Афіцыйна беларускую спартсменку прадставілі гарадскія ўлады Беластока 26 красавіка, паведамляе Mostmedia.io.

Сярэбраная прызёрка Алімпіяды-2012 па мастацкай гімнастыцы Наталля Лешчык не хавала сваю пазіцыю пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020 у Беларусі. Дзяўчына падпісала ліст свабодных спартсменаў і выказалася па сітуацыі ў краіне. Таксама яна асудзіла расійскую агрэсію ва Украіне ў лютым 2022 года.

— Пасля пратэстаў у нас у Беларусі вельмі трывожная сітуацыя, вельмі шмат людзей саджаюць у турму. Я адкрыта выказвала пазіцыю супраць дыктатуры і вайны. Была верагоднасць, што па мяне прыйдуць і пасадзяць. Увесь час была ў трывожным стане і таму вымушаная была з'язджаць з краіны, — сказала на прэс-канферэнцыі Наталля.

Узімку 2022 года спартсменка выехала з Беларусі. Яна пераехала ў Польшчу і спачатку жыла ва Уроцлаве. Вясной 2023 года Наталлі прапанавалі працу ў Беластоку, таксама ў польскім горадзе ёй далі жыллё.

— Беласток мне здаўся больш прывабным, чым Уроцлаў. Тут у мяне знаёмыя былі, яны і спакусілі пераехаць. Я б хацела сказаць дзякуй Польшчы за гасціннасць, прытулак і магчымасць пачувацца ў бяспецы. Я вельмі рада папрацаваць у Беластоку з дзецьмі. Спадзяюся, наша праца будзе прадуктыўнай.

У гімнастыцы на Алімпійскіх гульнях у польскіх спартоўцаў няма медалёў, гарадскія ўлады Беластока мяркуюць, што беларуская спартоўка здолее падрыхтаваць будучых польскіх чэмпіёнаў да Алімпіяды ў ЗША. 34-я летнія Алімпійскія гульні пройдуць летам 2028 года ў Лос-Анджэлесе.

Чытайце таксама:

«Не ўяўляю, як адчуваюць сябе людзі, якія свядома жывуць пры Лукашэнку 26 гадоў». Гутарка з алімпійскай прызёркай па мастацкай гімнастыцы, якая асудзіла гвалт і рэпрэсіі

Клас
51
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
7
Абуральна
3