Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

«У параўнанні з 90-мі ў нас яшчэ ўсё пакуль дастаткова стабільна»

Адзін з прадпрымальнікаў расказаў, што ў 2020-м моцных змен умоў вядзення бізнэсу ён не адчуў. 

«Першы час, на фоне інфармацыі аб рознага роду вобшуках, штрафах і закрыцці буйных кампаній, было крыху страшна, але ў цэлым для нас, невялікага бізнэсу, рызыкі было не так шмат.

Адчувалася, што краіне, бюджэту патрэбны грошы, і іх збіралі ўсюды, дзе можна. Нам сталі часцей тэлефанаваць з ФСАН і іншых органаў, удакладняць, ці ўсё мы заплацілі. Прыходзілі праверкі: энерганагляд, пажарныя і іншыя», — расказвае ён. 

Складана стала весці бізнэс у краіне пасля пачатку вайны. У першую чаргу з-за ўвядзення санкцый.

«Нам для аказання паслуг кліентам трэба купляць некаторыя еўрапейскія тавары і замежны софт. Спачатку ўзніклі праблемы з аплатамі (банкі па чарзе пачалі адмаўляцца прымаць плацяжы з Беларусі). Прыйшлося аператыўна перабіраць банкі, шукаць абаротныя сродкі і закідваць вялікія сумы перадаплаты па каналах, якія яшчэ працавалі.

Затым еўрапейскія кампаніі пачалі адмаўляць заключаць дамовы і кантракты напрамую з беларускімі арганізацыямі, і прыйшлося шукаць варыянты набыцця неабходнага нам софту і тавараў праз трэція краіны. 

Гэта павялічыла тэрміны, накладныя выдаткі, падатковыя стаўкі, ускладніла лагістыку. Але я думаю, з гэтым сутыкнуліся практычна ўсе, і не толькі ў Беларусі», — кажа ён. 

Разам з гэтым, па словах прадпрымальніка, пасля лютага 2022-га з’явіліся плюсы, якіх раней не было. 

«Рух грошай у краіне павялічыўся. Мабыць, мы атрымалі нейкія расійскія датацыі ці крэдыты, але сутнасць у тым, што грошы круцяцца. Так, узняліся цэны, некаторыя занадта, але рух ёсць. І для вядзення бізнэсу гэта самае галоўнае.

Другі плюс, што пасля сыходу еўрапейскіх брэндаў і рэлакацыі некаторых кампаній вызвалілася месца. І яно пачало запаўняцца або мясцовымі, або таварамі з Расіі ці з Кітая», — пералічвае ён. 

На пытанне, што даецца цяпер складаней за ўсё, мужчына адказвае: абыход еўрапейскіх санкцый. 

А ўнутры краіны — выконваць патрабаванне дзяржавы «не павышаць цэны». 

«Нашы паслугі непасрэдна не адносяцца да спіса тавараў, якія зараз кантралююцца, але ўсё роўна страшна. Раптам нехта возьме і паскардзіцца. А ДФР без разбору возьме і пакарае.

Хоць, аб'ектыўна, сабекошт і выдаткі на многія тавары сапраўды павялічыліся, людзям прыйшлося падняць заробкі з-за агульнага росту цэн у краіне, і таму падняць цану паслуг для кліентаў было б цалкам лагічна. Але прыцягваць лішнюю ўвагу не хочацца. Мяркую, падобная сітуацыя ў многіх. 

Даволі хутка мяняюцца ўмовы. То рэзка ўвялі забарону на вываз тавараў, то знялі, то ўвялі іншую забарону. Гэта ўсё трэба аператыўна адсочваць, калі парушаеш нешта — караюць хутка.

Усё гэта напружвае з пазіцыі, што больш думаеш, як выкруціцца з санкцый і як «не памыліцца», чым пра тое, як развіваць бізнэс і зрабіць яго лепшым. Але, думаю, бывалі часы і больш складаныя. Выжывем», — кажа ён. 

Так як кампанія аказвае паслугі на тэрыторыі кліента, рэлакацыя для яе немагчымая, толькі адкрыццё філіяла ў іншай краіне. 

«З асобнымі кліентамі, з асобным персаналам, з асобным маркетынгам. Што ўжо не зусім рэлакацыя.

У нас ёсць некалькі супрацоўнікаў, якія з'ехалі, нехта змог застацца нам карысным і працуе аддалена, але гэта адзінкі. Дарэчы, адзін хлопец з'ехаў у Польшчу, і мы з ім, мусіць, усё-ткі адкрыем у Польшчы філіял. Але гэта будзе не рэлакацыя, а, хутчэй, засваенне новай тэрыторыі для нашых паслуг і кампетэнцый.

У параўнанні з 90-мі ў нас яшчэ ўсё пакуль дастаткова стабільна. Аб'ектыўна рызыка нешта страціць ёсць заўсёды. А што да «адціснуць» бізнэс — ён у нас не вельмі вялікі. І я б не сказаў, што суперпрыбытковы. Не тыя аб'ёмы, каб з намі важдацца.

Як мне здаецца, асноўная хваля «ганенняў» ужо прайшла — і ўсіх «непажаданых» ужо «правучылі». Страціць бізнэс? Гэта можа здарыцца ў любы момант, з любой прычыны. Адзін няўдала прыняты закон, напрыклад, аб забароне выкарыстання замежных софтаў — і можна сказаць, што нас няма. Але пакуль, я б сказаў, наадварот. З-за таго, што шмат якія кампаніі з рынку сышлі, для нас вызвалілася месца і дадалося працы, прапанавання стала менш, а попыт застаўся», — разважае прадпрымальнік. 

«Можна зарабляць, але нам не даюць зарабляць улады»

Іншы прадпрымальнік расказвае, што галоўная праблема для яго — гэта ўлады, якія не даюць працаваць. 

«Ва ўладзе людзі не проста малаадукаваныя, а неадэкватныя. Яны нас проста не паважаюць, мяркуюць, што яны багі, а мы чэлядзь. У іх аргументаў не бывае, «хачу — дазволю, а хачу — не дазволю». Вось такое стаўленне. Мы тлумачым, што гэтыя дзеянні з іх боку прынясуць ім новыя падаткі, працоўныя месцы, развіццё тэрыторый, — не чуюць.

Што да эканамічнага складніка, то можна зарабляць, але нам не даюць зарабляць улады. Яшчэ летась было больш-менш, у гэтым годзе нашмат горш. Была надзея, што вось увялі санкцыі, зараз, напэўна, бізнэсу ўнутры краіны стануць дапамагаць. Не, стала яшчэ горш», — кажа ён. 

Аб развіцці бізнэсу прадпрымальнік думаць баіцца.

«КДБ, пракуратура, МУС — мы ўсюды былі. Яны проста тэлефануюць і гавораць, што трэба сустрэцца. Адкрыта «плаціце» яны не кажуць, вышукваюць нейкія дробныя парушэнні. Максімальна ствараюць праблемы.

Хаця ў плане развіцця ў нас усё павінна было б быць добра, пасля ўвядзення санкцый, візавых абмежаванняў людзі сталі шукаць, якім чынам можна адпачываць, весяліцца ў краіне. У кавід у нас нядрэнна ішоў бізнэс. Ні адна праблема ў свеце нас так не закранула, як праблема з уладамі», — расказвае ён. 

Магчымасцяў для рэлакацыі бізнэсу прадпрымальнік пакуль не бачыць. Усе яго актывы ў Беларусі. Адзіны варыянт — продаж.

«Але якім чынам — незразумела, — кажа ён. — Таму што нерухомая маёмасць у цане вельмі ўпала. Цяпер у краіне ў цэлым бізнэс рэальна прадаць толькі па частках. І тое асаблівага сэнсу гэта рабіць няма, таму што за рэальны кошт не атрымаецца, будуць даваць палову.

Калі выбіраць, дзе пачынаць бізнэс — альбо Польшча, альбо Іспанія. Пасуе па ўмовах для нас.

Пакуль захоўваем нейкі аптымізм. Усё думаем, што хутка ўсё памяняецца. Чаму я павінен з'язджаць з краіны, калі тут некалькі стагоддзяў жылі мае продкі? І яшчэ я павінен хадзіць прасіць нешта».

«Нашмат цяжэй было, калі ў Беларусі была дэвальвацыя»

Яшчэ адзін бізнэсмен, які мае кампанію ў краіне, таксама звяртае ўвагу на ўмовы вядзення бізнэсу: яны мяняюцца практычна кожны тыдзень. 

«Паглядзіце, што робіць Еўрасаюз. У сілу абставін Польшча пакінула толькі адзін грузавы пераход. Гэта адразу ж павялічыла кошт дастаўкі. Еўрапейскія банкі адмаўляюцца адкрываць рахункі, праводзіць плацяжы.

Першая самая складаная сітуацыя з бізнэсам была, калі ўсе еўрапейцы на эмоцыях пасля 24 лютага перасталі з намі працаваць. Гэта я кажу не толькі пра сябе, але і пра сваіх партнёраў. 

Многія еўрапейскія кампаніі падумалі, паглядзелі і праз нейкі час самі прапанавалі шукаць варыянты. Для іх гэта таксама бізнэс.

Тут больш глабальна трэба ўзняць пытанне. Чаго гэтымі санкцыямі можна дасягнуць? Усё роўна той, хто жадае, знойдзе аналагічны тавар у Азіі. Усё можна замяніць, пытанне часу і грошай. Каму выгадныя санкцыі? Амерыцы?» — разважае ён. 

Самым складаным у вядзенні бізнэсу ў краіне прадпрымальнік называе немагчымасць прагназаваць. 

«Стратэгічна пачынаеш перабудоўваць бізнэс на зразумелыя, выразныя схемы, пераарыентуешся на Кітай, Турцыю. Там таксама ёсць добрыя тавары, якія мы прапануем.

Існуе непрадказальнасць у паводзінах нават не партнёраў у Еўропе, з якімі працуем, а палітыкаў. Цяпер абмяркоўвалася, што беларусаў у Еўропе не прыраўнялі да расіян, і гэта перамога. Атрымліваецца, што фактычна такія людзі на Захадзе — гэта трэці сорт», — разважае ён. 

На пытанне, ці задумваецца мужчына аб рэлакацыі бізнэсу, прадпрымальнік адказвае станоўча. Але ўдакладняе, што не бачыць сэнсу ў адкрыцці сваёй кампаніі ў Еўропе. 

«Лічу, што бізнэс у Беларусі на гэты момант больш прадказальны, чым на Захадзе.

Трэба разумець, што мы там асабліва нікому не патрэбны, мякка кажучы. Паглядзіце, у Польшчы страйкавалі цяпер перавозчыкі, прасілі, каб перасталі рэгістраваць кампаніі з беларускімі каранямі. Яны такім чынам абараняюць сваіх грамадзян. Я магу гэта зразумець, але не прыняць. Прыеду я кудысьці адкрываць бізнэс, а праз два месяцы скажуць закрывацца, бо не мясцовы. 

У гэтым жыцці заўсёды ёсць чым заняцца, акрамя бізнэсу. Калі што, знайду праект, які мне будзе цікавы. Страху страціць бізнэс няма.

Але магу сказаць, што гэта яшчэ не самыя складаныя часы. Нашмат цяжэй было, калі ў Беларусі была дэвальвацыя, а зараз яшчэ можна неяк выкручвацца», — падсумоўвае прадпрымальнік. 

Чытайце таксама: 

Беларусаў, якія адкрылі бізнэс за мяжой, падтрымалі грашыма

Больш за 2000 беларускіх кампаній пераехалі ў Еўрасаюз пасля 2020 года

Што ўяўляе сабой імперыя «Новы зрок» і ў якой схеме іх абвінаваціў ДФР

Клас
3
Панылы сорам
12
Ха-ха
2
Ого
5
Сумна
10
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?