Тут і далей фота Максіма Магера
У кастрычніку дрэсіроўшчыца Майлі Моні яшчэ гастралявала па краіне разам з цыркам «DZIVA». Артысты па праграме накіроўваліся ў Баку. Але італьянскае пасольства не рэкамендавала сваёй грамадзянцы ехаць у Азербайджан з-за канфлікту ў Нагорным Карабаху. Майлі рэкамендацыі паслухала і засталася ў Беларусі разам са сланом, коньмі, поні і гусямі. Уся гэтая гаспадарка ляжыць на плячах адной дрэсіроўшчыцы.
Уладкавацца дапамог мясцовы сябар. Руслан Марохаў калісьці сам трымаў вандроўны цырк, але падчас пандэміі збанкрутаваў. Ён і прытуліў качэўнікаў у вёсцы Навінкі Слуцкага раёна.
Гісторыю дрэсіроўшчыцы, якой няма чым карміць слана, распавялі мясцовыя журналісты. Самая магутная хваля ўвагі паднялася пасля роліка блогера MilTOP. І народ паехаў дапамагаць.
Заслужаная артыстка
У вёсцы назіраецца пастаянны рух. Двары застаўленыя аўто з нумарамі розных рэгіёнаў. Мясцовыя не супраць, ім гэта не перашкаджае. Людзі вязуць гародніну і садавіну, нават цэлымі прычэпамі.
Сланіха Мара есць па 100 кілаграмаў у дзень: сена, батоны, буракі, моркву, камбікорм. На дэсерт — цукар, сушкі або пячэнне.
Пакарміць і пагладзіць слана выстраіліся чэргі. За дзень паглядзець на Мару прыязджае некалькі соцень чалавек. Сланіха радая ўсім. А калі стоміцца — прыляжа. Значыць, час зрабіць перапынак.
«Мара сапраўдная артыстка — працуе на публіку», — хваліцца Майлі Моні.
Чарнагрывыя прыгажуны пароды фрыз нават зайздросцяць Мары. Яны — не галоўныя зоркі.
Ежы ўжо навезлі больш, чым трэба. Мара пераядае і нават крыху патаўсцела. Але тэлефон Руслана Марохава ўсё гэтак жа звоніць без перапынку. Салярка, сена або рубель — такая дапамога больш актуальная.
Каб жывёлы заставаліся ў форме, дрэсіроўшчыца рэгулярна рэпеціруе праграму. Паглядзець яе бясплатна можа любы ахвотны.
Дарога на ўсход
Майлі Моні працавала з мужам Крысціянам. У 2020 годзе ён загінуў у аўтакатастрофе. Майлі працягнула сямейную справу адна. Яна добра гаворыць па-руску, а яе дзеці — яшчэ і па-беларуску. Вучацца яны дыстанцыйна ў Кобрынскай школе.
Цівану сем гадоў, а Крыстэль — 12. Усё дзяцінства яны правялі ў пераездах паміж гарадамі і краінамі. Жывуць у аўтадамах або гасцініцах.
Праз месяц Майлі Моні рыхтуе свае грузавікі для гастроляў у Тулу. Кантракт — на год. А далей — хто ведае.






я пра слана і коней...
людзішкі дык вясёлыя і фоткаюцца на іх фоне