2 красавіка з палігона ў Брэсцкай вобласці збег 19-гадовы салдат тэрміновай службы Аляксандр Караткевіч. Хлопец з'ехаў на грузавіку, з сабой у яго была зброя. Аўтамабіль пазней знайшлі на абочыне ва Ушацкім раёне Віцебскай вобласці, а салдата знайшлі толькі праз два дні ў адной з вёсак Ушацкага раёна. Пра тое, што хлопец знаходзіцца там, міліцыі паведамілі мясцовыя жыхары. Салдата затрымалі, нагадвае kp.by.

Мама Аляксандра, Таццяна, кажа, што навін пра сына ў яе мала.

— Мне самой так хочацца нешта ведаць! Але мне нічога не кажуць, усё ціха. Спатканняў у нас не было, ідзе следства. Сказалі — пазней. Я не ведаю, чаму, але мяне не трымаюць у курсе, я не ведаю, калі павінна завяршыцца расследаванне.

Таццяна атрымлівае лісты ад сына. У іх Аляксандр нешматслоўны: імкнецца супакоіць маму, але нічога не абяцае.

— Ён у мяне сам па сабе спакойны. Як бы там ні было, ён будзе імкнуцца не казаць, каб мяне не хваляваць. Бо я дзяцей адна гадавала і ён мяне вельмі шкадуе, нічога не скажа, нават калі ёсць нешта дрэннае. Просіць не хвалявацца, не плакаць — а што дзіця яшчэ можа напісаць, каб маці супакоіць? «Усё будзе добра» таксама не піша. Ён хлусіць не будзе, лепш прамаўчыць, чым надзею дасць.

Жанчына кажа, што стараецца не плакаць — аб гэтым у кожным лісце просіць сын.

— Калі жывеш на таблетках, то атрымліваецца. Без таблетак — не надта. Калі стаў часцей пісаць, і мне стала лепей. Першы час толькі жыла на гэтых таблетках.

Пра прычыны ўцёкаў Аляксандра з часці яго мама не ведае.

— Што яго справакавала на гэта — нават думак няма. Я ўпэўненая, што не з-за дзяўчыны. Я адно ведаю: яму падабалася ў войску, вельмі падабалася. Калі шчыра, ён гэтым нават ганарыўся. Што магло адбыцца, я не ведаю. Дзіця тэлефанавала, было шчаслівае, а потым такі рэзкі пераварот.

***

Пасля інцыдэнту ў Мінабароны паведамлялі, што ў салдата не было заўваг па службе, кіраўніцтва ахарактарызавала яго станоўча. Паводле адной з версій, хлопец мог з'ехаць да сваёй дзяўчыны ў Полацкі раён. Салдата шукалі ў 11 раёнах Віцебскай вобласці: там працавала міліцыя рэгіёна, унутраныя войскі, АМАП падраздзялення Міністэрства абароны.

Бабуля, якая дапамагла злавіць беглага салдата: «Кажу яму: дзетачка, ідзі ад мяне, я нікому не скажу, толькі ідзі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?