На ААТ «Камбінат «Усход» згніла 225 тон капусты са стабілізацыйнага фонду. Скрыншот відэа ТРК «Гомель»

На ААТ «Камбінат «Усход» згніла 225 тон капусты са стабілізацыйнага фонду. Скрыншот відэа ТРК «Гомель»

Як гаворыцца ў тэлесюжэце, работнікі прадпрыемства не раз казалі кіраўніку, што капуста гніе, але ў адказ чулі толькі: «Усё вырашым». Але нічога не вырашалася на працягу некалькіх месяцаў. У выніку 225 тон капусты канчаткова сапсаваліся. Прычына — парушэнне тэмпературнага рэжыму ў сховішчы, несвоечасовая падрыхтоўка прадукцыі і памяшканняў да захоўвання.

Камеры захоўвання прадпрыемства былі запоўненыя менавіта прадукцыяй стабілізацыйнага фонду Гомеля. Перанесці капусту ў іншае месца было немагчыма. Паправіць халадзільнае абсталяванне было значна прасцей, але гэтага не рабілі пяць месяцаў. Нават калі кіраўніку на стол паклалі дакладную запіску, яшчэ некаторы час ніякіх мер не рабілася. А калі ў выніку капуста зусім згніла, кіраўнік даў указанне проста скарміць яе скаціне.

Так захоўваецца капуста на прадпрыемстве. Скрыншот відэа ТРК «Гомель»

Так захоўваецца капуста на прадпрыемстве. Скрыншот відэа ТРК «Гомель»

— Парушэнне ўмоў захоўвання капусты прывяло да яе псавання і далейшага незаконнага спісання на корм жывёле ў колькасці звыш 225 тон, што склала каля 72% ад мінімальнай закладкі стабілізацыйнага фонду і пацягнула прычыненне ўрону прадпрыемству ў буйным памеры, на суму звыш 83 000 рублёў, — паведаміў прадстаўнік Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Гомельскай вобласці Андрэй Сеннікаў.

У дачыненні да кіраўніка прадпрыемства распачалі крымінальную справу па арт. 425 КК аб бяздзеянні службовай асобы, якая прадугледжвае да 5 гадоў пазбаўлення волі. Але кіраўнік можа змякчыць прысуд, калі пакрые шкоду.

Толькі зараз астуджэнне ў камерах захоўвання паправілі. Супрацоўнікі экстранна перабіраюць усю капусту, прыбіраюць з качаноў часткі, якія згнілі. Тое, што ацалела, спрабуюць прадаць.

— Мы максімальна кінулі ўсе сілы, каб яе выратаваць, перабраць і яшчэ падоўжыць яе тэрмін захоўвання. На гэты момант у нас каля паловы ўраджаю захавалася, і мы робім усё, каб пусціць гэта ў розніцу і захаваць, — кажа начальнік складоў захоўвання і перапрацоўкі садавінагароднінай прадукцыі ААТ «Камбінат «Усход» Надзея Гуцава.

Тое, што выратаваць не ўдасца, пойдзе зноў жа на корм жывёле.

Беларускія чыноўнікі ўвесь час хваліліся стабілізацыйнымі фондамі — яны павінны быць гарантам харчовай бяспекі Беларусі ў частцы садавінагароднінай прадукцыі. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка на нарадзе ў Лукашэнкі ў лютым казаў, што ў стабфонды па краіне ў 2022 годзе было закладзена больш за 144 тыс. тон бульбы, гародніны, яблыкаў — на траціну больш, чым годам раней. Стабфонды «дазваляюць захаваць якасць прадукту», казала намеснік міністра сельскай гаспадаркі Ала Ламакіна.

Усю зіму пры кожным падаражэнні гародніны чыноўнікі заяўлялі, што турбавацца няма пра што і дэфіцыту не будзе, унутранаму рынку нічога не пагражае. Аднак у пачатку красавіка Дзяржкантроль адрапартаваў, што праверыў 112 стабфондаў і ў 79% знойдзеныя парушэнні, у многіх прадукцыя псуецца, тады як у крамах ляжыць дарагая імпартная гародніна. Ведамства запатрабавала прыняць меры і пакараць чыноўнікаў. Пры гэтым на той момант яшчэ не было вядома пра гнілую гомельскую капусту.

Клас
1
Панылы сорам
23
Ха-ха
24
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
7