Фота: Delfi.lt

Фота: Delfi.lt

Па словах Яўнішкіса, абвостраная сітуацыя з-за вайны ва Украіне.

«Мы бачым, што разведка стала больш інтэнсіўнай — магчыма, яны цяпер больш ангажаваныя, у іх ёсць праца ва Украіне, але, па-за ўсякім сумневам, мы павінны сачыць за тым, што адбываецца ў нас», — сказаў Яўнішкіс.

Па яго словах, паездкі літоўцаў у Расію і Беларусь ўяўляюць небяспеку і для саміх грамадзян, і для дзяржавы.

«Беларускі КДБ працуе вельмі інтэнсіўна, як і расійскі ў сябе. Я маю на ўвазе, што людзі, якія перасякаюць мяжу і едуць у гэтыя краіны па таннае паліва, цыгарэты ці яшчэ нешта, аўтаматычна апынаюцца ў зоне рызыкі. У нас ёсць факты вярбоўкі людзей, у іх пытаюцца, напрыклад, пра палітычную сітуацыю ў Літве, пра іх працу, адукацыю, хто яны. Збіраюць інфармацыю, палохаюць, каб атрымаць інфармацыю», — распавёў Яўнішкіс.

Ён падкрэсліў, што людзі не павінны думаць, што яны не цікавыя расійскім ці беларускім спецслужбам.

«Усе мы цікавыя. Кожны чалавек валодае некаторай інфармацыяй, носіць яе ў сябе ў галаве — ён дзесьці працуе, мае нейкую інфармацыю, у яго ёсць калегі, сябры, блізкія. Усе мы ўяўляем інтарэс — іх цікавіць любая інфармацыя. Яны могуць стварыць сітуацыю. Расійскія і беларускія спецслужбы славяцца тым, што падсоўваюць табе мадэль злачынства і потым абвінавачваюць, кажуць: калі хочаш вярнуцца дадому, а не сядзець у турме 10 гадоў, павінен супрацоўнічаць. Гэта адзін з простых прыкладаў. У людзей ёсць слабасці: або запіваюць, або губляюць памяць. Потым лёгка змадэляваць нейкую сітуацыю», — распавёў кіраўнік ДДБ Літвы.

Па яго словах, сітуацыі могуць быць самыя розныя — напрыклад, бойка або ДТЗ.

Ён пракаментаваў і прапанову абмежаваць паездкі ў Беларусь і з Беларусі. На думку кіраўніка ДДБ, саміх расіян і беларусаў з пункту гледжання патэнцыйнай пагрозы трэба расцэньваць аднолькава.

«Мы разумеем, што сярод беларусаў ёсць і прадстаўнікі апазіцыі, тыя, хто змагаецца за лепшую Беларусь, але ў нас ёсць нямала фактаў, што часам прыязджаюць людзі, завербаваныя беларускім КДБ. Іх не адзін, не два, не тры. Мы павінны зразумець, што ў людзей часам няма выбару. Калі б большай частцы прыезжых можна было давяраць, ведаць, што яны прадстаўнікі апазіцыі, але няма ніякай гарантыі, што хтосьці з іх не працуе на беларускі ці расійскі КДБ. Тое ж самае і з грамадзянамі Расіі», — сказаў Яўнішкіс.

Ён запэўніў, што літоўскія спецслужбы правяраюць усіх, хто прыязджае. Паводле яго слоў, былі зафіксаваныя факты «ўезду агентаў беларускага КДБ, завербаваных людзей».

Клас
14
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3