Фота: тут і далей фота «Мінск-Навіны»

Фота: тут і далей фота «Мінск-Навіны»

«Раніцай ехала з Вяснянкі да Нямігі на працу. Звычайна дарога займае каля 15-20 хвілін. Але сёння толькі прамежак ад Мельнікайце да Раманаўскай Слабады ехалі каля 20 хвілін, — скардзіцца чытачка. — Нумар аўтобуса —1.

Вельмі дрэнна, што аўтобус цяпер не спыняецца каля метро Фрунзенская. У выніку ён перад Раманаўскай Слабадой стаў мёртва ў заторы і высадзіў людзей яшчэ да скрыжавання. На працу паспела літаральна ўпрытык, хоць села ў аўтобус у 8:12.

Для мяне ў цэнтр горада іншага транспарту няма. Працую на Нямізе, таму мне наогул без варыянтаў. Толькі 1-ы аўтобус і застаўся.

Калі ехаць да метро, то можна яшчэ на 10-м тралейбусе да станцыі «Пушкінская». Але метро таксама не зусім мне зручнае, таму што тут праход пад мостам зачынены, і прыйдзецца ад метро рабіць крук да Палаца спорту, а потым вяртацца назад.

На працы асабіста мой кіраўнік увайшла ў становішча і разумее, што я магу спазніцца не па сваёй віне. Але прайшоў слых сёння ў офісе, што калі рамонт зацягнецца надоўга, то кіраўніцтва кампаніі будзе шукаць новы офіс. Бо яны прыязджаюць на сваіх аўтамабілях, а цяпер не праехаць.

Каб выправіць сітуацыю, на маю думку, трэба зрабіць для грамадскага транспарту выдзеленую паласу па Раманаўскай Слабадзе. Гэта б вырашыла праблему, не прыйшлося б стаяць у заторах».

Другі чытач таксама скардзіцца на заторы.

«Я ехаў з Лебядзінага ва Уручча. Участак ад прыпынку «Гвардзейская» і да наступнага прыпынку праязджаў вельмі доўга, — кажа мужчына. — Асноўны затор быў ад перасячэння Мельнікайце з Гарадскім валам. Там мы стаялі каля 20-25 хвілін. У выніку я дабіраўся на працу на паўгадзіны даўжэй, чым звычайна. Не разумею, чаму 1-ы аўтобус не можа спыніцца каля станцыі метро «Фрунзенская», навошта без прыпынкаў вязе да вакзала? Бо амаль 20 хвілін мы стаялі ў заторы ў раёне метро «Фрунзенская».

Раней я ездзіў на 1-м аўтобусе да плошчы Свабоды, потым ішоў у метро на Кастрычніцкую, бо мне патрэбная «Маскоўская лінія» метро. А цяпер пасля «Гвардзейскай» наступны прыпынак — «Гарадскі вал», гэта як пераехаць ужо Макдональдс. Толькі бяда ў тым, што ты 20-25 хвілін знаходзішся ў заторы, каб туды дабрацца.

Цяпер я б з задавальненнем выйшаў на «Фрунзенскай», там бы ўжо ці праз трэцюю лінію або класічным чынам перайшоў на сваю «Маскоўскую» лінію, але аўтобусы проста не высаджваюць там пасажыраў.

У выніку я спазніўся на працу недзе на 30 хвілін. Незразумела чаму нельга арганізаваць прыпынак каля метро «Фрунзенская»? Тады б мой графік застаўся прыкладна такім жа, спадзяюся, з часам прыпынак там з’явіцца.

У мяне ёсць іншы варыянт, як дабірацца: даехаць да Камароўкі, адтуль на метро. Але там далекавата да станцыі, ды і сёння бачыў, што там таксама быў затор, ад Стэлы і да Машэрава».

Праўда, некаторым сітуацыя падабаецца.

«Еду на працу з Зялёнага Луга да Мяснікова. Пасля абвалу моста на Нямізе даводзіцца прайсці пешшу каля кіламетра, бо канчатковы прыпынак 29-га тралейбуса змясцілі да Опернага тэатра. Але, нягледзячы на нязручнасці, мне ўсё роўна падабаецца, цэнтр значна прыемнейшы без аўтамабіляў. Замест тысяч машын ідзеш разам з сотнямі і тысячамі людзей па ціхім цэнтры.

Час на дарогу павялічыўся, але нязначна. Калі раней да цэнтра дабіраўся хвілін за 40 гэтым транспартам, то цяпер з улікам таго, што неабходна частку прайсці пешшу, атрымліваецца хвілін 50. Транспарт (так выглядае) стаў хадзіць часцей за кошт скарачэння маршруту», — кажа іншы чытач.

Нагадаем, кіраўнік Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў паабяцаў, што новы мост пабудуюць цягам месяца. А па факце абрушэння старога пуцеправода Следчы камітэт завёў крымінальную справу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0