Дзеці з Данбаса, якіх прывозяць у Беларусь. Скрын сюжэта БТ

Дзеці з Данбаса, якіх прывозяць у Беларусь. Скрын сюжэта БТ

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Людміла Макарына-Кібак кажа, што дзяцей вывозяць для аздараўлення і нармалізацыі іх псіхалагічнага стану. Потым, настойвае яна, іх вяртаюць назад.

«Дзеці да нас прыязджаюць у адпаведнасці з міжнароднымі патрабаваннямі пры садзейнічанні міжнародных арганізацый і фондаў ААН, Чырвонага Крыжа і ЮНЕСКА», — даводзіць яна ў каментары АНТ.

Верагодна, дэпутатка мела на ўвазе ЮНІСЕФ, а не ЮНЕСКА, бо першая арганізацыя займаецца дапамогай дзецям, а другая — пытаннямі навукі і культуры.

У беларускім прадстаўніцтве Чырвонага Крыжа не змаглі патлумачыць, ці сапраўды яно садзейнічае вывазу дзяцей з Украіны.

У гуманітарнай арганізацыі параілі звярнуцца да самой дэпутаткі па тлумачэнні.

«Лепей у яе запытаць», — сказалі ў офісе прадстаўніцтва.

У офісе ЮНІСЕФ адказваць на пытанні наконт слоў дэпутаткі не сталі.

Беларускі Чырвоны Крыж ужо трапіў у скандал пасля таго, як яго генеральны сакратар Дзмітрый Шаўцоў засвяціўся на Данбасе з Z-сімволікай, забароненай статусам Чырвонага Крыжа.

У беларускім прадстаўніцтве кажуць, што «рыхтуюць адказ па гэтай сітуацыі» і «ўсё знаходзіцца на кантролі».

Сам Шаўцоў у эфіры БТ пацвярджаў, што арганізацыя датычная да вывазу дзяцей.

«Беларускі Чырвоны Крыж браў, бярэ і будзе браць у гэтым актыўны ўдзел», — заяўляў Шаўцоў.

Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордар на арышт Шаўцова.

Апраўдвацца за вываз украінскіх дзяцей давялося і намесніку міністра замежных спраў Юрыю Амбразевічу ў Нью-Ёрку. Гэтую тэму ён тройчы абмяркоўваў з міжнароднымі чыноўнікамі структур ААН.

З чыёй ініцыятывы адбыліся сустрэчы, беларускае МЗС не паведамляе.

Незаконны вываз дзяцей з акупаваных расійскімі войскамі тэрыторый Украіны згадваецца сярод злачынстваў, за якія дэпутаты Еўрапарламента заклікаюць Міжнародны крымінальны суд у Гаазе разгледзець магчымасць выдачы ордара на арышт Лукашэнкі.

Тое, што Лукашэнка асабіста заангажаваны ў працэс вывазу ўкраінскіх дзяцей, прызнаваў Аляксей Талай, фонд якога займаецца гэтай справай.

«Атрымаўшы згоду і падтрымку кіраўніка дзяржавы, мы сталі прапрацоўваць магчымасць адпачынку дзяцей Данбаса ў Беларусі», — казаў ён у інтэрв'ю БелТА.

За час вайны больш за 2000 украінскіх дзяцей, у асноўным сірот, былі незаконна перавезеныя з часова акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў лагеры на тэрыторыі Беларусі.

У гэтым працэсе ўдзельнічалі беларускія і расійскія праўладныя грамадскія арганізацыі.

Ва Украіне і на Захадзе прымусовы вываз украінскіх дзяцей у Расію і Беларусь трактуецца як ваеннае злачынства.

Міжнародны крымінальны суд менавіта за гэта выдаў ордары на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай па правах дзіцяці пры прэзідэнце РФ Марыі Львовай-Бяловай.

Глядзіце таксама:

Латушка ацаніў імавернасць выдачы ордара на арышт Лукашэнкі за размяшчэнне вывезеных з Украіны дзяцей

Ціханоўская назвала міжнародныя арганізацыі імпатэнтнымі

Аляксей Талай наведаў акупаваныя Данецк і Валнаваху. Прывёз сцяг СССР

Што цяпер расказвае музейніца з Мар'інай Горкі, якая праславілася выказваннем, што амерыканскае войска — гэта «гей-салдаты ў памперсах»

Клас
4
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
23

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?