўтаркі, якая сёння жыве ў выгнанні ў Польшчы, яе гераіня Рына вяртаецца на радзіму. Там яна даведваецца з аповедаў Дарафеі, адкуль у яе рыжыя валасы ці вяснушкі, і задаецца пытаннем каля шыльды равіну Файнштэйну, ці не блюзнерства выпіць мазэльскага віна за здароўе двух яўрэяў.

Чытайце яшчэ:

«Was suchst du, Wolf?» Раман Евы Вежнавец захоплена прэзентавалі на Лейпцыгскім кніжным кірмашы

Алкагалічка вяртаецца з Нямеччыны на пахаванне бабулі-варажбіткі — а там цені мінулага. Пісьменніца Ева Вежнавец расказвае пра сваю новую кнігу

Клас
28
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?