Паведамляецца, што ў маі 2021 года ў эфіры аднаго з тэлеканалаў і на YouTube была размешчаная рэклама анлайн-гіпермаркета «Е-дастаўка» (ЗАТ «інтэрнэт-крама Еўраопт»), у якой параўноўваліся цэны ў «Е-дастаўцы» і іншых гандлёвых сетках на падставе даных сэрвісу параўнання цэн Infoprice.by.

Звярталася ўвага на тое, што цэны ў анлайн-краме, напрыклад, «у сярэднім на 30% ніжэйшыя, чым у канкурэнтаў», «за падгузнікі ў іншых крамах можна пераплаціць да 46% у параўнанні з «Е-дастаўкай», а таксама, што «Е-дастаўку» выбіраюць усе».

У ходзе антыманапольнага расследавання МАРГ было ўстаноўлена, што сцвярджэнні аб перавагах інтэрнэт-крамы, параўнанне ўзроўню цэн з гандлёвымі сеткамі — канкурэнтамі не ўяўляецца магчымым аб'ектыўна праверыць, а анлайн-гіпермаркетам не прадстаўленыя доказы дакладнасці інфармацыі з рэкламы.

Акрамя таго, спасылаючыся на даныя сэрвісу параўнання цэн Infoprice.by, кампанія не звяртае ўвагу на асаблівасць крыніцы інфармацыі: сэрвісам па змоўчванні аналізуецца толькі «топ-500» тавараў. Адсутнасць такой агаворкі, на думку МАРГ, можа стварыць у спажыўцоў памылковае ўражанне пра тое, што ў рэкламе параўноўваецца ўзровень цэн на ўвесь асартымент тавараў гандлёвых сетак.

У выніку некарэктнае параўнанне анлайн-гіпермаркета з канкурэнтамі на сваю карысць прызнанае МАРГ несумленнай канкурэнцыяй.

МАРГ нагадвае, што несумленная канкурэнцыя цягне накладанне штрафу на юрыдычную асобу ў памеры да 10% ад сумы гадавой выручкі (артыкул 13.33 КаАП). Меру адказнасці для парушальніка вызначыць суд.

Кампаніі таксама будзе выдадзенае прадпісанне аб спыненні несумленнай канкурэнцыі, гаворыцца ў паведамленні.

Выручка інтэрнэт-крамы «Еўраопт» у мінулым годзе склала 452 млн рублёў (у 2021 годзе — 319 млн), значыць, ёй пагражае штраф да 45 млн рублёў або да 32 млн, калі суд будзе лічыць выручку 2021 года, палічыў партал «Зеркало».

Клас
4
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
2