Дазваніцца на кароткі нумар у нас не атрымалася, таму мы набралі тэлефон даверу КДК. Аказалася, што гэты нумар працуе для скаргаў на супрацоўнікаў камітэта. Тым не менш, жанчына, якая падняла слухаўку, пагадзілася выслухаць і праблему цэн.
Паскардзіліся на цэны на цішоткі пола з аўтографам Лукашэнкі, якія каштуюць па 50 рублёў — такія нядаўна прадавалі ў краме ў «Сталіцы». Падобныя пола ў іншых беларускіх крамах можна знайсці за 28 рублёў (напрыклад, такія прадаюць у «Світанку») ці 35 рублёў.
Фота: «Мінская праўда»
— Гандлёвы цэнтр «Сталіца», — павольна паўтарае жанчына з камітэта: пэўна, пазначае інфармацыю. — Крама «Першы».
— Я проста ў шоку ад цэн. Я не ведаю, хто ў нас столькі зарабляе!
— Я не ведаю… Цішотка пола?
— Так.
— Колькі?
— 50 рублёў.
— Добра. А яна [цішотка] менавіта па павышэнні цэн? Вы ж не ведаеце, колькі яна каштавала, напрыклад, на мінулым тыдні? — пытае жанчына.
— Шчыра кажучы, не ведаю, але здзівілася, што там такія цэны. Мне такую цішотку купіць не па кішэні, як і звычайным беларусам, я мяркую. Усе мае сяброўкі здзівіліся.
— Добра.
— Скажыце, а будзе, можа, якая праверка?
— Я перадам нашым спецыялістам, а далей яны будуць глядзець.
Нагадаем, першая крама з мерчам Лукашэнкі «Першы» адчынілася ў Мінску ў мінулым снежні ў гандлёвым цэнтры «Замак». Другая, што ў «Сталіцы», — сёлета ў ліпені.





