Фота: скрышот сюжэту Белсат
У Кіеў Павел пераехаў з 17 жніўня 2020 года разам з калегамі гурта «Ляпіс 98».
«Пасля выбараў пачаліся масавыя ганенні на музыкаў, чальцоў гурта. Масавыя хапуны маіх сяброў. Гэта было брыдка, страшна, адчувалася бяссілле і безнадзёга. Вельмі падламвала выйсці на нейкі пратэст, проста пад лапаткамі свярбела.
Мне перыядычна прылятала ад сілавікоў, якія на нейтральным ці больш-менш светлым баку, што мяне не бралі, таму што я не актыўнічаў. Але я ў распрацоўцы быў пастаянна», — расказвае Павел.
У Кіеве ён працаваў з бацькам Сяргеем Міхалком. Спачатку быў проста музыкам у гуртах, пасля дырэктарам і тур-менеджарам
За дзень да пачатку вайны Паўла папярэдзілі.
«Хлопцы-аташнікі, фанаты «Брута» пазванілі каля 9-й вечара і сказалі, што ў Расіі поўная баявая гатоўнасць і заўтра а 5-й раніцы 50 на 50, што нападуць», — згадвае ён.
Цяпер музыка з валанцёрамі арганізацыі «Раён №1» дапамагае аднаўляць будынкі ва ўкраінскіх гарадах. Нядаўна яны ездзілі ў Гастомель — рамантаваць пошту.
Фота: скрышот сюжэту Белсат
«Украіна мяне сустрэла сардэчна, дала працу, дала прыстанішча, знаёмствы, сяброў, каханне я тут сваё сустрэў — беларуску, мы з ёй былі сябрамі, а тут у Кіеве закруціліся стасункі, — тлумачыць хлопец, чаму пайшоў валанцёрам. —
Я быў усё жыццё даволі апалітычны чалавек. Мяне не цікавілі падзеі на Данбасе, мяне не цікавілі асабліва іншыя войны. Урок гісторыі быў не самы мой любімы ў школе. А калі пачаліся нагнятання пра вайну, што Расія ўварвецца на тэрыторыю Украіны, мяне ўсё гэта вельмі зацікавіла».
Фота: скрышот сюжэту Белсат
Па словах Паўла, яго знаёмыя ўкраінцы ведаюць пра рэпрэсіі ў Беларусі.
«Але гэта непараўнальныя рэчы. Пратэст, дубінкі, вадамёты, святлошумавыя гранаты — гэта страшна, але гэта не роўня кулям, ракетам, тактычнай зброі, хімічнай. Гэта не роўня масавым расстрэлам, катаванням, выпальванням вачэй, гвалтаванням. Таму я разумею іх азлобленасць, крыўду ў адносінах да беларусаў».






звездный сын сам может подвергся чему-то подобному?