Скрыншоты з тыктоку

Скрыншоты з тыктоку

Кантэнт, створаны ў стылі hopecore, абавязкова нясе станоўчую энергетыку. Для такіх вобразаў характэрныя летуценнасць і эстэтычнасць, яны ўсяляюць надзею і пазітыў. Прыклад hopecore — прыгожыя фотаздымкі жывёл з мілымі подпісамі, душэўныя прамовы знакамітасцяў або натхняльныя кадры са спартовых спаборніцтваў. На сёння ролікі з хэштэгам #hopecore маюць у тыктоку шалёныя 850 мільёнаў праглядаў — ці гэта не прыкмета таго, што свету сапраўды патрэбная надзея?

Hopecore, вядома ж, не новая з'ява. Такія тэндэнцыі нараджаліся ў сеціве і раней і мелі багата розных назваў: згадаем, напрыклад, філасофію аптымістычнага нігілізму ці прынцып нязломнасці чалавечага духу (адпаведныя відэа публікаваліся пад хэштэгам #indomitablespirit). Усе гэтыя ідэі мелі ў сабе агульную рысу — свядомае жаданне паклапаціцца ў нешчаслівыя часы пра навакольных.

Некаторыя з прыкладаў новага трэнду: прамовы лаўрэатаў прэміі «Оскар» Холі Бэры ці Люпіты Ньёнга, а таксама кранальныя выступы палітычных і грамадскіх дзеячаў накшталт пакістанкі Малалы Юсафзай ці брытанкі Эмы Уотсан. Некалькі месяцаў таму дужа папулярнымі сталі прамовы акцёраў Мішэль Еа і Ке Хюі Куана з аскараноснай стужкі «Усё паўсюль і адразу», і гэта таксама hopecore.

Гэты стыль набыў вялікую папулярнасць яшчэ і праз тое, што такі кантэнт здольны выклікаць пачуццё настальгіі ці тугі. Кадры са старой камедыі з Робінам Уільямсам ці з любімага мультфільма — усё гэта нагадвае нам пра ранейшыя часы, калі жыццё было менш складаным, магчыма, пра маленства. У гэтым сэнсе hopecore ёсць супрацьяддзем іншаму падыходу да анлайнавага жыцця — так званаму думскролінгу, калі чалавек марнуе шмат часу на паглынанне дрэнных навінаў анлайн.

Шмат каму кантэнт у стылі hopecore дапамагае клапаціцца пра сябе, маўляў, хочаш хутка ўзняць настрой — паглядзі забаўнае відэа з коткай ці з немаўлём. Калі хочаце распаўсюджваць пазітыў і натхняць іншых, hopecore — тое, што вам трэба.

Беларусы пакуль не надта актыўна выкарыстоўваюць новы хэштэг, але ж і яны здымаюць відэа, напоўненыя надзеяй. Вось, напрыклад, ролік пра тое, як глухата не перашкодзіла дваім маладзёнам абмяняцца вітаннямі:

А гэта — кранальная нарэзка з прыгожых фота беларускіх гарадоў:

Што можа абнадзейваць больш, чым беларуская мова?

Тут знакамітыя, з дзяцінства вядомыя вершы беларускіх класікаў:

Яшчэ адзін прыклад паэтычнага hopecore па-беларуску:

Існуюць і фільмы, якія можна прылічыць да hopecore. Карыстальнікі рэсурсу Reddit назвалі такімі, напрыклад, стужкі «Уцёкі з Шаўшэнка» (Shawshank Redemption»), «Форэст Гамп» (Forrest Gump), «Інтэрстэлар» («Interstellar»), «Там, дзе ракі спяваюць» («Where the Crawdads Sing»).

Калі вы больш любіце серыялы, звярніце ўвагу на камедыйнае шоу «У найлепшым свеце» (The Good Place) пра жанчыну, якая памылкова трапляе ў рай. Ці на знакаміты «Ход каралевы» («The Queen's Gambit») — гісторыю пра тое, як дзяўчына-вундэркінд з прытулку для сіротаў спрабуе прабіцца ў шахматным свеце.

Нарэшце, адзначым «Дзяцінства Шэлдана» (Young Sheldon) — гісторыю пра маленства геніяльнага, але складанага ў камунікацыі хлопчыка, якое прыйшлося на канец 80-х — пачатак 90-х. Гэты серыял дакладна пагрузіць вас у настальгію, а што яшчэ трэба ад hopecore?

Засталося разабрацца, чаму гэты трэнд і роднасныя з ім тэндэнцыі ўзляцелі ў сеціве якраз цяпер. І адказ на гэта просты: імаверна, ва ўмовах бясконцых лакдаўнаў і абмежаванняў апошніх гадоў для заходняй аўдыторыі стала важна ствараць кантэнт, які збліжае і падтрымлівае, а не раз'ядноўвае. Беларусам варта ўзяць гэта на ўзбраенне.

Чытайце таксама:

Перажыла 2022-гі дзякуючы памідорам. Нестандартнае хобі маладой актывісткі — саджанцы назвала Кандрат і Крапіва

«Палешукі сталі Хобсамі». Як беларусы адсылаюць сваё ДНК у Амерыку і шукаюць продкаў па тэстах

«Мы вартыя свабоды». Знакамітая беларуска з Амерыкі пра досвед збору подпісаў на выбарах розных гадоў і тое, што варта рабіць беларусам за мяжой

Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?