Стан фронту між Балаклеяй і Купянскам. Карта расійскага ТГ-канала «Рыбарь»
Украінскія войскі занялі вялікае сяло Сянькова, дарога Ізюм—Купянск перарэзаная. Пра гэта паведамляюць расійскія тэлеграм-каналы. У Сянькове ёсць мост на левы бераг ракі Аскол, ён апынуўся пад украінскім кантролем.
Наступальная аперацыя ўкраінскай арміі адбываецца паміж рэкамі Северскі Данец і Аскол, якія абмяжоўваюць магчымасці бранятэхнікі.
Аскол — прыток Данца, шырокі ў раёне Аскольскага вадасховішча.
З захопам Сянькова, а эксперты прагназуюць, што ў найбліжэйшыя дні ўкраінскія войскі могуць заняць і 50-тысячны Купянск, пад кантроль украінскай арміі пераходзіць дарога Купянск—Ізюм, якая была галоўнай артэрыяй забеспячэння значнай Ізюмскай групоўкі расійскіх войскаў, што навісае над Славянскам. Пасля гэтага ў распараджэнні расійскіх войскаў застануцца толькі горшыя, другасныя дарогі цераз раку Аскол, масты на якіх могуць стаць лёгкімі цэлямі для ўкраінскіх «Хаймарсаў».
Украінскія вайскоўцы завязваюць вочы расійскаму палоннаму, 7 верасня. Скрыншот з відэа
Імаверна, калі ўкраінскія войскі ўтрымаюць Сянькова і возьмуць Купянск, расіяне вымушаныя будуць адступіць з Ізюма і Святагорска, што зніме пагрозу са Славянска і Краматорска.
У той жа час, калі ўкраінская армія мае дастаткова рэзерваў, яна можа паспрабаваць замкнуць вялікае колца вакол Ізюма на левым беразе Аскола. Галоўнае пытанне — у авіяцыі і супрацьпаветранай абароне. Расія мае татальную перавагу ў паветры, таму ўкраінскія войскі вымушаныя наступаць паволі, падцягваючы наяўныя ў іх нешматлікія проціпаветраныя комплексы.
Афіцыйна пра вызваленне Сянькова ўкраінскае камандаванне пакуль не паведамляла. Учора ўкраінскі сцяг быў узняты над горадам Балаклея. Расійскі гарнізон з горада збег у кірунку Ізюма.
Чытайце таксама: Паглядзіце, як украінцы ў Харкаўскай вобласці сустракаюць вызваліцеляў ВІДЭА





