AP Photo/Jacquelyn Martin
Калі ўкраінскі прэзідэнт зможа прыехаць для выступу на спецыяльнай сесіі Еўрапейскага парламента, гэта будзе яго другі выезд за межы Украіны з моманту пачатку вайны амаль год таму.
Украіна атрымала статус кандыдата ў члены Еўрасаюза і настойвае на паскораным уступленні ў блок. Еўрапейскія краіны таксама сталі найбуйнейшымі пастаўшчыкамі зброі ва Украіну пасля ЗША.
У мінулым месяцы ЕС пачаў даваць краіне пакет макрафінансавай дапамогі на 18 мільярдаў еўра.
На мінулым тыдні ўкраінскі лідар прымаў у Кіеве Урсулу фон дэр Ляен, старшыню Еўракамісіі, і Шарля Мішэля, кіраўніка Еўрарады.
«Шчыра кажучы, калі я кудысьці паеду, то ёсць вялікія рызыкі. Гэта праўда», — сказаў Зяленскі журналістам у пятніцу, адказваючы на пытанне аб магчымым візіце ў Брусель.
Адзіным замежным візітам украінскага прэзідэнта з моманту ўварвання Расіі ва Украіну 24 лютага 2022 года была снежаньская паездка ў Вашынгтон, дзе ён правёў перамовы з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам і выступіў на пасяджэнні Кангрэса.





