Усе фота: ctrana.news

 Усе фота: ctrana.news

У лютым 2022 года Затока, ці, як часцей яе называюць адэсіты, Бугаз, адпачывала пасля бурнага сезона 2021 года і рыхтавалася да наступнага. Але пачатак вайны пахаваў усе планы ўладальнікаў бізнэсу: адной з асноўных цэляў расіян стаў чыгуначны мост, які злучае дзве часткі курорта паміж сабой і курортныя базы ў пасёлку. Расіяне сцвярджалі, што на гэтых базах нібыта жылі ўкраінскія вайскоўцы, Украіна гэта адмаўляла.

Ракетныя ўдары дашчэнту разбурылі некалькі баз і прыватныя дамы.

Зрэшты, курорт закрыўся нават не з-за ракетных прылётаў. Адэская АВГА ў 2022 годзе абвясціла пляжы закрытымі па ўсёй вобласці, паколькі ў пачатку вайны была вялікая верагоднасць марскога дэсанту расіян.

З-за небяспекі дэсанту і стратэгічнага моста курорт фактычна аказаўся закрытай зонай.

Адэскі заліў яшчэ зімой 2022 года быў шчыльна замініраваны па ўсёй акваторыі. Пасля штормаў некалькі плывучых мін адарваліся ад падводных тросаў і сталі смяротнымі сюрпрызамі для смельчакоў, якія адважваліся акунуцца.

За мінулы сезон 2022 года на пляжы Адэскай вобласці міны выкідвала прыбоем шмат разоў, большасць іх ліквідавалі сапёры.

Але ад выбухаў у розных месцах былі забітыя трое чалавек, якія вырашылі пакупацца ў моры.

Курортны бізнэс Затокі зараз проста замёр. У пасёлку закрыта большасць магазінаў і атэляў. Асабліва пацярпелі буйныя гандлёвыя сеткі, супермаркеты нават не спрабуюць адчыняць.

Уладальнікі гатэляў і апартаментаў падтрымліваюць свой бізнэс толькі ў надзеі на будучыя сезоны, скараціўшы абслуговы персанал да мінімуму. А самыя невялікія міні-гатэлі абслугоўваюць самі гаспадары.

«У нас у Затоцы ёсць невялікі гатэль на другой лініі ад мора. Да вайны была там і крама. У 2022 годзе яго закрылі, тавар распрадалі за бясцэнак у Адэсе. У гатэлі зараз пастаянна жыве маці, падтрымлівае дом як можа. Пастаяльцаў няма наогул, даходаў таксама. Але камуналку даводзіцца плаціць, ніякіх ільгот няма і не будзе. Таму даводзіцца перадаваць маці грошы на жыццё, таксама плацім камуналку, працуем у Адэсе», — распавяла гаспадыня міні-гатэля ў Затоцы Святлана.

«Пасля пачатку вайны мой пляжны бізнэс цалкам накрыўся. У мяне на пляжы было некалькі надзіманых атракцыёнаў, тры марскія скутары з прывязнымі бананамі, на цэнтральнай алеі працавалі дзве кава-машыны. Усё гэта складзена, я застаўся без прыбыткаў, прыйшлося шукаць іншую працу. Думаю, што нават пасля заканчэння вайны курорт няхутка пачне працаваць, бо будуць доўга здымаць марскія міны з заліва. А хто захоча купацца і загараць, калі можа прыплыць такі цуд? Таму Затока закрылася на найбліжэйшыя пару гадоў», — лічыць уладальнік комплексу пляжных забаў Уладзіслаў Макрынчук.

Сёлета пляжнага адпачынку таксама не будзе. Ваенныя ўжо накіравалі інфармацыю прадстаўнікам улады Адэскай вобласці аб немэтазгоднасці пачатку курортнага сезона ў Адэскай вобласці.

«Адкрыццё курортнага сезона немэтазгодна. Мы адправілі прадстаўнікам мясцовай улады інфармацыю, якія пагрозы могуць быць. Мы разумеем, што рэгіён павінен развівацца. Але бяспека на пярэднім плане. Сёння яшчэ рана казаць, што ўзбярэжжа — гэта курортная зона. Гэта зона абароны», — сказала начальніца абʼяднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра Сіл абароны «Поўдзень» Украіны Наталля Гумянюк.

Аб тым жа заявіў і прэс-сакратар аператыўнага штаба Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Братчук.

«Пападанні ў будынкі курортнай сферы гавораць пра тое, што курортнага сезона зноў сёлета не будзе», — заявіў Братчук.

Клас
6
Панылы сорам
2
Ха-ха
5
Ого
5
Сумна
95
Абуральна
28