Фота: pixabay.com
Продаж нафты — крыніца магутнасці расійскай эканомікі і, адпаведна, крыніца грошай для ваеннай машыны Масквы. З улікам гэтага ЗША, Брытанія, Канада і Аўстралія забаранілі экспарт расійскай нафты, але ж Еўрасаюзу больш складана гэта зрабіць — краіна імпартуе з Расіі 27% усёй увазной нафты, піша Wall Street Journal.
Еўрапейскія палітыкі таксама разглядалі магчымасць увесці эмбарга на расійскую нафту, але ж пакуль не пайшлі на гэты крок. Яны спрабуюць знайсці залатую сярэдзіну паміж неабходнасцю ізаляваць Расію і жаданнем не нашкодзіць уласным эканомікам праз высокія цэны на энергарэсурсы.
Нягледзячы на адсутнасць афіцыйнага эмбарга, шмат еўрапейскіх энергетычных кампаній самі адмовіліся ад часткі нафтавых пагадненняў з Расіяй. У сакавіку экспарт нафты з Расіі знізіўся, але ж у красавіку Масква пачала вазіць у Еўропу больш нафты. Па адных даных, экспарт нафты з расійскіх партоў у еўрапейскія вырас з 1,3 мільёна бараляў у дзень у сакавіку да 1,6 мільёна ў красавіку, іншыя крыніцы прыводзяць лічбы 1 і 1,3 мільёна бараляў.
Але ж цяпер заходніх пакупнікоў турбуе магчымая рызыка для іх рэпутацыі, звязаная з купляй нафты ў дзяржавы, якую Захад абвінавачвае ў ваенных злачынствах, і ў выніку нафту з Расіі ўсё часцей дастаўляюць у танкерах з паметкай «пункт прызначэння невядомы». У красавіку такім чынам транспартавалі больш за 11,1 мільёна бараляў нафты — больш, чым у любую краіну свету. Пры гэтым да ўварвання ва Украіну нафту падобным чынам амаль не перавозілі.
Навошта гэта робяць?
Нафта вельмі патрэбная еўрапейскім краінам, каб забяспечыць працу эканомікі і спыніць далейшы рост цэнаў на паліва. Але ж кампаніі хочуць купляць яе тайна, каб прадухіліць магчымыя наступствы для сябе праз сувязь з расійская ваеннай машынай.
Што да самой тактыкі не ўказваць пункт прызначэння, раней яна ўжо дапамагала забяспечваць экспарт з краін, якія знаходзяцца пад санкцыямі — у прыватнасці, з Ірана і Венесуэлы. Хутчэй за ўсё, тактыка працуе наступным чынам: у моры расійскую нафту пераносяць на больш вялікія караблі і выгружаюць, а потым змешваюць з грузам новага судна, што не дае магчымасці высветліць, адкуль гэтая нафта.
Тым не менш, шмат расійскай нафты ўсё яшчэ перавозіцца ў Еўропу з дакладнымі звесткамі пра пункт прызначэння. У красавіку колькасць нафты, транспартаванай з Расіі ў Румынію, Эстонію, Грэцыю і Балгарыю, вырасла больш чым у два разы ў параўнанні з сакавіком. Таксама нашмат больш расійскай нафты сталі ўвозіць у Нідэрланды і Фінляндыю.
Справа ў тым, што частка пакупнікоў баіцца магчымага ўвядзення новых абмежаванняў, таму і вядзе цяпер актыўны гандаль, іншыя ж спрабуюць выканаць пагадненні, заключаныя яшчэ да ўварвання. Калі з’явяцца новыя санкцыі, гэта прымусіць пакупнікоў разарваць кантракты.