Irakli Gedenidze/Pool Photo via AP

Irakli Gedenidze/Pool Photo via AP

Прадстаўнік партыі «Адзіны нацыянальны рух» Георгій Чаладзэ ўдакладніў, што ў Грузію прыбылі пяць дактароў. Паводле яго слоў, тэрміны іх місіі не абмежаваныя: яны прабудуць у краіне столькі, колькі спатрэбіцца. Медыцынскае заключэнне будзе канфідэнцыйным, яго перададуць краінам ЕС.

Перамовы аб медыцынскім абследаванні Саакашвілі вяліся некалькі месяцаў: улады Польшчы яшчэ ў сакавіку 2023 года казалі, што гатовыя адправіць дактароў, аднак Грузія доўга не давала на гэта згоды.

«Пасля шасці месяцаў затрымак урад нарэшце дазволіў дактарам наведаць Міхаіла Саакашвілі ў бальніцы. Дактары вывучаць яго стан і пасля зробяць свае высновы», — сказаў агенцтву AFP адвакат былога прэзідэнта Дзіта Садзаглішвілі.

Міхаіл Саакашвілі знаходзіцца пад вартай з кастрычніка 2021 года. Саакашвілі, якому грузінскія суды завочна вынеслі прысуды па некалькіх справах, арыштавалі пасля таго, як ён вярнуўся ў краіну, нелегальна перайшоўшы мяжу.

Пад арыштам, як неаднаразова заяўлялі адвакаты палітыка, стан здароўя Саакашвілі рэзка пагоршыўся. З мая 2022 года палітык знаходзіцца ў тбіліскай клініцы «Вівамед». Падчас судовых пасяджэнняў 20 дактароў заявілі, што Саакашвілі знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане. У лютым 2023 года паведамлялася, што Саакашвілі важыў 67 кілаграмаў. Перад арыштам ён важыў 116 кілаграмаў пры росце 195 сантыметраў.

У лютым 2023 года Тбіліскі гарадскі суд адхіліў хадайніцтва абароны Саакашвілі аб яго вызваленні з-за кратаў або адтэрміноўкі прысуду па стане здароўя. У сакавіку аналагічнае рашэнне прыняў Апеляцыйны суд. У маі Еўрапейскі суд па правах чалавека таксама адхіліў просьбу адвакатаў аб вызваленні Саакашвілі для лячэння за мяжой.

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
6
Абуральна
2