Польскія чыноўнікі і пагранічнікі каля памежнай сцяны. Фота: AP / Maciek Luczniewski

Польскія чыноўнікі і пагранічнікі каля памежнай сцяны. Фота: AP / Maciek Luczniewski

«Мы не выключаем закрыцця іншых пераходаў з Беларуссю. Ёсць яшчэ адзін вельмі вялікі пераход «Цярэспаль», калі я правільна памятаю. На гэты раз мы зачынілі пераход «Баброўнікі». Прычына — гэта ўзмацненне супярэчнасцей з Беларуссю. Беларусь сапраўды інструменталізавана расіянамі і Крамлём. Яна грае крамлёўскую музыку. Гэта для нас, для Украіны і Еўропы — усё больш і больш небяспечныя паводзіны і ўсё больш і больш небяспечная з'ява. Мы паслалі вельмі моцны сігнал па гэтым канале Мінску», — сказаў Маравецкі.

Таксама польскі ўрад назваў адной з галоўных прычын закрыцця пагранпераходу з Беларуссю ў Баброўніках рашэнне Гродзенскага абласнога суда, які асудзіў журналіста міжнароднага канала грамадскага тэлебачання Польшчы Polonia Андрэя Пачобута да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Пра гэта паведаміў у пятніцу на брыфінгу прэс-сакратар МЗС Польшчы Лукаш Ясіна.

«Мы ўсе ведаем, што робіць Беларусь, якую агрэсіўную палітыку дапускае ў дачыненні да нашай краіны апошнія паўтара года… Думаю, важныя пытанні дзяржбяспекі прымушаюць нас цяпер так сябе паводзіць. Гэта рацыянальнае рашэнне, якое гарантуе бяспеку польскай дзяржавы», — сказаў ён, абвінаваціўшы ў ірацыянальных паводзінах улады Беларусі за дзеянні ў дачыненні да Пачобута.

«Ці будуць прымацца нейкія іншыя рашэнні па гэтай справе? Мы сапраўды яшчэ не раз сустрэнемся тут у міністэрстве, — указаў Ясіна і дадаў: — Мы ўсе разумеем, з кім суседнічаем і па якой прычыне тыя ці іншыя крокі робяцца. Нагадаю, што гэта адбываецца праз паўтара года пасля таго, як Беларусь дапусціла ў дачыненні да нашай краіны ледзь не прамую агрэсію. Цярпенне польскай дзяржавы і так вялікае».

Нагадаем, што сёння з 14:00 паводле беларускага часу па ініцыятыве польскага боку быў спынены рух у пункце пропуску «Бераставіца — Баброўнікі».

У лістападзе 2021 года ў адказ на інструменталізацыю лукашэнкаўцамі нелегальных мігрантаў быў зачынены пераход «Брузгі — Кузніца».

У выніку на мяжы застаюцца два пагранпераходы: «Варшаўскі мост — Цярэспаль» для легкавога аўтатранспарту і «Казловічы — Кукурыкі» — для грузавога.

Клас
44
Панылы сорам
6
Ха-ха
5
Ого
4
Сумна
11
Абуральна
4