Як распавёў Маркін Reform.by, ён прыляцеў у Кіеў з Грузіі, дзе знаходзіўся са жніўня.

«З дакументамі ў мяне было ўсё ў парадку — у плане ПЛР-тэста і страхоўкі. На пашпартным кантролі ў Кіеве памежнік раптам спытаў, ці былі ў мяне праблемы на тэрыторыі Украіны. Праблем не было, ні да якой адказнасці я не прыцягваўся, так яму і сказаў. Ён паклікаў калегу, яны забралі мой пашпарт і сказалі пачакаць. Затым мяне адвялі ў кабінет начальніцы змены. Яна выдала мне паперу, што мне забаронены ўезд ва Украіну. Прычыну мне не патлумачылі, мне здаецца, начальніца была ў курсе, але агучваць мне не захацела», — кажа малады чалавек.

Начальніца змены прапанавала Арцёму адправіцца назад у Батумі за кошт авіякампаніі, што яму і давялося зрабіць.

«Па прылёце ў Грузію ля трапа мяне сустрэлі паліцэйскія», — дадае хлопец. — «Пашпарт адразу не аддалі. Адвялі таксама да начальніка змены, ён спытаў, чаму мяне не ўпусцілі ва Украіну, пацікавіўся, што мне пагражае ў Беларусі. Пасля гэтага мне ўручылі акт аб вяртанні пасажыра, аддалі пашпарт і адпусцілі без прэтэнзій».

Маркін паказаў рашэнне аб адмове ў перасячэнні мяжы, якое яму выдалі ў Украіне. Прычынай адмовы там пазначана: «У дачыненні да асобы маецца рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа аб забароне ўезду ў Украіну». Што гэта за орган, калі і чаму ён наклаў забарону, на які тэрмін — усё гэта ў дакуменце не пазначана, вусна беларусу гэтага таксама ніхто не патлумачыў. Арцём Маркін мае намер звяртацца ў Службу бяспекі Украіны, каб атрымаць адказы на гэтыя пытанні.

З'ехаць з Беларусі Маркін прыйшлося з-за сур'ёзнай пагрозы арышту. Арцём — анархіст. Яго аднадумцаў у Беларусі пераследуюць пад рознымі падставамі даўно. У Мінску ён быў актывістам ініцыятывы «Ежа замест бомбаў» — раздаваў ежу бяздомным.

Але ў сакавіку ў кватэру, якую Маркін здымаў разам з сябрамі-анархістамі, прыйшоў з ператрусам ГУБАЗіК. Арцёма і суседзяў затрымалі і асудзілі па артыкуле аб несанкцыянаваным пікетаванні, хлопцу далі 15 сутак. А ў пачатку жніўня гэтых жа суседзяў Арцёма затрымалі ўжо паводле крымінальнага артыкула за ўдзел у пратэстах (ч. 1 арт. 342 КК). І 4 жніўня Маркін спешна пакінуў Беларусь. Праз шэсць дзён сілавікі прыйшлі ў гэтую ж кватэру з ператрусам паводле крымінальнага артыкула ўжо ў дачыненні да самога Арцёма.

У тыя ж дні сілавікі канчаткова разграмілі і друкарскі кааператыў «Лістоўка», дзе Маркін да вясны працаваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0