Транспартныя сродкі з някруглымі коламі — не зусім новая ідэя. Некалькі гадоў таму папулярныя вядоўцы Адам Сэйвідж і Джэймі Хайнеман з праграмы «Разбуральнікі міфаў» мадэрнізавалі пікап з квадратнымі коламі, на якім наўрад ці магчыма было далёка паехаць. 

Таксама Gizmodo ўспамінае ровары з трохкутнымі коламі, адзін з якіх быў прадэманстраваны на фестывалі Burning Man і меў спецыяльна распрацаваную раму, што нівелюе любыя рэзкія рухі, якія адчувае раварыст.

А ў Нацыянальным музеі матэматыкі ў Нью-Ёрку дэманстраваўся нават трохколавы ровар з квадратнымі коламі, які, дарэчы, выдатна працуе на спецыяльнай паверхні, пакрытай шэрагам ідэальна выпуклых няроўнасцяў. Засталося толькі пабудаваць такія дарогі — і можна выпраўляцца вандраваць.

Новая ж распрацоўка з квадратнымі коламі выкарыстоўвае зусім іншы падыход да праблемы. Квадратныя колы самі па сабе не коцяцца, але іх гумовыя шыны былі разрэзаныя і спалучаны з чатырма камплектамі роварных ланцугоў, каб стварыць бесперапынны пратэктар, які круціцца з вонкавага боку кожнага «кола». Па сутнасці ў выніку атрымаўся танк з педальным прывадам. Працэс стварэння і тэст-драйв аўтары прадэманстравалі ў відэа.

Рэзкі вугал пярэдняга кола ў 90 градусаў не дазволіць ровару пераадольваць перасечаную мясцовасць, як гэта робіць сапраўдны танк. Ды і спецыяльная сістэма педаляў не выглядае так, быццам раварысту будзе проста падымацца на ўзгоркі. Але ж аматары квадратных формаў бясспрэчна змаглі б ездзіць на гэтым цудзе інжынернай думкі па адносна роўных паверхнях.

Клас
12
Панылы сорам
4
Ха-ха
15
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2