Фота: parisbeacon.com

Фота: parisbeacon.com

Усё здарылася 9 красавіка, калі Раналду, форвард «Манчэстэр Юнайтэд», выйшаў на поле ў складзе сваёй каманды на гульню з «Эвертанам». Гульня не ўдалася ні для Раналду, ні для яго клуба: Крышціяну амаль не было бачна на полі, ды і сам «МЮ» выглядаў як уласны цень, хаця букмекеры чакалі ад каманды перамогі. Вынік — 1:0 на карысць «Эвертана», клуба ў стане крызісу. Да таго ж Раналду разбілі галёнку да крыві.

Калі матч скончыўся, фанаты «Эвертана» — гульня праходзіла на хатнім стадыёне клуба — асвіствалі гасцей з Манчэстэра. І Раналду не стрымаўся: ён выбіў з рукі фаната тэлефон, апарат упаў і разбіўся. 

За гэта карыстальнікі сацсетак абрынуліся на Раналду з крытыкай. «Манчэстэр Юнайтэд» паведаміў, што расследуе інцыдэнт, а сам футбаліст папрасіў прабачэння за свае паводзіны.

«Вельмі складана спраўляцца з эмоцыямі ў такія цяжкія моманты, як той, з якім мы сутыкнуліся. Тым не менш мы заўсёды павінны праяўляць павагу і цярпенне і падаваць прыклад усёй моладзі, якая цэніць прыгожую гульню. Я хачу папрасіць прабачэння за сваю порсткасць і, калі магчыма, запрасіць гэтага балельшчыка паглядзець гульню на «Олд Трафард» (хатні стадыён «Манчэстэр Юнайтэд», — «НН») у знак падтрымкі сумленнай гульні і спартыўных паводзін», — сказаў Раналду. 

Зорныя выбачэнні не надта задаволілі маці таго самага фаната. Жанчына, якую завуць Сара Келі, звязалася з журналістамі і расказала сваю версію гісторыі. Сара разам з 14-гадовым сынам Джэйкам Хардынгам сядзела недалёка ад месца, дзе футбалісты праходзілі ў распранальню пасля гульні. Калі міма ішоў Раналду, Джэйк пабачыў, што з нагі ў гульца цячэ кроў, і нахіліўся, каб пабачыць, што здарылася з Крышціяну. Тады Раналду і выбіў тэлефон з яго рук.

Джэйк Хардынг. Фота Сары Келі

Джэйк Хардынг. Фота Сары Келі

Келі распавяла, што для яе сына гэта было першае наведванне футбольнага матчу, і цяпер ён «у поўным шоку».

Хлопец мае аўтызм і дыспраксію (разлад каардынацыі рухаў, — «НН»), ён амаль не ўсведамляў, што адбылося на стадыёне, пакуль не вярнуўся дадому. «На памяць» ад сустрэчы з Раналду ў Джэйка застаўся сіняк на руцэ, разбіты тэлефон і нежаданне яшчэ некалі вяртацца на стадыён.

Мясцовая паліцыя таксама зацікавілася гісторыяй. Цяпер яна вывучае матэрыялы з камер назірання на стадыёне і гутарыць са сведкамі падзей, каб высветліць, ці мела месца правапарушэнне.

 «Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

«У маім сусвеце чалавек, які падтрымлівае вайну, — невылечна хворы». Гутарка з кікбаксёрам Іванам Ганіным

«Самыя страшныя людзі на свеце — ціхоні». Трэнер Алег Дулуб пра вайну і маўклівых спартоўцаў

Клас
0
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
1