Фота з сацсетак
Незнаёмыя вокны,
незнаёмыя людзі…
Сакавік на надворку,
а ці вясна тут будзе?
Тут калісьці жылі мы,
мелі мары, надзеі,
а цяпер у пашане
махляры ды зладзеі.
Не жывём — выжываем,
не жыццё — існаванне.
Перарэзалі жылы
і пакінулі ў ванне.
Замест мараў — пустэча,
холад глебы астылай.
Лямантуе надзея
па-над свежай магілай,
і зліваюцца гукі
ў калыханку распаду:
«Ўсё мінае, мой хлопчык.
Квецень гэтага саду
ўжо ніколі не ўбачаць
твае згаслыя вочы.
Засынай назаўсёды
у краі вечнай ночы…»
Выйдзе сейбіт — ці знойдзе
лапік глебы прыдатнай,
ці адно толькі пустку
пад нягашанай вапнай?





