«Рэканструкцыя выкліча павялічэнне аўтамабільнага трафіку. Што з ім будуць рабіць?»

«Вуліца Багдановіча плануецца да пашырэння, што прадугледжана генпланам горада», — заявіў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Дзмітрый Мікулёнак, чым выклікаў чарговую хвалю размоў аб зносе прыватных дамоў у Сельгаспасёлку.

Хаця чыноўнік абмовіўся аб тым, што рэканструкцыя плануецца пасля 2025 года, гэта не магло не выклікаць жывой рэакцыі. Тым больш, што «на гэтым участку» генпланам прадугледжанае будаўніцтва метро, а гэта заўсёды суправаджаецца маштабнымі работамі, перакрыццём, змяненнем руху грамадскага транспарту і гэтак далей.

У тэорыі, праз некалькі гадоў Сельгаспасёлак чакаюць вялікія змены.

Цяпер на ўчастку вуліцы Багдановіча, які праходзіць па Сельгаспасёлку, па «паўтары» паласы ў кожным кірунку. Там праходзяць некалькі маршрутаў тралейбусаў, што робіць рух аўтамабіляў некамфортным. Як лічаць эксперты, менавіта гэта ратуе магістраль ад перагрузкі.

Парадокс: як толькі паляпшаюцца ўмовы дарожнага руху — прапарцыйна павялічваецца трафік.

Калі ж планы па пашырэнні будуць рэалізаваныя, то нагрузка таксама павялічыцца ў суседніх вузлах — напрыклад, на шматпакутнай плошчы Бангалор, на вуліцах Шырокай, Мірашнічэнкі, Лук'яновіча, Кальцова і іншых, што таксама запатрабуе ўнясення карэктываў.

Імкненне да пашырэння праезных частак вуліц беларускія чыноўнікі дэманстравалі заўсёды, але эксперты крытыкавалі гігантаманію: «Гэта не вырашае праблему аўтамабільных затораў, бо машыны збіраюцца на святлафорах. Важней карэктна рэгуляваць рух на перакрыжаваннях, а не пашыраць перагоны, умешваючыся ў жывы пласт гарадскога асяроддзя».

«Пра гэта кажуць ўжо некалькі дзесяткаў гадоў. Рэканструкцыя і забудова на «першай лініі» — абмежаваныя»

Самае балючае, што рэканструкцыя важнай гарадской магістралі вымусіць зносіць прыватныя дамы, якія знаходзяцца каля праезнай часткі. Ці гатовыя да гэтага людзі, якія могуць сутыкнуцца з перасяленнем?

Многія, напэўна, памятаюць, якімі скандаламі суправаджаўся знос прыватных дамоў падчас будаўніцтва ўздоўж праспекта Дзяржынскага. Доўгі час на плоце аднаго з іх віселі плакаты са зваротам з абурэннем. Канфлікт быў вычарпаны праз некалькі месяцаў перамоваў.

«Наша Ніва» звязалася з жыхарамі Сельгаспасёлка. На навіну яны рэагуюць даволі спакойна:

«Размовы ходзяць больш за дваццаць гадоў. Планы мяняліся неаднаразова. Спачатку казалі, што будуць зносіць дамы з абодвух бакоў ад праезнай часткі. Потым быццам бы адзін бок удалося адстаяць».

«Усе, хто жыве ў Сельгаспасёлку, ведаюць пра гэтае пашырэнне ўжо вельмі-вельмі даўно, — пацвярджае адна з жыхарак. — І тыя, чые дамы будуць зносіць, да гэтага гатовыя. Ці ўспрымаюць сур'ёзна перспектыву зносу? Не… Гэта, відавочна, будзе яшчэ не хутка. Што тычыцца багатых дамоў, уздоўж вуліцы Багдановіча іх няма, няўжо вы такія сустракалі?»

Адна з жанчын, што жыве побач, выказвае падобнае меркаванне: «Калі б мой дом зносілі, я была б рада, бо мае матэрыяльныя магчымасці не супадаюць з выдаткамі, неабходнымі для падтрымання прыватнага дома ў добрым стане. А яшчэ ў нас няма цэнтральнай каналізацыі. Гэта вельмі вялікая праблема — даводзіцца эканоміць на вадзе. Кошт адпампоўкі выграбной ямы ў дзесяць разоў большы, чым плата за водаспажыванне».

«Гадоў сорак кажуць пра знос на цотным баку вуліцы і дваццаць метраў углыб. Мае родныя, да прыкладу, правялі ваду толькі ў канцы 1980-х, таму што «знясуць жа». Стаміліся чакаць. У 1990-х хто змог, зрабіў прыбудову, павялічыў колькасць паверхаў. Хтосьці паспеў узаконіць. Улетку 2020 года хадзілі інжынеры, рабілі замеры для праекта зносу. Бралі пробы грунту. Кожныя тры гады робяць ацэнку», — апісвае асаблівасці жыцця ў мікрараёне адзін з мінчукоў. 

Фота Onliner

Фота Onliner

Ён жа звяртае ўвагу на тое, што многія былі б рады прадаць дамы, але гэта забаронена: «Нават рамонт зрабіць рызыкоўна. Яго не кампенсуюць (ён не ўвойдзе ў ацэнку ці гэта будуць капейкі), або пройдзеш усе колы пекла, каб унеслі ў тэхпашпарт дома».

Аднак іншы наш суразмоўца сцвярджае, што ёсць і тыя, хто незадаволены планамі ўладаў: «У каго трухлявае жыллё, напэўна, і не супраць пераехаць, але большасць тых, хто жыве ў прыстойных дамах, відавочна, не вельмі хацелі б. Ужо не раз адбіваліся ад гэтых праектаў, збіралі подпісы, і сустрэчы былі з прадстаўнікамі ўлады. Думаю, шмат хто гатовы змагацца за свае дамы і ўклад у жыллё, але там, дзе не да законаў, гэта не так і проста».

Улады Мінска аб прапанове зрабіць Нямігу пешаходнай: «Могуць прынесці нязручнасці мінчукам, якія перасоўваюцца на аўто»

Перамесцімся ў іншы канец вуліцы Багдановіча. Так, да пуцеправода, што быў адкрыты на мінулым тыдні. На важны аб’ект былі накіраваны вялікія сілы, і рух быў адноўлены за месяц.

А цікавасць у тым, што старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў усё ж такі вырашыў адказаць на петыцыю, у якой прапаноўвалі адмовіцца ад аднаўлення пуцеправода і перанакіраваць трафік ў абыход гістарычнага цэнтра.

Чыноўнік заявіў, што прапановы былі пільна прааналізаваныя (а як інакш?): «Аднак варта ўлічваць тое, што гэтыя змены могуць прынесці нязручнасці мінчукам, якія перасоўваюцца на аўто».

У традыцыйнай манеры чыноўнік спаслаўся на нявызначаную групу грамадзян. Аднак, як праводзілася даследаванне грамадскай думкі і ці вывучалася меркаванне аўтамабілістаў, не ўдакладніў. Гэта да пытання аб празрыстасці прыняцця рашэнняў і ўдзеле ў гэтым гараджан.

Эксперты ж сцвярджалі, што ператварэнне Нямігі ў пешаходную зону з выключэннем для грамадскага транспарту надало б імпульс развіццю гістарычнага цэнтра.

Разлікі паказваюць, што вулічнае кафэ на месцы паркоўкі не толькі прыцягвае турыстаў, але і прыносіць у бюджэт горада даходы ў дзясяткі разоў большыя, чым кароткатэрміновая арэнда машынамесца (механізм збору якой, дарэчы, да гэтага часу не адладжаны).

За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Так, рэканструкцыя вуліцы Камсамольскай прайшла не ідэальна. Але месца ажыло, з'явіліся вулічныя кавярні, музыкі, мастакі. Там стала прыемна шпацыраваць і, зразумела, траціць грошы. А што было раней? На вуліцы ў тры рады стаялі аўтамабілі…

«Імаверна, быў узяты стары праект. Сама канструкцыя вельмі простая»

Што ж тычыцца самога пуцеправода і размоў аб яго надзейнасці, то спецыялісты, з якімі пагутарыла «Наша Ніва», мяркуюць: «Імаверна, быў узяты стары праект. Сама канструкцыя вельмі простая, пралёты кароткія. Тыповае збудаванне».

Фота Onliner

Фота Onliner

Аднак ці дастаткова ранейшага вопыту эксплуатацыі вядомай канструкцыі? Раней заяўлялася, што тэсціраванне праводзілася з дапамогай шасці самазвалаў масай па 35 тон кожны.

«Па вялікім рахунку, трэба тэсціраваць з дапамогай датчыкаў на працягу пэўнага часу. Успомніце, як у 2018-м доўга адкрывалі пуцеправод на МКАД (у раёне Ігуменскага гасцінца). Тады такой спешкі не было і выпрабаваць атрымалася ў больш-менш спакойным рэжыме», — гавораць эксперты.

Але вялікай небяспекі яны не бачаць: «Нагрузкі на такіх аб’ектах былі пралічаныя і апрабаваныя даўно. Трэба вельмі пастарацца, каб памыліцца».

Кальцо або радыяльная магістраль?

Наршэце, мінскія ўлады запэўнілі, што плануюць завяршыць работы па будаўніцтве першага транспартнага кальца ў лічаныя месяцы і выйсці на вул. Талстога. «Я думаю, што гэта таксама дасць магчымасць значна знізіць транспартную нагрузку на цэнтральную частку горада», — спадзяецца Уладзімір Кухараў.

Скепсіс экспертаў у тым, што канчатковай развязкай стане складаны вузел з выхадам на Прывакзальную плошчу, якая і так перагружаная ў гадзіну пік.

То-бок прыцягнуць пэўную колькасць аўтамабіляў заўсёды можна, а вось як размеркаваць іх у складанай кропцы — добрае пытанне.

По прагнозах спецыялістаў, нагрузка на першае кальцо павялічыцца, што выкліча найперш цяжкасці на з’ездах і выездах з магістраляў. Спачатку трэба было б падрыхтаваць складаныя вузлы і толькі пасля ініцыяваць павелічэнне патоку.

Увогуле ж, гэта вяртае да адвечнай спрэчкі: у якой з тыпаў вуліц — кальца або радыяльнай магістралі — павінен быць прыярытэт. Пакуль што выйграюць дарогі, якія вядуць у цэнтр горада. Зялёны сігнал святлафора гарыць менавіта для іх.

Чытайце яшчэ:

Чаму ў Беларусі не будуць будаваць новыя дарогі? Меркаванне

Рашэнне аб чарговай «будоўлі стагоддзя» нярэдка носіць палітычны, а не практычны характар. Чаму абвал пуцеправода на Нямізе быў непазбежным

Чаму шкодна марыць, або Чым небяспечныя пражэкты па адраджэнні старога Мінска?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0