Woman in the airport

Жанчына ў аэрапорце (Валенсія, Іспанія). Фота: Jose A. Bernat Bacete / Getty Images

Скіплагінг — гэта браніраванне рэйса з перасадкай, калі пунктам вашага прызначэння ёсць горад, у якім адбываецца перасадка. А потым вы проста адмаўляецеся ад другога этапу падарожжа.

Вэб-сайт браніравання авіябілетаў Skiplagged.com нават пабудаваў бізнэс на гэтай канцэпцыі, стварыўшы платформу, якая папярэджвае падарожнікаў аб такіх прапановах.

Аднак авіякампаніі змагаюцца з гэтай з’явай як могуць: напрыклад, заключаюць з пасажырамі абавязковыя дамовы пра тое, што нельга прапусціць рэйс, або пагражаюць, што ў выніку невыкарыстання білета кампанія наогул забароніць браніраваць у яе квіткі. Нядаўна American Airlines анулявала білет падлетка, які не збіраўся ляцець у канцавы пункт прызначэння.

Дзевяць гадоў таму United Airlines і турыстычны вэб-сайт Orbitz падалі ў суд на генеральнага дырэктара сайта Skiplagged Актарара Замана. У пазове ён абвінавачваўся ў «нядобрасумленнай канкурэнцыі і падманных паводзінах». Кампаніі заявілі, што вэб-сайт па скіплагінгу каштаваў ім 75 тысяч даляраў страчанай выгады.

Справа была распачатая ў штаце Ілінойс, але яе адхілілі, бо суд не меў юрысдыкцыі над Заманам, які працаваў і жыў у Нью-Ёрку, што знаходзіцца ў іншым штаце.

На сайце ж Skiplagged гаварылася, што практыка скіплагінгу «цалкам законная».

Намер авіякампаній — запалохаць пасажыраў і вярнуць тое, што яны лічаць страчаным прыбыткам. Аднак эксперты кажуць, што праблему стварылі самі авіякампаніі, якія фарміруюць цэны на білеты такім чынам, што гэта падахвочвае да скіплагінгу.

Законы геаметрыі не заўсёды працуюць

Скіплагінг магчымы толькі таму, што цэнаўтварэнне авіябілетаў не падпарадкоўваецца аднаму з асноўных законаў геаметрыі — пра няроўнасць трохвугольніка.

Сума даўжынь любых двух бакоў трохвугольніка большая, чым даўжыня яго трэцяга боку. Гэтае правіла працуе амаль ва ўсіх сферах паўсядзённага чалавечага досведу. Але гэта не датычыць пералётаў.

Skiplagging

Фотаздымак з блога матэматыка Браяна Хейса, дзе ён паказвае, што цана палёту з Бостана ў Філадэльфію складае 562 даляры, але калі ляцець праз Дэтройт — палёт абыдзецца ўсяго ў 276 даляраў. Пры гэтым самы танны наўпроставы квіток з Бостана ў Дэтройт каштуе 1224 даляры. Такім чынам, самы танны спосаб трапіць у Дэтройт — набыць квіток у Філадэльфію праз Дэтройт. Фота: bit-player.org

Мы маглі б чакаць, што тарыфы авіякампаній будуць больш-менш прытрымлівацца гэтага правіла і дзейнічаць як метрыка адлегласці паміж гарадамі.

З улікам паліва, тэхнічнага абслугоўвання і аплаты працы экіпажа палёт на самалёце з Варшавы ў Стамбул з наступным пералётам са Стамбула ў Тбілісі павінен каштаваць больш, чым палёт наўпрост з Варшавы ў Тбілісі.

Але гэта не так, бо, вядома, прамыя рэйсы карыстаюцца больш высокім попытам, чым з перасадкамі, — і авіякампаніі выстаўляюць на іх больш высокія цэны.

Калі ж бесперасадачныя рэйсы цалкам загружаныя, але застаюцца вольныя месцы на маршрутах з перасадкай, авіякампаніі запаўняюць іх па ўжо не такой высокай цане.

Чытайце яшчэ:

Каб вандроўка не ператварылася ў сваркі: як паводзіць сябе, калі падарожнічаеш у кампаніі

Нас чакае больш стрэсаў у палётах: з-за змены клімату турбулентнасць становіцца больш частай з'явай

Пасажыру надакучылі смярдзючыя ногі суседкі. Ён вырашыў праблему арыгінальна 

Клас
33
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
6