Гарачыя дзянькі ў Лондане. Фота Laurie Noble / Getty Images

Гарачыя дзянькі ў Лондане. Фота Laurie Noble / Getty Images

Панядзелак, 3 ліпеня 2023 года, аказаўся, па падліках метэаролагаў, самым гарачым днём у гісторыі: сярэдняя тэмпература на ўсёй планеце ў гэты дзень пабіла рэкорд, усталяваны сем гадоў таму.

Як абвясцілі навукоўцы з амерыканскага Нацыянальнага цэнтра прагназавання навакольнага асяроддзя, 3 ліпеня сярэднесусветная тэмпература дасягнула 17,01 градуса па Цэльсіі. Ранейшы рэкорд, зафіксаваны ў жніўні 2016 года, складаў 16,92 градуса.

Навукоўцы ўдакладняюць, што, строга кажучы, 3 ліпеня стаў самым гарачым днём з 1979 года, калі пачаўся спадарожнікавы маніторынг надвор'я. Але яны ўпэўненыя, што гэта рэкорд і за ўсю гісторыю рэгулярных навуковых назіранняў, якія вядуцца з канца XIX стагоддзя.

Чэрвень гэтага года стаў, па падліках метэаролагаў, самым цёплым чэрвенем на планеце за ўсю гісторыю назіранняў. Навукоўцы мяркуюць, што ўсталяванню новых тэмпературных рэкордаў цяпер спрыяе спалучэнне агульнай змены клімату праз выкіды парніковых газаў і пачатак прыроднай з'явы Эль-Ніньё.

Эль-Ніньё — гэта наймацнейшая прыродная з'ява, перыядычнае павышэнне тэмпературы вады ў экватарыяльнай і паўднёвай частцы Ціхага акіяна. Яно ўплывае на клімат на ўсёй планеце. У апошні раз Эль-Ніньё («хлопчык» на іспанскай мове) прыходзіў у 2016 годзе. Цяпер ён, на думку навукоўцаў, вяртаецца.

Сёлета ўжо была рэкордная вясновая спёка ў Іспаніі і многіх азіяцкіх краінах, затым — анамальнае павышэнне тэмпературы вады ў розных частках Сусветнага акіяна, напрыклад, у Паўночным моры. У чэрвені рэкордная спякота накрыла паўночны ўсход Кітая: у Пекіне ўпершыню за 60 гадоў зарэгістравалі плюс 41.

Як паведамляе агенцтва Reuters, у Антарктыцы, на ўкраінскай станцыі «Акадэмік Вярнадскі» ў ліпені зарэгістравалі новы рэкорд — плюс 8,7 градуса па Цэльсіі. У Антарктыдзе цяпер зіма. Праўда, украінская станцыя знаходзіцца даволі далёка ад Паўднёвага полюса, на паўвостраве ў акіяне ў бок Паўднёвай Амерыкі.

«Тое, што сярэдняя тэмпература паверхні планеты дасягнула 17 градусаў упершыню за той час, датычна якога ў нас ёсць надзейныя звесткі, — гэта характэрная вяха ў гісторыі пацяплення ў свеце, — кажа метэаролаг Леон Сайманс. — Цяпер, калі яшчэ і пачынаецца цёплая фаза Эль-Ніньё, у наступныя паўтара года можна чакаць шмат новых рэкордных дзён і месяцаў і рэкорду гадавой тэмпературы».

«Існуе імавернасць, што ліпень стане самым гарачым ліпенем і самым гарачым месяцам у гісторыі, — згодны навуковец з Лейпцыгскага ўніверсітэта Карстэн Хаўштайн. — У гісторыі — гэта значыць з часоў Эемскага міжледнікоўя, якое было 120 тысяч гадоў таму».

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
0