Здымак ілюстрацыйны. Фота: Andrew Harnik
«Мы не будзем пасылаць Украіне ракетныя сістэмы, якія могуць дастаць да Расіі», — сказаў прэзідэнт ЗША. Ён не сказаў, якія менавіта сістэмы ракетнай артылерыі ён меў на ўвазе, і таму многіх збянтэжыў.
Бо большасць сістэм залпавага агню, тэарэтычна, могуць біць па тэрыторыі Расіі з прыгранічных з ёй раёнаў Украіны. Так, як і Расія, як увесь час паведамляюць украінскія памежнікі, абстрэльвае са сваёй тэрыторыі памежныя ўкраінскія вобласці.
Гаворка можа ісці пра рэактыўныя сістэмы залпавага агню (РСЗА) M142 HIMARS і M270 MLRS. Украіна даўно патрабуе даць ёй такую зброю. Некаторыя ракеты, якімі страляюць гэтыя сістэмы, маюць далёкасць у дзясяткі кіламетраў, а некаторыя — да 300. Магчыма, менавіта гэтыя апошнія і меў на ўвазе Байдэн.
Незадоўга да заявы Байдэна ў «Бі-бі-сі» з'явілася інфармацыя, што ўрад ЗША блізкі да станоўчага рашэння адносна пастаўкі комплексаў. Магчыма, сітуацыю хутка растлумачаць у Пентагоне.





