Імя Махамед Фара яму далі людзі, якія прывезлі яго з невялікай ўсходнеафрыканскай краіны Джыбуці, а яго сапраўднае імя — Хусэйн Абдзі Каін. Яму было 9 гадоў, калі незнаёмая жанчына прывезла яго ў Лондан, дзе яму давялося глядзець чужых дзяцей.

«Шмат гадоў я стараўся не ўспамінаць пра гэта, — кажа спартовец. — Але немагчыма рабіць гэта вечна».

Паводле афіцыйнай версіі, якую падаваў дагэтуль атлет, ён прыехаў у Брытанію з бацькамі з Самалі як бежанец.

Аднак у дакументальным фільме, знятым сумесна «Бі-бі-сі» і кампаніяй Red Bull Studios, Мо распавядае, што яго бацькі ніколі не былі ў Брытаніі.

Маці з двума яго братамі дагэтуль жыве ў непрызнаным Самалілэндзе, а бацька загінуў ад выпадковай кулі падчас грамадзянскай вайны ў Самалі, ад якога Самалілэнд адкалоўся ў 1991 годзе.

Па словах самога Мо Фары, у 8 або 9 гадоў яго адправілі да сваякоў у Джыбуці, і ўжо адтуль ён разам з жанчынай, якую да гэтага не ведаў і якая не была яму раднёй, трапіў у Вялікабрытанію.

Гэтая жанчына сказала яму, што ён адпраўляецца ў Еўропу да сваякоў, і гэта яго вельмі ўзрадавала. «Я да гэтага ніколі не лётаў на самалёце», — кажа Мо.

Гэтая ж жанчына сказала яму, каб ён называў сябе Махамедам. Па словах Мо, у яе былі падробленыя дакументы з яго фатаграфіяй і імем «Махамед Фара»

Калі яны прыехалі да яе ў кватэру ў Хаўнслоў на захадзе Лондана, жанчына забрала ў хлопчыка запіску з адрасам і тэлефонам яго сваякоў.

«Проста ў мяне на вачах яна парвала гэтую запіску і выкінула ў смеццевае вядро. Я адразу зразумеў, што я папаў», — распавядае ён.

Па словах сэра Мо, каб не застацца галодным, яму давялося выконваць працу па доме і глядзець дзяцей.

«Калі хочаш зноў пабачыць сваіх родных, нікому нічога не кажы», — навучала яго жанчына. «Часта я замыкаўся ў ванным пакоі і плакаў», — успамінае ён.

Першыя некалькі гадоў яго не пускалі ў школу, але калі яму споўнілася 12, Мо паступіў у 7-ы клас мясцовага Фелтамскага каледжа. Настаўнікам было сказана, што Мо — бежанец з Самалі.

Як распавяла «Бі-бі-сі» яго былая настаўніца Сара Рэні, хлопчык быў недагледжаны, замкнуты і дрэнна ведаў англійскую.

Людзі, якія называлі сябе яго бацькамі, ніколі не з'яўляліся на бацькоўскіх сходах.

Аднак яго настаўнік фізкультуры Алан Уоткінсан адразу заўважыў, як змяняўся падлетак, калі пачыналіся заняткі спортам.

«Падобна на тое, што адзіная мова, якую ён добра разумеў, была мова фізкультуры і спорту», — успамінае Уоткінсан.

І насамрэч, як кажа Мо, спорт быў яго жыццём: «Усё, што я мог зрабіць, каб выбрацца з той жыццёвай сітуацыі, гэта вырвацца на волю і бегчы».

Урэшце ён распавёў Уоткінсану пра тое, хто ён насамрэч, пра сваё мінулае і пра людзей, на якіх ён вымушаны быў працаваць.

Настаўнік паведаміў пра ўсё сацыяльным службам, і тыя зрабілі так, што Мо ўсынавіла іншая самалійская сям'я.

«Вядома, я сумаваў па маёй сапраўднай сям'і, але з таго моманту ўсё стала лепш, — успамінае сэр Мо. — У мяне як быццам груз зваліўся з плячэй, і я зноў стаў самім сабой. Вось тады і з'явіўся Мо. Сапраўдны Мо».

Мо пачаў ствараць сабе імя ў спартыўным свеце і ва ўзросце 14 гадоў быў запрошаны выступаць за школы Англіі на спаборніцтвах у Латвіі. Аднак у яго не было ніякіх дакументаў.

Тады яго настаўнік Уоткінсан дапамог хлопчыку падаць дакументы на брытанскае грамадзянства пад імем Мо Фара, і ў ліпені 2000 года Мо стаў паўнапраўным брытанскім грамадзянінам.

У дакументальным фільме юрыст Алан Брыдак тлумачыць Мо, што, строга кажучы, той атрымаў пашпарт шляхам махлярства або падробкі, і з юрыдычнага пункту гледжання ўлады маглі б пазбавіць яго брытанскага грамадзянства. Аднак у выпадку з сэрам Мо гэта вельмі малаверагодна.

Са слоў сэра Мо, ён наважыўся распавесці сваю гісторыю, каб змяніць уяўленне людзей пра нелегальную міграцыю і рабства.

«Я нават не ўяўляў, як шмат людзей прайшло праз тое ж, што і я. І гэта кажа пра тое, як мне пашанцавала, — прызнаецца ён. — Што па-сапраўднаму выратавала мяне, што зрабіла мяне не такім, як усе, — гэта тое, што я ўмеў бегаць».

Клас
17
Панылы сорам
6
Ха-ха
1
Ого
7
Сумна
11
Абуральна
1