Трэцяга сакавіка палітвязня Алега Груздзіловіча асудзілі на 1,5 года калоніі. Яго абвінавацілі ў трох эпізодах удзелу ў масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў 2020 года і гвалту. Таксама яму выставілі пазоў на 56 тысяч рублёў.

У апошніх лістах сваёй жонцы Мар’яне палітвязень параўнаў умовы дзвюх турэмных установаў і апісаў сваё штодзённае жыццё ў чаканні пераводу ў калонію. Мар'яна прывезла ў Магілёўскую турму дзве перадачы.

Пра ўмовы ў камеры

«Я ўжо ў новай камеры пераначаваў першую ноч. Коратка пра ўмовы: камера значна большая. Нас тут удвая больш, але і месца нашмат больш. Ёсць тэлевізар, хлопцы яго ўвесь час глядзяць, не засумуеш. Вокны з жалюзі, як трэба. Паветра дастаткова, хоць хлопцы і кураць. Хлопцы ўсе нармальныя. Знаю іх па імёнах ужо, ёсць цікавыя, з розных гарадоў. Як і я, ці чакаюць апеляцыі, ці ўжо пасля яе чакаюць адпраўкі ў калонію.

Хадзілі сёння на прагулку раніцай. Пляцоўка большая (у іншых лістах Алег Груздзіловіч пісаў, што памер дворыка прыкладна 7×5 метраў), чым самая вялікая на Валадарцы. Нармальна! Хлопцы па чарзе дзяжураць. Калісьці і мая будзе чарга, але пакуль я навічок, усё вывучаю, прыглядваюся. Па вечарах збіраюць пошту, як і на «Валадарцы», акрамя пятніцы і суботы…

Буду па-ранейшаму шмат чытаць, але тут крыху горш з гэтым. Святла менш і тлум стаіць, таму яшчэ трэба прызвычаіцца. Вось цяпер па НТВ ідзе «Багіра» (ты ведаеш пра гэты серыял), хлопцы глядзяць, разявіўшы раты, каментуюць, як Светлакоў у «Нашай Рашы», часам смешна. Учора па СТБ ішло «Слабае звяно» — я ўжо і забыў, што ёсць такая перадача. Гэта такое калектыўнае разгадванне крыжаванкі з каментарыямі хлопцаў. Зноў было смешна! Але мяне дык як вяртае ў былое жыццё… Сёння ўвечары атрымаў першы ўрок туркменскай мовы — сустрэў былога студэнта, тварам падобны на тваіх навучэнцаў. Ужо ведаю першыя тры словы, вельмі важныя: men seni söýýäri — «я цябе кахаю»».

«Крыху эйфарыя першых двух дзён спадае. Учора атрымалася кароткая прагулка. Хлопцы самі не захацелі гуляць даўжэй за 30 хвілін, маўляў, дворык невялікі. Сонца, можна гуляць, а яны: «Хадзем дамоў». Для мяне гэта дзіва. А сёння ўвогуле не пайшлі. Маўляў, ідзе дождж. Хаця насамрэч крыху дажджыла. Адношу гэта на тое, што ёсць тэлевізар, дык можна абы-чым заняць мазгі. Ды яшчэ і кураць бясконца».

Пра ежу

«Табе, можа, цікава, а чым жа мы паелі? Суп тыпу расольнік, але нічога, наварысты, на другое ячная каша з мясам і кісель. Адметна, што яшчэ гадзіну таму хлопцы на ўсіх рабілі бутэрброды (хлеб+каўбаска+сыр) з тых агульных прадуктаў, якія атрымалі з перадачы. То бок малайцы, дружненьнка жывём».

Аб прыбіральні

«З «туалетнай» тэмай нават лепш чым на «Валадарцы», дзе быў унітаз, шырма. Тут таксама кабінка, але каменная, таксама шырма-шторка.

Але самае галоўнае, памер камеры такі (плюс яшчэ пастаянна ўключаны тэлевізар), што нічога не чуецца і не адчуваецца».

Малюнак Алега Груздзіловіча

Малюнак Алега Груздзіловіча

Пра турэмную штодзённасць

«Раніцай я працягваю абцірацца халоднай вадой, рабіць зарадку, ну можа не зарадку, а такую размінку, бо на адным месцы доўга не прастаіш. Тут такі броўнаўскі рух: адзін сюды ідзе, другі ставіць кіпяціць ваду, трэці ўжо забірае кіпень, нехта курыць, хтосьці ходзіць туды-сюды, некаму ты замінаеш глядзець «яшчык». Адыходзіць, а ззаду нехта прабіраецца да палічак з прадуктамі…

Дарэчы, калі ты ўключыш а 6:00 БТ-2, ці потым у 7:00 паўтараюць, ты можаш уявіць настрой, які перажываюць хлопцы. Кліпы з «дзяўчонкамі» — любімае відовішча вязняў, а тут жа ў асноўным да 40 гадоў».

У камеры кураць усе, апрача Груздзіловіча

«Ва ўсёй камеры я адзін, хто не курыць, на жаль. Але мне здаецца, што паветра тут усё ж чысцейшае, чым на «Валадарцы», дзе тых, хто не курыць, была палова. Бо там дым разыходзіўся збольшага па ўсёй камеры, выцяжка ішла ў калідор і толькі адтуль дым ішоў у фортку. А тут вентыляцыя самастойная, ды яшчэ і фортка…

Некаторыя хлопцы кураць пачак на дзень, некаторыя палову. Ёсць адзін хлопец, які да турмы ўвогуле не курыў. Навошта ж пачаў? Адказвае: «А што тут яшчэ рабіць?»… Здзіўляюся, наперадзе гады няволі, а яны здароўя не цэняць. Толькі адзін рэгулярна займаецца практыкаваннямі. Іншыя паядуць — адразу кураць, падымуцца — адразу кураць, выйдуць у дворык на прагулку — адразу кураць! Шкада іх, маладыя — дурныя».

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
12
Абуральна
2