Афіцыйна ў ліквідацыі мінскі цэнтр распрацоўкі Softeq Development знаходзіцца ад 23 красавіка. Рашэнне пра закрыццё кампаніі было прынята ўласнікам.
Пра намер Softeq Development сысці з Беларусі супрацоўнікі мінскага офіса расказалі dev.by яшчэ на пачатку красавіка. Паводле слоў суразмоўцаў, пасля 24 лютага 2022 г. — пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну — топ-менеджмент Softeq Development «прыняў рашэнне закрыць офіс распрацоўкі. Кампанія настойвала на рэлакацыі супрацоўнікаў. Дапамагала з візамі і давала невялікую рэлакацыйную кампенсацыю — каля 1000 даляраў».
Адным з варыянтаў для пераезду стала Літва. Паводле даных rekvizitai.vz.lt, за мінулы і гэты год штат літоўскага офіса Softeq Development вырас амаль у 5 разоў — з 30 да больш чым 130 супрацоўнікаў. З тымі, хто адмовіўся ад рэлакацыі, развіталіся, сцвярджаюць спікеры.
У мінскім офісе Softeq Development працавала каля 280 спецыялістаў. Колькі з іх у выніку было звольнена, невядома. Паводле ацэнак аднаго з суразмоўцаў, «рэлакавалася каля 200 чалавек».
У лінкедзіне ёсць профілі 75 чалавек, якія пазначылі ў якасці актуальнага месца працы Softeq Development і Беларусь у якасці лакацыі. Невядома, працуюць яны ў Беларусі ці «не абнавілі лакацыю».
Softeq Development заснавана ў 1997 годзе. Штаб-кватэра кампаніі знаходзіцца ў Х’юстане, штат Тэхас. У 2008 годзе ў Мінску быў адкрыты цэнтр распрацоўкі — «Софтэк Дэвелапмент». Ад ліпеня 2009 года кампанія з’яўляецца рэзідэнтам ПВТ.
Softeq Development распрацоўвае праграмнае забеспячэнне і «жалеза» на заказ для такіх кліентаў, як Microsoft, Coca-Cola, Epson, Samsung. Таксама кампанія аказвае паслугі ў галіне распрацоўкі вэб-рашэнняў, мабільных праграм і гульняў, убудаваных сістэм і нізкаўзроўневых утыліт, а таксама мультыплатформавых праграм.
Softeq Development стала чарговай амерыканскай кампаніяй, якая сышла з Беларусі. Раней бізнэс у Беларусі закрылі такія буйныя кампаніі як WorkFusion, Arteza, EIS Group.
Чытайце таксама:
Wargaming абагнаў EPAM і лідзіруе па падатках у Літве
ІТ-кампаніі з беларускімі каранямі занялі за год палову айцішных офісаў Вільні





