ISW лічыць, што паказ у апошнія два дні нарады прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з міністрам абароны Сяргеем Шайгу, начальнікам генштаба Валерыем Герасімавым і камандуючым расійскімі сіламі ва Украіне Сяргеем Суравікіным, а таксама паездкі Шайгу ў Паўднёвую ваенную акругу — гэта адказ на прэтэнзіі і крытыку расійскіх вайскоўцаў блогераў-ультранацыяналістаў, але не толькі.

«Упартыя спробы расійскіх ваенных чыноўнікаў паказаць, што яны актыўна ўдзельнічаюць у планаванні ваенных дзеянняў і кантралююць іх, асабліва ў адсутнасць пэўных перамог у Украіне, могуць азначаць, што Расія рыхтуецца ў найбліжэйшыя месяцы аднавіць наступ ва Украіне», — пішуць аналітыкі ISW.

Прыкметы падрыхтоўкі такога наступу яны бачаць і ў маючай адбыцца ў панядзелак сустрэчы Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі: амерыканскія эксперты ўслед за шматлікімі ўсходнееўрапейскімі калегамі мяркуюць, што Пуцін зноў будзе схіляць Лукашэнку да больш актыўнага ўдзелу ў вайне.

Аднак ці будзе здольная расійская армія на паспяховы наступ у хуткім часе — на гэты конт у ISW захоўваюцца вялікія сумневы.

Мабілізаваныя рэзервісты і прызыўнікі, на думку экспертаў, яшчэ не навучацца ваяваць дастаткова добра, каб праводзіць хуткія і паспяховыя аперацыі. Да таго ж у Расіі не хапае танкаў, артылерыі і дальнабойнай зброі, і гэтая праблема наўрад ці будзе вырашана ўжо гэтай зімой.

«Пуцін усё роўна можа аддаць загад аб вялікіх наступальных аперацыях ужо зімой, але важна не пераацэньваць здольнасць расійскіх або злучаных расійска-беларускіх сіл паспяхова праводзіць такія аперацыі», — піша ISW.

Да таго ж, паводле ацэнкі амерыканскіх аналітыкаў, Лукашэнка наўрад ці пагодзіцца паслаць сваю армію ва Украіну.

Клас
11
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3